Вялікая Перамога ў асобах: Франц Садоўскі
10:00 / 09.05.2026
Трокенікі: Франц Садоўскі
Варнянская школьніца Дар’я Рабкоўская, выступаючы на конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны», заявіла, што той, хто ўпэўнена дзейнічае, а не стаіць у баку, стварае цяперашняе і будучае.

– Мамін дзядуля Франц Антонавіч Садоўскі нарадзіўся ў 1907 годзе ў Трокеніках, – расказвае Дар'я. – Прадзеда забралі на вайну ў лістападзе 1944 года, адпраўляўся ён з прызыўнога пункта ў Вілейцы.
– Мая бабуля нарадзілася пасля вайны, а калі ёй было 5 гадоў, бацька памёр. Таму пра ваенны час і свайго тату яна чула толькі з расповедаў маці. Так, прабабуля ўзгадвала, што калі прадзеда забралі на фронт, ёй даводзілася вельмі цяжка – трэба было пракарміць сябе і дзяцей, да таго ж уся мужчынская работа легла на яе плечы, – дзеліцца дзяўчынка.
На прызыўным пункце Франца Антонавіча размеркавалі ў 2-ю мінамётную роту 238-га запаснога стралковага палка. Адтуль нашага земляка накіравалі ў 172-гі асобны дарожна-будаўнічы батальён. У адным з баёў Садоўскі атрымаў кантузію. Вярнуўшыся дамоў, працаваў на сваёй зямлі, а пасля ўтварэння калгаса – пайшоў туды, быў трактарыстам.