Што зацікаваіла гервяцкіх школьнікаў падчас экскурсіі ў рэдакцыю “АП”

13:00 / 14.05.2026

Дзевяцікласнікі Гервяцкай СШ, якія днямі завіталі ў рэдакцыю, прызналіся, што ў большасці сваёй ужо вызначыліся з будучай прафесіяй: нехта марыць стаць юрыстам, нехта – тэхнолагам. Тым не менш, інфармацыя пра гісторыю “Астравецкай праўды” і знаёмства з працэсам выпуску газеты спадабаліся ўсім .

Хлопцаў і дзяўчат асабліва зацікавіў музейны куток рэдакцыі. Дыскеты, на якіх некалі перадавалася інфармацыя з аднаго камп’ютара на другі, некаторыя з іх пазналі і нават успомнілі, як называецца гэты рарытэт. А вось як у ранейшыя часы рабіліся здымкі на плёнкавых фотаапаратах, як яны пераносіліся на старонкі газеты, як перадаваліся ў рэдакцыі аддаленых раёнаў паведамленні ТАСС і БелТА – пра гэта, напэўна, і не ўсе з іх бацькоў ведаюць.



Работа сучасных журналістаў – камп’ютарны набор тэкстаў, лічбавая відэа- і фотаздымка – больш знаёмы сучаснай моладзі: самі ўсё гэта ўмеюць. А вось якім чынам інфармацыя затым трапляе на старонкі газеты – гэта было цікава. Разглядваючы толькі што адпраўленыя ў друкарню гатовыя старонкі газеты, дзе расказвалася пра святкаванне Дня Перамогі, вучні нават пазналі на фотаздымках сваіх аднакласнікаў. Прыкольна! І прыемна… І ў гэтым асаблівасць нашай газеты: пісаць пра ўсё, што адбываецца ў раёне, і ўсіх, хто тут жыве, працуе і вучыцца.

…Магчыма, нехта з гервяцкіх школьнікаў пасля наведвання рэдакцыі перадумае станавіцца юрыстам ці тэхнолагам і захоча стаць журналістам? То прыходзьце ў наш дом – нашы дзверы адчынены!


Текст: Нина Рыбик
Фото: Светлана Фёдорова