Да 85-годдзя «Астравецкай праўды»: Артур Гукасаў неаднойчы трапляў на старонкі газеты

10:00 / 17.05.2026
Астраўчанін Артур Гукасаў тройчы з’яўляўся на старонках «АП». А сёлета мы зноў сустракаемся з ім – вось так і ўзнікае сяброўства з чытачамі.

Упершыню яго здымак з’явіўся ў газеце ў 2013 годзе. 

Мы з братам спыніліся каля кінаканцэртнай залы. У той момант, напэўна, і трапілі ў аб’ектыў рэдакцыйнага фато­графа. У хуткім часе здымак надрукавалі да задання конкурсу «Што б гэта значыла?». Потым нам шмат тэлефанавалі суседзі і пыталі, ці бачылі мы сябе. Было прыемна. Цяпер гэта мілы напамін пра дзяцінства, – расказвае малады чалавек.


У наступны раз, у 2018 годзе, адзі­наццаці­класнік-гімназіст Артур ужо даваў інтэрв’ю як прадстаўнік раённай мала­дзёжнай арга­нізацыі выратавальнікаў-пажарных.

–  Было крыху няёмка. (Усміхаецца.) Я няшмат зрабіў, каб пра мяне расказвалі: хадзіў на трэніроўкі, дапамагаў на акцыях раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях. А тут артыкул, фота – усе на цябе глядзяць, чытаюць. Адчування, што я герой матэрыялу, не было, хутчэй баяўся не спраўдзіць чыесьці чаканні. Зараз разумею, што тая публікацыя дала важны ўрок: любая справа, нават дзіцячая, кагосьці можа натхніць, – дзеліцца Артур. – Дарэчы, інтэрв’ю даваў разам з аднакласніцай Валерыяй Бей. А зараз яна мая нявеста. (Усміхаецца.)


У 2024 годзе астраўчанін трапіў у газету разам з маці, якой уручалі Падзячны ліст у ваенкамаце.


– Служыў у вайсковай часці 97106, і камандаванне дазволіла нам зрабіць сюрпрыз матулям, павіншаваўшы іх асабіста. Вядома, артыкул на старонках «АП» не перадаў усіх эмоцый і пачуццяў. На самой справе атмасфера была вельмі чуллівая, а мама крыху хвалявалася, – расказвае малады чалавек. – Заўважыў, што ў яе заблішчэлі вочы, калі ёй адрасавалі цёп­лыя словы за выхаванне дзяцей. Стоячы побач, адчуў і яшчэ больш зразумеў, як шмат для мяне зрабілі тата і мама. Пасля мерапрыемства абняў яе і сказаў дзякуй за тое, што выгадавала мяне сапраўдным мужчынам.

Ну што ж, спадзяёмся, што пройдзе час – і мы зноў убачымся з Артурам на старонках «АП».

Текст: Светлана Фёдорова
Фото: из архива АП и героя