Лёс даўжынёй у дзевяць дзесяцігоддзяў: жыццёвы шлях Караліны Следзевіч

14:00 / 26.05.2026
Лёс часам бязлітасна перамолвае чалавека жарнавамі выпрабаванняў, не пакідаючы, здавалася б, ніводнага шанцу. Але дробнае і непрыкметнае на першы погляд зярнятка людскога духу насуперак усім напасцям і няшчасцям прабівае тоўшчу непераадольных перашкод, імкнучыся да святла і новага жыцця. 

Так і Караліна Казіміраўна Следзевіч з вёскі Жарнэлі, якая ў гэты дзень разам з роднымі і блізкімі святкуе свой 90-гадовы юбілей, не зламалася – нягледзячы на сіроцкае дзяцінства і гаротную долю, напоўненыя цяжкай працай, верай у Бога і вялізным жаданнем жыць і падсвядомым імкненнем быць годнай памяці бацькоў і прадзедаў…

– Я з вёскі Раголішкі, што ля самай граніцы з Літвой, кіламетр да Жарнэляў. Сем гадочкаў сышло, як засталася сіратой. Маці памерла з родаў. Дзяўчынка выжыла. Шасцёра нас засталося: пяць сясцёр і адзін брат… 

Сям’я наша была вельмі багатай і заможнай, але ўсё са сваёй працы мелі: і зямлі шмат, і лес свой. 

Як мамы не стала, тата адразу ўзяў служанку – жанчыну ў гадах. Яна гадавала самую маленькую сястрычку і есці нам варыла. А як яго не стала (мне было дзевяць гадкоў), усё вынасіла, што магла. 

Памятаю, выязджаў татка на аперацыю і даваў наказ нам, малым, каб слухаліся суседскага дзядзьку. Гэта быў ужо чалавек у гадах, меў сына дэпутата. 

– Слухайцеся яго, дзеці, не саромцеся раіцца, усё падкажа; па агародах і садах чужых не бадзяйцеся; жывіце сваім мазалём». Відаць, прадчуваў, што не пабачымся пасля аперацыі. (Цяжка ўздыхае.) 

Нас хацелі забраць у дзіцячы дом. Мы гэтага дзядочка на каленях прасілі, каб яго сын-дэпутат за нас заступіўся. А інакш усё ж змарнуецца: і зямля, і гаспадарка… Дзякуючы добрым людцам за­сталіся ў сваёй хатцы. Тата шмат нам пакінуў, каб застаўся жы­вым, відаць, прызналі б кулаком…

Бацькі трымалі мноства ка­роў, коней. Быка, напрыклад, га­давалі да пяці гадоў, каб скура была грубая. Сам яе і вырабляў, каб усе з сям’і мелі верхнюю вопратку. Шылі яе, як сыходзілі Задушкі. Мы ўсе былі абутыя і апранутыя нібы з іголачкі. А колькі запасу скуры мелі! 

Пасля вайны ўсяго ж было – і голад, і нястача. А мы не бедавалі, і ў людзей нічога не прасілі, як маглі, так самі і стараліся.

 Калі бацька быў жывы, столькі родзічаў знаходзілася: «Казік, выручы, пазыч збожжа, нажнём – аддадзім», «Сена дай, а адпрацуем ці ўплоцім». Як яго не стала – усе прапалі, як рукой са стала хлебныя крошачкі змяло. Ніхто дзверы не адчыніў. Толькі адзін чалавек прыходзіў са Слабодкі, што – кольвек дапаможа, падвучыць, брату пакажа, як касу падкляпаць ці кабану ў нос дрот завесці… На тым і ўся дапамога.

І людцам у вёсцы да нас справы не было – кожны выжываў як мог. Дай бог справіцца са сваёй гаспадаркай і зямлёй. Працавалі самі, як валы, якая ім справа да сірот. 

