Учора, сёння і заўтра Хойніцкага раёна. Журналіст “АП” пабывала ў прэс-туры на Гомельшчыне
Я нарадзілася ў Хойніцкім раёне і пражыла там, з трохгадовым перапынкам на вучобу ў бібліятэчным тэхнікуме, першыя 27 гадоў жыцця. Напэўна, засталася б назаўжды (зрэшты, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу), калі б не аварыя на Чарнобыльскай АЭС, пасля якой мая родная вёска Уласы стала тэрыторыяй адчужэння, а многія жыхары Хойнікшчыны, я ў іх ліку, у трывозе за здароўе дзяцей, адарваўшы кавалачак сэрца, змянілі месца жыхарства на так званыя чыстыя рэгіёны.
Неаднойчы гаварыла і паўтаруся зноў: некалі невядомая Астравеччына стала мне другой радзімай. Але першая – яна засталася на паўднёвым усходзе Беларусі. Я сачыла за падзеямі, што там адбываюцца. Калі надаралася магчымасць, праведвала родную вёску і Хойнікі. Радавалася, што горад пераўтварыўся, рыхтуючыся ў 2010 годзе да Дня беларускага пісьменства, у якім і мне пашчасціла прыняць удзел у складзе духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў».
Але спатканні гэтыя былі кароткатэрміновыя і павярхоўныя. Калі ж надарылася магчымасць паўдзельнічаць у прэс-туры, прымеркаваным да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, не магла не скарыстаць яе, каб пабачыць, пачуць, даведацца больш і, што называецца, з першых вуснаў.
Забягаючы наперад, скажу: усё адбылося, і нават у большай ступені, чым я спадзявалася. Я знарок не садзілася за гэты матэрыял «па свежых слядах», каб эмоцыі ўлягліся і інфармацыя структурыравалася.
І ўсё ж ад эмоцый стрымацца складана нават цяпер, праз некалькі дзён…

«Радыяцыі не трэба баяцца – яе трэба паважаць»
«Учора», якое падзяліла жыццё Хойніцкага раёна і тысяч яго жыхароў на «да» і «пасля», здарылася 40 гадоў таму. Ужо выраслі дзеці, якіх малымі вывозілі адсюль у першыя трывожныя майскія дні, запоўненыя страхам, невядомасцю і, што ўжо там – панікай. Яны нарадзілі сваіх дзяцей, а некаторыя нават дачакаліся ўнукаў…
І ўсё ж тое «ўчора» – 26 красавіка 1986 года, калі выбухнуў Чарнобыль, – жыве ў падсвядомасці нават тых, хто не памятае, як адсялялі, як галасілі, як пакідалі хаты, нажыты скарб. Здаецца, ён існуе на генетычным узроўні: і хацеў бы забыцца, ды не атрымаецца…
Як напамін пра тую сонечную, але чорную вясну 1986 года – помнік у Хойніках, дзе за спіной смуткуючай жанчыны-маці – бетонная стужка з назвамі вёсак, якія былі адселены ў той год. У тым сумным спісе – і мае Уласы.
У 1986 годзе было адселена 108 населеных пунктаў Хойніцкага, Брагінскага і Нараў- лянскага раёнаў – 24,7 тысячы чалавек.
Удзельнікі прэс-тура ўсклалі кветкі да помніка Смуткуючай Маці.
Памяць пра «ўчора» беражліва захоўваюць і ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, створаным у 1988 годзе ў бліжэйшай да Хойнік адселенай вёсцы Бабчын.
– Калі стала зразумела, што людзі сюды не вернуцца, прынамсі, у бліжэйшай перспектыве, было вырашана на базе адселенай тэрыторыі трох раёнаў – Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага – стварыць запаведнік, – расказвае яго дырэктар Аляксей Цішкавец. – Гэта быў цудоўны край – прыгожы, багаты. Упэўнены: калі б не аварыя, у гэтых мясцінах стварылі б курортную зону.

