Пра работу ў “Астравецкай праўдзе” ўспамінаюць яе былыя супрацоўнікі
09:00 / 29.05.2026
…З неперадавальнымі пачуццямі гартаю старонкі другой часткі кнігі «Праз гады і газетныя старонкі», якая толькі што выйшла з друку. Так, я ведаю яе амаль на памяць – я ж яе пісала! І тым не менш пільна ўглядваюся ў кожную рысачку-староначку: тут здымак цемнаваты, трэба было б пасвятліць… А тут коска прапушчана… А тут у подпісе да здымка прапусціла вельмі дарагога мне чалавека – эх… І як было не заўважыць пры вычытцы? Ды што ўжо ж цяпер? Кніга надрукавана – цяпер не паправіш.
Выхад новай кнігі нездарма параўноўваюць з нараджэннем дзіцяці. Яе, як і немаўля, выношваеш доўга і пакутліва (неабавязкова 9 месяцаў, у мяне гэты працэс зацягнуўся значна даўжэй), і ўсялякія там праблемы-«таксікозы» дакучаюць: то сарвалася чарговае інтэрв’ю; то нехта абяцаў напісаць свае ўспаміны, ды ў апошні момант адмовіўся; то хвароба вывела са строю; то друкарня затрымлівае вёрстку…
Але ж вось яна, нованароджаная «дачушка», выпакутаваная, доўгачаканая, прыгожанькая, пухленькая… Пахне… Не, не малачком, а друкарскай фарбай, але водар гэты не менш прыемны. І аўтара-матулю перапаўняе невыказнае шчасце… А яшчэ – жаданне, каб дзіцятка спадабалася людзям, каб жыццё ў яго было доўгім і шчаслівым…
Напэўна, такія ж ці падобныя пачуцці адчуваюць і героі гэтай кнігі – мае суаўтары, якія напісалі некаторыя яе старонкі ці расказалі ў інтэрв’ю, што для іх «Астравецкая праўда». Хочацца верыць, што работа ў рэдакцыі стала для іх не проста чарговым месцам працы, а нечым большым, прычым нягледзячы на тое, колькі часу яны працавалі ў газеце і які след у ёй пакінулі.
Зрэшты, паслухайце іх саміх…
Наталля Мяшкова, загадчык аддзела радыёінфармацыі, працавала ў «АП» у 1991-1997 гадах:
– Накіравалі мяне павучыцца, як рабіць і запісваць радыёперадачы, у Маладзечна, там шмат гадоў працавалі прафесійныя радыёжурналісты муж і жонка Лазоўскія: ён уласным карэспандэнтам беларускага радыё, яна рэдактарам раённага. Прыехала. Паглядзела… Алесь і Галіна ўсё расказалі, паказалі. Але ж… У іх прафесійная радыёстудыя, мікрафоны, дыктафоны… У нас – магнітафон «Беларусь» і нават кабінета асобнага няма. Каб запісаць радыёперадачу, я чакала, калі ўсе пойдуць з работы і ў рэдакцыі ўсталюецца цішыня. Пазней на вузле электрасувязі адгарадзілі катушок, які павінен быў лічыцца радыёстудыяй, але назваць так гэты адбіты вагонкай пакойчык, дзе ўсе гукі не тое што не гасіліся а, здаецца, узмацняліся, можна было толькі пры вельмі багатым уяўленні.
Інэса Багдзевіч (Сваток), карэспандэнт, працавала ў «АП» у 1993-1996 гадах:
– Усе мае спробы пяра галоўны рэдактар Ніна Аляксееўна Рыбік цёпла падтрымлівала. А праз некалькі месяцаў уручыла мне пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта газеты. Ад гэтай кніжачкі перахапіла дыханне! Яна адкрывала шлях да розных таямніц, цікавых людзей, забароненых мясцін. Сёння дзеці растуць з тэлефонам у руцэ і ўмомант могуць даведацца пра што заўгодна дзякуючы інтэрнэту. У нас такой магчымасці не было. А каб і была, то мне падалося б мала: усюды хацелася пабыць самой.
І я пабыла. Паглядзела, як працуе мясцовы тэлерэтранслятар. Як выглядае Бліканская гара, пра якую расказвалі, што ўнутр яе вядуць падземныя дзверы (праўда, я іх так і не знайшла). Адкрыла для сябе Сарачанскія азёры: залаціста-жоўты пясок, празрыстая, нагрэтая сонцам вада, беласнежныя пялёсткі гарлачыкаў… Відовішча – як мара!
Галіна Францкевіч, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі, працавала ў «АП» у 1992-1998 гадах:
– Настаўнікам у прафесіі для мяне стала Таісія Сямёнаўна Сямёнава, у тыя гады Бушык. Карпатліва і скрупулёзна яна ўчытвалася ў мае творчыя завіхрэнні і па-таварыску тлумачыла, як неабходна падбіраць словы, будаваць сказы, каб яны заіскрыліся прыгожым складам.