Парабак пры нас пасля смерці таты яшчэ два гады быў. Харошы хлопец, халасцяк. З маім братам удвух і аралі, і сеялі, каб і хлеб быў і да яго што. Шэсць душ у хаце, а найміт – сёмы. Праўда, на зіму сыходзіў дадому, у нас быў толькі ўвесну і восенню. 

У дзесяць гадоў зімой са старэйшым братам у лес ездзіла па дровы. А хто, калі не я? І начальства нас не чапала, таксама людзі – ведалі, што гаротныя. 

– Жалі тады сярпамі. Шмат пабудоў мелі. Памятаю, у нас быў вялізны двухпавярховы свіран. Дык там усё складвалі. Бацька пчолы трымаў, там захоўваліся і цэнтрыфуга, і рамкі. І зярна шмат, бо зямлі дужа. Пры гэтым будынку была і газоўня, як мы яе называлі. Таксама двухпавярховы будынак: на першым летам захоўвалася ўся зімовая конная збруя: брычка, упражка, барана. Зіма заходзіць – усё наверх падымалі, а адтуль даставалі санкі, каб і лес вазіць, і самім ездзіць. Усюды ў нас быў лад і парадак. 

Мне тады было 14 гадоў, калі ў  калгас імя Калініна ў палявыя пайшла. Тут працавалі ўсе, хто мог: і жанчыны, і мужчыны, і падлеткі. Грошай не плацілі – ставілі працадні. Толькі раз у год давалі крыху збожжа.

Пазней вазіла малако ў Быст­рыцу. Там быў сепаратар,  па якім яго праганялі, а назад прывозіла адгон калгасным свінням. І мне гэтая работа здавалася такой лёгкай у параўнанні з палявымі! Мне і цяпер каня «залажыць» як плюнуць. Супонь парвалася – папраўлю, тут расцягнулася – зраблю, бо назаўтра конь паб’е шыю і нікуды не пой­дзе. Усё я ўмела.

А цяпер як гляну на бідоны, якія цягала ў 15-16 гадоў, і свае ручкі, толькі слёзы наварочваюцца… А каму ж мяне было шкадаваць тады? Ні таты, ні мамы…

З малаком яшчэ вазіла калгасную пошту і людзям не адмаўляла, калі хто які ліст прасіў адправіць, і газеты. З таго часу, дзесьці з 1954 года, выпісваю і чытаю «Астравецкую праўду». 

Я толькі 4 класы скончыла ў Жарнэльскай школе. Дзве малодшыя сястрычкі хадзілі ў школу, старэйшая выйшла замуж. Але, нарадзіўшы дачку, хутка вярнулася да нас – жыцця там не склалася, яе малую ўсе разам гадавалі. 


Сярэдняя сястра Гэля сказала: «Што хочаце рабіце, але я ў калгасе не буду». І пайшла ў горад.

Хоць і працавалі, стараліся, але ўсе запасы скончыліся. Пайшла на ферму даяркай. На месцы панскага маёнтка ў Ракішках паставілі кароўнік. Было ў мяне 20 кароў. Усяго нас, даярак, шасцёра. А кожную шос­тую ночку трэба было дзежураваць, каб які злодзей не залез праз кусты і ройста. 

…У калгасе ўсе свае працадні ў сшытак пазначала. Толькі не касіла і не арала, а так і баранавала, і сеяла, і жала. 

...Памятаю, казала, што замуж не пайду, бо там мяне нічога доб­рага не чакае. А вунь як выйшла. З Антосем жылі, лічы, побач, у калгас на работу разам хадзілі. Быў ён шафёрам, потым – загадчыкам майстэрняў у Петраполі. Чым глянуўся? (Задумалася.) За працай з маленства свету белага не бачыла, таму сказала сваім: «Хоць за вала, каб хоць дома толькі не была». Ён, па праўдзе, туліўся да мяне пастаянна. Як замуж пайшла, мне было 23 гады, яму 27». 

