Вялікая Перамога ў асобах: Іван Субаткевіч
14:00 / 09.05.2026
Карлаўшчызна: Іван Субаткевіч
Жыхарка Варнян Тэрэса Стакун узгадвае пачутае ад бацькі: «Калі мне прыйшла павестка на вайну, у хаце дзверы з заслонаў зляцелі – мама надта плакала!»
– Бацька казаў, што страшна вельмі было там… А яшчэ ж і трапіў у палон ва Усходняй Прусіі. (Дарэчы, яго брат таксама прайшоў праз палон.) Не ведаю, колькі ён там прабыў, – расказвае жанчына.
Калі Іван Вікенцьевіч вярнуўся ў родную Карлаўшчызну, родныя не ведаюць. Але гэта было хутка пасля заканчэння вайны, бо ў 1948 годзе былы салдат ужо стварыў сям’ю.
– За ім жылі як за каменнай сцяной. Нас з сястрычкай заўсёды песціў – кожнаму б такога тату мець! – прыгадвае Тэрэса Стакун. – Мне быў годзік, калі памерла маці. Тата ажаніўся ў другі раз. Дык вось, мама (мачаха. – Заўв. аўт.) ніводнага дня не пайшла без таты на ферму, дзе працавала, – ён заўсёды хацеў даць ёй палёгку, бо шкадаваў. Па гаспадарцы маме ва ўсім дапамагаў: і печы прапаліць, і кароў падаіць, і свінням даць… Хаця ж і свайго занятку ў яго хапала: ён быў будаўніком калгаса «Звязда», потым паляводам, жывёлаводам. Памёр дастаткова рана: у 1972 годзе – і мама больш ні дня не выйшла на работу.
– Да слова, хоць тату давялося пабыць і ў палоне, і на прымусовых работах, медалі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны ён меў (захоўваў іх у скрыначцы, укручанай у льняную тканіну). Мы, дзеці, любілі іх прымяраць, – дзеліцца дачка франтавіка. – І вельмі бацька радаваўся, калі на Дзень Перамогі атрымліваў віншавальныя паштоўкі ад ваенкамата – ён надта цаніў такую ўвагу ад дзяржавы!