А тое, што вырабляла з маімі доўгімі, так шчыра і падрабязна напісанымі матэрыяламі рэдактар Ніна Аляксеўна Рыбік, іншым разам даводзіла да слёз. Прыветная і добрая па характары, яна бязлітасна крэсліла такую, мне здавалася, важную і прыгожую «ваду», пакідаючы сутнасць артыкула, паўтараючы чэхаўскае: «Краткость – сестра таланта». З цягам часу рэдактар прывучыла мяне «не растекаться мыслию по древу», а выказваць думкі ёмка, вобразна і лаканічна.
Антон Мальшэўскі, «універсальны журналіст», працаваў у «АП» з 2007 па 2013 і з 2014 па 2019 гады:
– Час маёй работы ў «раёнцы» стаў часам эксперыментаў і развіцця. Хто ведае, што сучаснае тэлебачанне Астраўца пачыналася з віншавальных відэаролікаў для асабістага карыстання? А на мясцовым радыё некалі іграў выключна рок? І, хочацца спадзявацца, што ў тым, як выглядае сёння «Астравецкая праўда» і рэдакцыя, ёсць і мая пэўная заслуга.
Вядома, бывалі «касякі». Здаралася, працавалі да трох гадзін ночы… Але час сцірае ўсё благое і ў памяці застаюцца толькі добрыя ўспаміны.
Што для мяне рэдакцыя «Астравецкай праўды»? Напэўна, адно з тых месцаў, куды хочацца вяртацца. Прычым гаворачы «рэдакцыя», я маю на ўвазе людзей. Колькі прыгод, колькі вандровак, вечарын, карпаратываў, будняў і святаў мы прайшлі разам!
Іна Дужык (Бычак), адказны сакратар, працавала ў «АП» з 1993 па 1995 гады:
– Тэарэтычныя веды і практычныя навыкі – рэчы, безумоўна, розныя. Мне шчасціла на настаўнікаў. Што ў школе, што ва ўніверсітэце, што ў «Астравецкай праўдзе».
Калектыў рэдакцыі быў творчы. Кожны – асоба. Па-іншаму не магло і быць: планку задавала рэдактар – няўрымслівая, заўжды з новымі ідэямі, поўная творчых планаў. Гэта натхняла.
Пісалі тэксты спачатку ад рукі. Ды яшчэ на беларускай мове. І гэта быў неацэнны вопыт. Даводзілася думаць над кожным словам, каб не накрэсліць вельмі шмат, увесь час штудзіраваць руска-беларускі слоўнік. Спачатку гэта крыху нервавала, а затым прыйшла асалода ад адчування прыгажосці роднай мовы.
З павагай успамінаю добрым словам усіх, з кім давялося працаваць на працягу двух гадоў.
Андрэй Памецька, фотакарэспандэнт, працаваў у «АП» з 2009 па 2012 і з 2013 па 2017 гады:
– Калі я ўладкоўваўся ў рэдакцыю газеты «Астравецкая праўда», то спадзяваўся на нешта новае і незвычайнае ў сваёй працоўнай дзейнасці, што ў прынцыпе і атрымалася. А калі да гэтага яшчэ дадаць, што калектыў «АП» вельмі дружалюбны, а кіраўнік мудры і разумеючы, то можна сказаць, што мяне работа больш чым задавальняла.
А што тычыцца не зусім блізкай па вясковых мерках адлегласці ад дому да месца працы, то нават падабалася значную частку часу праводзіць у дарозе. Хаця апошнім часам гэтая частка майго жыцця перайшла з катэгорыі прыемнай у не вельмі танную.
У першы дзень, чаго хітраваць, было страшна. Мяне адправілі на лінейку ў гімназію, а потым адразу ў Астравецрайгаз, адкуль трэба было прывезці што-небудзь прыстойнае, каб паставіць на першую старонку газеты. Розныя думкі круціліся ў галаве: ці атрымаецца, ці, можа, у першы ж дзень завалю ўсю справу і на бліжэйшыя два тыдні можна будзе развітацца са спакойным сном? Але ж з цяперашняга пункту гледжання, думаю, з заданнем справіўся і так моцна хвалявацца не варта было.