У той час некаторыя вы­яз­джалі. Мой чалавек вазіў гэтых людзей. Так мужу аднойчы і ахфяравалі хату, якую потым перавезлі ў Жарнэлі. Дом і да гэтага часу стаіць, і я жыву там, і дзеці прыязджаюць, грады садзяць…

– З мужам траіх дзетак нарадзілі – усе сыны. Гадавала ў працы. З маленства чаму навучыш, тое ў старасці і палучыш. Калі прывучыў да работы, то будуць талковымі. Найменшаму, Стасю, восем месяцаў было, як хадзіла лён рваць. Раза­слала посцілку, паклала малога. Добра іншыя жанчынкі дапамагалі. Так і выгадаваліся дзеці…


З Антонам 47 гадоў пражылі. Не было часу калі сварыцца. Старэйшы Вячаслаў цяпер у Вільнюсе. Рыгор у Смаргоні, малодшы Станіслаў у Астраўцы.

На цяпліцах працавала – яны вялізныя былі, шкляныя. У нашым калгасе пабудавалі іх пры Галаі. У нас было шмат старшынь, але такіх талковых, як ён, больш ужо не было. А сам простым быў чалавекам, што і я. І з людзьмі так. 

На цяпліцы пайшла ў 40 гадоў, хоць, прызнацца, не вельмі хацела. Агарод ёсць агарод, яго трэба глядзець, не адлучышся. Суседка неяк падбіла: «Караліна, прыходзь да нас». Ну і пагадзілася. 

Галоўнай у нас была гваздзіка. А пазней сталі вырошчваць цыбулю на пёры, салату, радыску. Было каля 10 цяпліц на 10 сотак, на адну цяпліцу – 4 жанчыны. А работы шмат!

Гародніну ўсеагульна палолі і даглядалі, а кветкі прадавалі. Гваздзікі вазілі ў Гродна, Вільнюс, Паставы. Як сынок кажа, што «атамка» цяпер свеціцца, дык даўней так было з нашымі цяпліцамі. Вялізныя лямпы ноччу асвятлялі ўсе парнікі. Вяскоўцы жартавалі, што ў нашых ваколіцах ноччу не заблукаеш: выйдзеш па святле парнікоў.

Пазней цяпліцы ўзяў у арэнду адзін чалавек. Наша «начальст­ва» сватала мяне ў работніцы як перадавіцу. А дома свёкар, які не ходзіць, якога і дагледзець, і пакарміць трэба. А гаспадарка як жа! Сын адзін у арміі, другі вучыцца, трэці толькі ў школу ходзіць. Сказала, як ёсць. Паабяцалі, што будзе дапамога, каб толькі заставался на цяпліцах. 

Я ж не дурная, разумею, чаму мяне выбралі! Лічы з 9 гадоў гас­падыня, без маткі, усяму сама навучылася, сваім мазалём. Бачыла ў цяпліцах да гэтага, дзе якая жанчына лепш пасядзіць, чым травіцу вырве, а я, як для сябе, гваздзікі праполвала. 

…Хоць з 14 гадкоў працавала, але стажу залічылі толькі 38 гадоў. Як выжыла, не ведаю – Божачка дапамагаў. Падумайце: пяцёра дзяўчат засталося без бацькі і маткі, і ўсё ў нас было па-людску. І па сённяшні дзень так. Маю восем унукаў і столькі ж праўнукаў. Малюся Богу, каб і імі ўсімі апякаўся…

Летась на зіму малодшы сын да сябе забраў. А так хочацца ў сваю хацінку – не расказаць! Стась абяцаў, што завязе ў Жарнэлі. Хоць і спаралізаваная правая старана, але вазьму хадункі, хоць крышачку прайдуся сцежкамі дзявоцтва – і душа памаладзее… Хто б падумаў, што дзевяностую вясну сустрэну…

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива героини