Новы мурал з выявай беларускай жанчыны з’явіўся ў Астраўцы

12:00 / 24.05.2026

У Астраўцы на адной з самых ажыўленых вуліц, Аэрадромнай, на шматпавярхоўцы з’явіўся новы мурал. Не ведаю, ці ёсць у яго назва, але мне вельмі захацелася даць яму сваю – «Беларусачка».

– У Год беларускай жанчыны мы вырашылі звярнуць увагу астраўчан на тое, якая яна прыгожая, наша жанчына, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Мікіта Алянцэвіч. – Малюнак дапамагла выбраць намеснік старшыні Вольга Баяровіч – каму як ні прадстаўніцы прыгожай паловы нашай краіны гэта зрабіць прасцей. Радуе, што спадабаўся ён усім. Аб гэтым сведчаць добрыя водгукі жыхароў горада. Вобраз бялявай беларусачкі з валошкамі ў руках у залатым аздабленні спелага жыта найлепш адлюстроўвае яе прыгажосць і працавітасць.

Увасобіць задуманае дапамог мастак Канстанцін Пахомчык. Дзякуй яму за тое, што ў сваім шчыльным графіку змог знайсці для Астраўца «фортачку». Шмат намаганняў, каб мурал з’явіўся менавіта ў гэтым месцы – на фасадзе 7-міпавярховага дома, прыклаў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Віталь Мацкевіч.  

Удакладню, што па даручэнні старшыні райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса вызначаны некалькі месцаў для размяшчэння муралаў – упэўнены, менавіта гэты малюнак мог бы ўпрыгожыць кожнае з іх. Да слова, госці і жыхары нашага горада адзначаюць, што муралы сталі асаблівасцю Астраўца, таму гэтую работу мы будзем працягваць.
Текст: Ольга Хотянович
Фото: Дмитрий Соколовский