Вольга Шоўкун, загадчык аддзела эканомікі,працавала ў «АП» з 2009 па 2019 гады:
– Добра памятаю першае рэдакцыйнае заданне. Разам з фатографам Андрэем Памецькам, дарэчы, таксама навабранцам, нас адправілі рыхтаваць матэрыял у Астравецрайгаз. Сказаць, што хвалявалася, – нічога не сказаць. Добра, што тагачасны кіраўнік прадпрыемства Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч з разуменнем аднеслася да маладой нявопытнай журналісткі і расклала мне ўсё па паліцах. Заставалася самае малое – напісаць матэрыял. Памятаю: вярнулі мне яго ўвесь чырвоны. Няўжо заваліла ўсю справу? Калегі суцешылі: «Не перажывай! Гэта яшчэ нармальна! Бывае і горш…»
А якім бальзамам на душу былі словы Таісы Сямёнавай, калі я не без хвалявання здала на вычытку свой першы «Аўтарскі ракурс»: «З добрым пачынам! Так трымаць!»
Ганна Чакур, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі,працавала ў «АП» з 1998 па 2014 гады:
– Найцікавей мне пісаць на гістарычную тэму. Прычым не агульнагістарычную – яна павінна хаця нейкім чынам тычыцца мінуўшчыны Астравеччыны, замалёўваць яе чарговую белую калі не плямку, то хоць бы кропачку. І ўжо ў гэтым кантэксце… Кожны чалавек, як піша Каэльа, – творца гісторыі, кожны – цэнтр Сусвету. Чым далей знаёмлюся з людзьмі, тым больш у гэтым упэўніваюся.
Можа, каму з чытачоў падасца, што пісаць пра людскія лёсы вельмі проста, маўляў, чалавек расказвае, а журналісту што – сядзі ды запісвай. На самой справе часам атрымліваецца, што выслухаць чужую споведзь, блізка да душы прыняць чужое гора і радасць куды цяжэй, чым прыдумаць байку. Гэтае чужое, бывае, пранікае так глыбока і трымае так моцна, што ўздзейнічае на цябе, як цяжкая хвароба, пасля якой адыходзіш тыднямі.
Алена Масейка (Місюкевіч), загадчык аддзела радыёінфармацыі, працавала ў «АП» з 2004 па 2008 гады:
– Праз месяц работы мяне накіравалі на радыё. Неяк паступіла заданне запісаць выступленне начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі да раённага свята «Дажынкі» – яно павінна было адкрываць свята. Я да начальніка, а ён не ідзе на кантакт: то заняты, то на выездзе, то «давайце пазней»… А час, між тым, падціскае! Ніна Аляксееўна выслухала мае стогны і енкі і спакойна гаворыць: «Бяры магнітафон, садзіся ў прыёмнай і чакай… Да «Дажынак» яшчэ двое сутак – некалі ж ён з’явіцца на рабочым месцы. А ты што думала: у рай трапіла? Журналісцкі хлеб – ён такі… Не пускаюць у дзверы – лезь у акно!» Так і зрабіла. Гадзіну чакаю ў прыёмнай, дзве, тры… Познім вечарам начальнік усё ж з’явіўся – я выканала заданне і ўздыхнула з палёгкай. А калі раніцай з дынаміка гучалі яго словы віншаванняў, я слухала іх як гераіня: баявое хрышчэнне прайшла паспяхова!
Эдуард Свірыд, карэспандэнт, працаваў у «АП» з 2008 па 2013 гады:
– Мне з першых дзён у рэдакцыі было вельмі лёгка, я б сказаў: душэўна камфортна. Жыццё тут віравала: сёння адно, заўтра другое. Я займаўся тым, што мне падабалася: штодня новыя тэмы, людзі, сустрэчы, знаёмствы, новыя веды і вопыт. І ў калектыў уліўся без праблем. Мяне адразу прынялі за свайго, чаго не ведаў ці не ўмеў – расказалі, паказалі. Ніна Аляксееўна навучыла карыстацца фотаапаратам, растлумачыла, што такое ЛІД і як ён пішацца, якімі павінны быць загалоўкі. Надзея Аляксандраўна паказала, як матэрыял дзяліць на калонкі. Таіса Сямёнаўна навучыла заварваць каву, якую да таго не піў. Дарэчы, адзіны мінус ад работы ў рэдакцыі – тое, што я стаў каваманам. Да таго раніцай піў чай – і ўсё, у мяне нават чайніка ў кабінеце не было.
Аляксандр Сянюць, карэспандэнт, працаваў у «АП» з 2005 па 2009 гады:
– У нас у той час быў цудоўны калектыў. Не ведаю, рэдакцыя была такім магнетычным месцам, дзе ўсім хацелася працаваць, ці гэта заслуга рэдактара. Так, кожны жыў са сваімі тараканамі, але ў цэлым мы былі адной камандай, якая выдавала класны прадукт – топавую газету рэспубліканскага ўзроўню. Ды і не кожная цэнтральная газета дацягвала да тагачаснай «Астравецкай…» – гэта я зразумеў ужо пасля, калі змяніў месца жыхарства і працы і меў магчымасць глядзець на рэчы аб’ектыўна і параўноўваць.
Текст:
Нина Рыбик
Фото:
из архива АП
Поделиться: