Дзевяць астравецкіх калектываў пацвердзілі званні “Народны” і “Узорны”
14:00 / 19.05.2026
У мінулую сераду на Астравеччыне высадзіўся дэсант абласных спецыялістаў розных напрамкаў у галіне культуры на чале з загадчыкам аддзела ўпраўлення культуры аблвыканкама Сяргеем Давыдзікам. Высокапрафесійнае журы прымала творчую справаздачу ў асноўных мастацкіх калектываў раёна.
Атрыманыя раней званні «Народны» і «Узорны» пацвярджалі старэйшы фальклорна-этнаграфічны калектыў раёна «Жыльвіціс» (кіраўнік Марына Мухніцкая), народны ансамбль песні «Рэха Астраўца» (кіраўнік Алена Такарчук), народны ансамбль народнай песні «Світанак» (кіраўнік Ганна Ткачук), народны драматычны тэатр (кіраўнік Ніна Рыбік), узорны хор «Ветразь» (кіраўнік Аксана Баршэвіч), узорны ансамбль «Міхалінка» (кіраўнік Таццяна Канчанін), народны ансамбль народных інструментаў «Скарбніца» (кіраўнік Надзея Шарэйка), узорны духавы аркестр (кіраўнік Максім Адамоніс), народны ансамбль народнай песні «Кемяліна» (кіраўнік Сяргей Дзям’янчык).
Усе калектывы падрыхтавалі для абароны званняў спецыяльныя праграмы. У некаторых з’явіліся новыя касцюмы – што, да слова, было адзначана журы.

Адзначаны арыгінальны рэпертуар і ўзровень падрыхтоўкі ўзорнага духавога аркестра.
Зрэшты, усе калектывы, якія ў той дзень абараняліся, атрымалі высокую адзнаку і адназначнае рашэнне камісіі: званні «Народны» і «Узорны» паспяхова пацверджаны.
Калектывам, якія толькі рыхтуюцца да атрымання ганаровага статусу – «Крынічанька», «Варняначка», «Карамелькі», – члены камісіі прапанавалі працаваць далей і далі канкрэтныя рэкамендацыі, над чым менавіта і ў якіх накірунках.
З першых вуснаў
Сяргей Давыдзік, загадчык аддзела ўпраўлення культуры аблвыканкама, старшыня камісіі:– Мне вельмі спадабаліся ўсе прадстаўленыя сёння калектывы. Уразіла пастаноўка народнага тэатра – сачыў за развіццём падзей на сцэне не адрываючыся. Увогуле ва ўсіх калектываў высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і ўсе адназначна заслугоўваюць званняў «Народны» і «Узорны».
Людміла Маркоўская, глядач, госця з Мінска:
– Увогуле я прыехала на спектакль «Каханне і мухаморы» – сачу за творчасцю Ніны Рыбік, стараюся не прапускаць пастаноўкі Астравецкага народнага тэатра. І на гэты раз драматург, рэжысёр і артысты былі на вышыні.
Прыемным адкрыццём для мяне стала выступленне ансамбля «Світанак». Шчыра кажучы, не чакала ўбачыць і пачуць у Астраўцы калектыў і салістаў такога ўзроўню. Малайцы!
Мар’яна КРАСНАСЕЛЬСКАЯ, фота аўтара.