– Прыгажосць тут непаўторная ў любую пару года, – з любоўю гаворыць Аляксей Уладзіміравіч. – Магчыма, гэта прагучыць жорстка, але, калі ўжо так склаліся абставіны – не па нашай, да слова сказаць, віне, – то патрэбна вывучаць, як радыяцыя ўздзейнічае на прыроду, розныя віды жывёл, раслін. Каб перадаць гэтыя веды новым пакаленням. Наш запаведнік – гэта вялізны натуральны палігон, і навуковыя даследаванні – адзін з асноўных напрамкаў яго дзейнасці. Ды і проста цікава назіраць, як развіваецца прыродны комплекс, калі ў яго не ўмешваецца чалавек, як прырода забірае сваё…
Аляксей Цішкавец назірае за гэтым працэсам ужо 24 гады. Пасля заканчэння Гомельскага політэхнічнага каледжа 22-хгадовым юнаком ён прыйшоў у запаведнік лесніком. І дарос да дырэктара, на гэтай пасадзе працуе тры гады.
– Ці баяліся? – пытаюцца цікаўныя журналісты.
– Баяўся! – шчыра адказвае дырэктар.
І дадае:
– Але з цягам часу зразумеў: радыяцыі не трэба баяцца – яе трэба паважаць. Ведаць правілы і выконваць іх: не лезці ў зямлю, не есці і не піць тое, што вырасла на забруджанай тэрыторыі, увесь час праводзіць радыяцыйны кантроль. І тады ўсё будзе добра. У нас ёсць ветэраны, якія працуюць з дня ўтварэння запаведніка, – і дай Бог нам усім мець іх здароўе.
«Чарнобыльскі» мёд. Каштавалі: смачна!
Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – гэта вялікі навуковы, прыродаахоўны, вытворчы, турыстычны комплекс, размешчаны на тэрыторыі трох раёнаў на плошчы 26 тысяч гектараў, дзе працуе 750 чалавек і які развівае мноства відаў дзейнасці.
З навуковым зразумела. Тут дзейнічаюць лабараторыя радыёхіміі і спектраметрыі і аддзел радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу: усе і ўсё, што знаходзіцца на тэрыторыі запаведніка ці пакідае яе, праходзіць радыяцыйны кантроль (да слова сказаць, удзельнікі прэс-тура яго таксама прайшлі). У аддзелах экалогіі раслінных комплексаў і фаўны сочаць за змяненнямі ў жывой і нежывой прыродзе.

Прыродаахоўны, як і навуковы, – адзін з асноўных напрамкаў. Яго задача – не дапусціць «распаўзання» радыёактыўных элементаў на незабруджаныя рэгіёны, папярэдзіць пранікненне ў зону аматараў экстрыму ці нажывы (для мяне было здзіўленнем, што, нягледзячы на строгі кантроль, такія ўсё ж знаходзяцца: штогод затрымліваюць некалькі дзясяткаў «нелегалаў», якія «заблудзіўшыся», дайшлі з Мінска да Аравіч ці куды далей). Але галоўнае – барацьба з пажарамі, бо агонь на забруджанай тэрыторыі нашмат больш небяспечны.
– Штогод у нас здараецца 3-5 пажараў, – гаворыць Аляксей Цішкавец. – Найбольш баімся так званых сухіх навальніц: найчасцей узгаранні здараюцца ад маланак. Але навучыліся спраўляцца са стыхіяй.
І гэта пры тым, што пажар тут – гэта не пажар у звычайным лесе. Пачнём з таго: як выявіць і перадаць сігнал аб небяспецы ў бязлюднай мясцовасці, дзе няма электрычнасці, адсутнічае мабільная сувязь? Для гэтага пабудавана некалькі супрацьпажарных вышак, абсталяваных аўтаномнымі камерамі назірання, сігнал з іх аператыўна паступае на пульт – максімум праз паўгадзіны спецыяльная тэхніка прыбывае на месца надзвычайнага здарэння.
«Спецыяльная» ў дадзеным выпадку – не фігура мовы. Журналістам прадэманстравалі «танк» на гусенічным хаду, які здольны прайсці праз любыя лясныя завалы, раскідваючы ваду ў радыусе 300 метраў. Ён дзейнічае ў аўтаномным рэжыме: вадзіцелю неабавязкова пакідаць герметычную кабіну. І нават калі машына загарыцца, то спецыяльная сістэмы патушыць агонь. (На канале «АП» у «ЦікТок» можна ўбачыць, як яна дзейнічае). На шчасце, праверыць гэтую цуда-тэхніку нагоды не выпадала – хай і надалей будзе так.
Апошнім часам у запаведніку актыўна развіваецца гаспадарчая дзейнасць. Тут ёсць свой плода- і лесагадавальнік, саджанцы з якога ахвотна набывае насельніцтва. А лясныя пароды – сасна, дуб, ясень – высаджваюць на месцах вырубак.
Так, лес тут таксама сякуць – і не трэба падлоўліваць дырэктара на словах: «Мы не ўмешваемся ў прыродную экасістэму». У запаведніку сёння дзейнічае тры дрэваапрацоўчыя цэхі. Сыравіну для іх здабываюць на найменш забруджаных участках, па перыметру запаведніка, правёўшы папярэдні кантроль навакольнага асяроддзя: ці можна там працаваць людзям і колькі часу? – і самой драўніны: ці прыгодная яна для апрацоўкі?
Каняводства сталі развіваць пасля візіту Прэзідэнта Беларусі – да слова сказаць, кіраўнік дзяржавы ўжо 6 разоў наведваў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
– 30 гадоў таму пасля даручэння Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі за бюджэтныя сродкі закупілі 60 коней рускай цяжкавагавай пароды – з таго і пачалася наша конеферма. Цяпер у запаведніку ўтрымліваецца 445 галоў у трох раёнах. З 2006 года ферма мае статус племянной, у 2024-м пераатэставана як племянны рэпрадуктар. Атрымліваем маладняк, гадуем жарабят да 3-хгадовага ўзросту і прадаём насельніцтву – фермерам, прадпрымальнікам. Попыт ёсць, хоць кошт і немалы – прыкладна 1 200 долараў у эквіваленце за адну галаву, – расказвае галоўны заатэхнік Алена Болдырава.

