Целевое обучение – гарантия стабильного будущего: мнения экспертов и абитуриентов

12:00 / 27.05.2026

Да выпускнога застаецца менш за месяц – фінішная прамая школьнага жыцця ўжо вельмі блізка. Наперадзе ў адзінаццаці­класнікаў адзін з самых адказных этапаў: здача цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання, атрыманне доўгачаканага атэстата і «штурм» абранага ўніверсітэта. Пры гэтым многія старша­класнікі загадзя забяспечылі сабе ўпэўнены старт, зрабіўшы стаўку на мэтавае накіраванне. 

У апошні час вучоба па такім прынцыпе – гэта адзін з драйвераў развіцця эканомікі і кузня кадраў для многіх сфер жыццядзейнасці. Такі фармат выгадны кожнаму: працадаўца знаходзіць неабходных супрацоўнікаў, вышэйшыя навучальныя ўстановы развіваюць праграмы, а студэнт атрымлівае бясплатную адукацыю, падтрымку, у тым ліку грашовую, і гарантаванае працоўнае месца адразу пасля атрымання дыплома.Паспрабуем разабрацца ў канк­рэтных перавагах мэтавага накі­равання на прыкладзе сферы адукацыі і сельскай гаспадаркі раёна. 

Сказана Прэзідэнтам

Аляксандр Лукашэнка:

– Мэтаваму набору варта надаць сур’ёзную ўвагу. Ад гэтага мы нікуды не адыдзем, таму што нам патрэбны і настаўнікі, і ўрачы, і аграномы, і заатэхнікі на канкрэтным месцы ў канкрэтным рэгіёне. І людзі, якія хочуць паступаць у вну і несці абавязацельствы па мэтавым прызначэнні, ёсць. Іх хапае. Таму трэба падтрымліваць. У асноўным гэта годныя людзі, якія ідуць і працуюць.

Працэсфарміравання мэтавага набору:
  1. да 20 сакавіка заці­каў­леныя ў спе­цыя­лістах прад­прыемст­вы і арга­нізацыі адпраўляюць заяў­кі ў про­фільныя ведамст­вы;
  2. да 15 красавіка дзяр­жаўныя органы накі­роўваюць зводную інфар­мацыю ў вну;
  3. да 1 мая зацвярджаецца канчатковая колькасць мэтавых месцаў. 
Цікавыя факты, новаўвядзенні, асаблівасці 

  • З гэтага года арганізацыі-заказчыкі павінны заключаць дагаворы з усімі абі­турыентамі, якія хочуць вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. 
  • Абітурыенты з мэтавым накіраваннем падаюць дакументы і здаюць экзамены раней за асноўную ўступную кампанію. Гэта дазваляе ўдзельнічаць у агульным конкурсе пры непаступленні на мэтавае месца. 
  • Мэтавікі ў прыёмную камісію падаюць два сертыфікаты цэнтра­лізаванага экзамена і здаюць адзін унутраны іспыт у вуснай ці практычнай форме па профільным прадмеце. Конкурс будзе выстройвацца на аснове сум сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і атрыманай адзнакі. 
  • Асаблівасць гэтага года: у экзаменацыйныя білеты па фізіцы, матэматыцы, хіміі і біялогіі ўключаны практычныя заданні. 
  • Часцей за ўсё парог сярэдняга бала атэстата не павінен быць ніжэй за 7. Але ёсць выключэнне – гэта найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці (адшукаць іх можна ў Пастанове Міністэрства адукацыі №44 ад 09.02.2023 г.). 
  • У гэтым годзе прыём дакументаў у мэтавікоў працягнецца з 27 чэрвеня па 2 ліпеня. Залічэнне завершыцца да 12 ліпеня. 
Актуальна

На сайце Міністэрства адукацыі размешчана інфармацыя пра колькасць месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Лічба

Каля 6,3 тысячы мэтавых месцаў у 34 вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны зацверджана ў гэтым годзе  

Алгарытм атрымання

Для заключэння дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы варта звяртацца ў арганізацыі, для якіх зацверджаны месцы. Акрамя гэтага дадатковую інфармацыю можна атрымаць у галіновых профільных структурах. Спецыялісты раяць школьнікам не цягнуць з гэтым пытаннем і напачатку вучобы ў 9 ці 11 класе канчаткова вызначыцца з будучым працадаўцам і прафесіяй.  Дарэчы, абавязковай «прывязкі» па тэрытарыяльным прынцыпе няма: абітурыент па жаданні можа ўзяць накіраванне з арганізацыі, якая размешчана ў іншым горадзе і нават вобласці. 

Акцэнтую ўвагу на важным нюансе: паступленне па мэтавым накіраванні магчыма толькі пры наяўнасці конкурсу. Але гэта не тычыцца найбольш запатрабаваных у эканоміцы спецыяльнасцей. Калі, напрыклад, ваша дзіця хоча стаць ветэрынарам ці аграномам, то гаспадарка дасць яму «імянное» накіраванне.

Кампетэнтна

Вольга Балунда, галоўны спецыяліст па кадрах аддзела адукацыі:

– Штогод да 30 сакавіка прымаем заяўкі ад выпускнікоў 9 і 11 класаў на выдзяленне месцаў для атрымання мэтавага накіравання. Прыём абітурыентаў у такім выпадку ажыццяўляецца, калі на месца прэтэндуе больш за аднаго чалавека – і гэта ў межах раёна, раней было ў вобласці. Пры гэтым заказчыкам выступае не аддзел адукацыі, а канкрэтная ўстанова адукацыі. 

Найбольшай папулярнасцю ў старшакласнікаў карыстаюцца спецыяльнасці «пачатковая адукацыя», «псіхалогія» і «спецыяльная і інклюзіўная адукацыя». Найбольш запатрабаваныя – фізіка-матэматычнага профілю.

Лічба

За апошнія тры гады ў раёне з заключэннем дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы паступіла 36 выпускнікоў. У гэтым пададзена 14 заявак.

Анастасія Мацкела, галоўны спецыяліст аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

– Аграпрамысловаму комплексу раёна патрэбны заатэхнікі, аграномы, ветэрынарныя ўрачы. Мне здаецца, што мэтавае накіраванне па гэтых спецыяльнасцях – ідэальны варыянт для тых юнакоў і дзяўчат, якія хочуць звязаць будучыню з сельскай гаспадаркай. Па-першае, гэта адсутнасць конкурсу. Па-другое, канкрэтная грашовая падтрым­ка. Гаспадарка-заказчык устанаўлівае памер даплаты, прычым яна не залежыць ад паспяховасці вучобы. Напрыклад, студэнты вну дадаткова да стыпендыі атрымліваюць да 10 базавых велічынь, сярэдніх спецыяльных устаноў – да 7, прафесійна-тэхнічных – 5. 

Зазначу, што вытворчую практыку студэнт будзе праходзіць на базе гаспадаркі, якая выдала мэтавае накіраванне. Пры працаўладкаванні пры заключэнні кантракта на 5 гадоў маладому спецыялісту выплочваюць да  6 тысяч рублёў, а заатэхнічна-ветэрынарнага профілю – да 9 тысяч.

Лічба

У гэтым годзе ў раёне заключана 11 мэтавых дагавораў, летась – 9, пазалетась – 4.

Слова абітурыентам

Мікіта Пясляк і Арсеній Часнойць, сярэдняя школа №2 (абодва паступаюць у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт ад КСУП «Гервяты»):

Мікіта:

– Калі прадстаўнікі розных арганізацый у школе праводзілі прафарыентацыйныя сустрэчы, асабліва мяне зацікавілі расповеды спецыялістаў з КСУП «Гервяты». Параіўшыся з бацькамі, вырашыў браць мэтавае накіраванне ад гэтай гаспадаркі. Планую стаць інжынерам.

Арсеній:

Мяне таксама зацікавілі ўмовы, якія прапаноўваюць у КСУП «Гервяты» для будучых студэнтаў. Па-першае, гэта персанальнае накіраванне. Па-другое, адчувальная даплата да стыпендыі. Па-трэцяе, канкрэтнае месца работы на радзіме. Спыніўся на спецыялізацыі «энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі.

Вольга Адула, Варнянская СШ:

– Планую паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, каб здзейсніць сваю мару:  стаць настаўніцай пачатковых класаў. Калі я ў 10-м выбрала педагагічны профіль, многія думалі, што гэта проста працяг мамінага шляху. Але гэта мой выбар. Я зразумела, што хачу дапамагаць дзецям адкрываць сябе. Хачу быць тым чалавекам, які можа сказаць: «Ты важны. Ты здольны. Ты можаш». І ведаць, што гэтыя словы могуць змяніць жыццё.Таму вырашыла скарыстацца магчымасцю ўзяць мэтавае накіраванне. Яго свядома бяру ад роднай Варнянскай школы. Мая ўпэўненасць у будучыні – гарантаванае працаўладкаванне. Але найважнейшай перавагай лічу магчымасць вярнуцца на радзіму. Я вельмі люблю свой родны край і хачу жыць і працаваць менавіта тут, прыносіць карысць сваёй зямлі.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива героев