Яшчэ адзін папулярны від гаспадарчай дзейнасці запаведніка – пчолагаспадарка. У трох раёнах дзейнічае 54 пасекі, з якіх збіраюць добры «ўраджай». У мінулы, не самы спрыяльны год атрымалі толькі 2,5 тоны мёду, у пазамінулы – 9, а было і 11. Мёд, папярэдне правераны на ўтрыманне радыёнуклідаў, рэалізуецца насельніцтву і карыстаецца вялікім попытам. Журналісты пакаштавалі: смачна!
Апошнім часам у запаведніку актыўна развіваецца турыстычная дзейнасць. Так-так, жадаючыя ўбачыць «чарнобыльскую зону» знутры могуць зрабіць гэта цалкам легальна. Распрацаваны два турыстычныя маршруты – у Хойніцкім і Нараўлянскім раёнах. Кошт 7-гадзіннай вандроўкі групы з пяці чалавек па абязлюдзеўшых вёсках з суправаджаючым і на транспарце запаведніка каштуе 600 рублёў. У зімовы час з вышкі можна палюбавацца беларускімі волатамі – зубрамі: іх папуляцыя вырасла з першых завезеных сюды 16-ці асобін да статка ў больш чым 200 галоў. Запаведнік – адзінае месца ў Беларусі, дзе ў вольнай прыродзе пасвяцца коні Пржэвальскага. І ўвогуле тут ёсць што паглядзець – тую ж дзікую прыроду, якая «забірае сваё» ў чалавека, – і атрымаць эмоцыі.
Летась у запаведніку прынялі больш за 6 тысяч турыстаў, з іх тысяча замежных.
І гэта без уліку тых, каго прапускаюць праз КПП падчас доўгіх радунічных выхадных без спецыяльнага дазволу, толькі па пашпарце – такіх штогод прыязджае 5-6 тысяч чалавек. Некаторыя прызнаюцца, што цэлы год жывуць чаканнем спаткання з радзімай і землякамі.
Забягаючы наперад, скажу, што сёлета і я ў чарговы раз скарысталася магчымасцю і наведала родную вёску. Але ўражанні ад спаткання з радзімай – гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя.
Хойніцкі «Бацька»
Не запаведнікам адзіным і не толькі ўспамінамі аб былым жыве сёння Хойнікшчына. Так, Чарнобыльская аварыя моцна «ўдарыла пад дых» гэтаму рэгіёну.
Дастаткова сказаць, што насельніцтва раёна з 45 тысяч «дачарнобыльскіх» зменшылася да 17 тысяч сённяшніх – і тэндэнцыя гэтая захоўваецца.
Тым не менш, горад і раён развіваюцца як у сацыяльным, так і ў прамысловым накірунку.
Яркі прыклад гэтага – дзейнасць Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Мілкавіта» – былога сыраробчага камбіната. Да аварыі гэта было сучаснае прадпрыемства саюзнага падпарадкавання. Чарнобыль, здавалася, забіў яго: скукожылася, як шагрэневая скура, сыравінная база, а разам з ёй і вытворчасць. Ад сыроў давялося адмовіцца і задаволіцца невялікімі аб’ёмамі цэльнамалочнай прадукцыі. Здавалася, сумны канец прадпрыемства непазбежны.

Але спецыялісты і кіраўніцтва знайшлі сілы і магчымасці не проста аднавіць, а прымножыць славу палескіх сыравараў. З уваходжаннем прадпрыемства ў склад ААТ «Мілкавіта» тут устанавілі новую сучасную аўтаматызаваную лінію па іх вытворчасці і пасолу. І сёння хойніцкія сыры – «Пармезан», «Францыск» і іншыя – гэта сінонім знака якасці (каштавалі – пацвярджаем!). Нядаўна тут асвоілі выпуск новага, эксклюзіўнага гатунку «Бацька» – у продажы яго пакуль няма, але журналісты прадэгуставалі. Спадабалася!
80 працэнтаў прадукцыі прадпрыемства – і гэта не толькі сыры, але і сухая сыроватка – ідзе на экспарт, і гэта пра многае сведчыць.
Паспяхова дзейнічае і развіваецца і завод «Гідраапаратура», які ўваходзіць у склад МТЗ, – без хойніцкіх дэталяў не сыйдзе з канвеера ніводзін трактар.
Асаблівы гонар хайнічан – нядаўна адкрыты басейн.
Памяць пра гісторыю раёна беражліва захоўваюць у мясцовым музеі, дзе ёсць унікальныя экспанаты, што расказваюць пра даўно і нядаўна мінулыя гады, у тым ліку – пра жыццё вёсак, якія былі адселены пасля аварыі. Асабістыя рэчы, фотаздымкі, спісы жыхароў, што жылі тут да аварыі, сведчаць: звесткі пра іх не сцёрты з памяці ні людзей, ні раёна…
А калі ведаюць пра ўчора і клапоцяцца пра сёння – то будзе і заўтра!
У гэтым пераканаліся ўдзельнікі прэс-тура.