Да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Як памірала вёска. Успаміны жыхароў

10:00 / 26.04.2026

Мая родная вёска Уласы знаходзілася на самай граніцы з Украінай, кіламетраў за 7 ад Чарнобыльскай АЭС: ноччу ў яснае надвор’е былі бачны яе агні.

Ранняй вясной 1986 года, калі жанчыны пера­біралі бульбу, адна з іх расказала свой сон. Пры­сніўся ёй даўно памерлы бацька і кажа: «Хутка вас тут нікога не будзе. Усе адсюль выматаецеся». Доўга бабы гадалі-варажылі, што гэты сон азначае. Вырашылі, што самае страшнае: напэўна, пачнецца вайна.

Але вайна здарылася без вайны. 26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. 

Так, у гэтую вайну на нас ніхто не нападаў, не страляў, не бамбіў. Вораг быў нябачны, нячутны і незразумелы. Але ён забіў і пакалечыў мноства лю­дзей. І не злічыць тых, каму «проста» паламаў лёс.

Як гэта было ва Уласах і з уласоўцамі, якія жылі на той час у іншых мясцінах – у успамінах і расповедах маіх аднавяскоўцаў, жывых і памерлых, і ў дакументах, прыведзеных у кнізе «Прайсці праз зону».

«Сядзелі, любаваліся зарывам»

Расказвае Еўдакія Ходас:

– Вася, мой малодшы брат, за год да аварыі вярнуўся з арміі. Застаўся працаваць у калгасе: ён заўсёды тэхніку любіў, з маленства з бацькам на трактары. Яму спачатку старую машыну далі, а праз два тыдні новая прыйшла – яе Васілю даверылі. 

У тую ноч брат з іншымі ўласоўскімі хлопцамі паехалі да дзяўчат у суседнюю вёску Чамкоў. Гэта зусім блізка ад станцыі. Расказваў, што бачылі зарыва, сядзелі на лавачцы і любаваліся: прыгожа.

Потым ужо, калі вёску сталі эвакуіраваць, ён на сваёй машыне вывозіў усё з калгаса: запчасткі, тэхніку.

А калі дайшла справа да дазіметрычнага кантролю і памерылі яго машыну, яе – новую! – адразу здалі ў металалом, так яна фаніла.

«Малако пілі, боршч з маладога шчаўя елі»

Расказвае Алена Гарбецкая (Панчанка):

– Я ў 1985 годзе выйшла замуж за свайго аднавяскоўца. Жылі ў Прыпяці: мы з Пецем, мая сястра Люда са сваёй сям’ёй – у яе ўжо былі два хлопчыкі, Пецева сястра з мужам і маленькай дачушкай. Усе мелі жыллё, работу. Я працавала медсястрой у траўматалогіі, праз месяц збіралася ў дэкрэтны адпачынак.

26 красавіка была субота. Мы прачнуліся, нікуды не спяшаючыся, схадзілі на рынак. Там і пачулі вестку пра выбух на станцыі. Але не спалохаліся – не разумелі маштабаў бедства. І доўга яшчэ не разумелі…

Вырашылі з’ездзіць у Чарнігаў – пагуляць, па магазінах прайсціся. Ехалі на дызель-цягніку міма станцыі, назіралі, як дыміць чацвёрты блок…

Ноччу спаць было душна, параскрывалі ўсе вокны.

Калі і была якая інфармацыя пра аварыю, то да нас яна не даходзіла: радыё мы не мелі, тэлевізар не ўключалі.

Назаўтра, у нядзелю, вырашылі схадзіць да Люды. Па дарозе зазірнулі ў магазіны. У Прыпяці заўсёды было добрае забеспячэнне, а ў той дзень паліцы літаральна ламіліся ад дэфіцытаў: садавіна, гародніна…

Люда жыла непадалёк ад станцыі. Да яе ўжо прыходзілі медыкі, прыносілі ёдзістыя прэпараты. Яна ўзяла і на нашу долю.

Потым пайшлі да Пецевай сястры. Яе муж працаваў на станцыі, на тым самым чацвёртым блоку. Больш таго, яго змена дзяжурыла ў тую ноч. А Саша вучыўся завочна і быў на сесіі, напярэдадні толькі вярнуўся, таму і не пайшоў на работу. Ён расказаў, што да чаго, растлумачыў, што за аварыя здарылася і чым яна небяспечная. Я на работу рвалася: у нас жа траўматалогія, людзей з апёкамі адразу да нас прывязуць, там, пэўна, рук не хапае... Саша забараніў нават думаць пра гэта.

А назаўтра, у панядзелак, нас эвакуіравалі. Падагналі аўтобусы пад кожны дом, па гучнагаварыцелях аб’яўлялі, каб усе выходзілі з кватэр, бралі дакументы, грошы і самыя неабходныя рэчы: нас вывозяць на тры дні. 

Жудасная была карціна: паўтары тысячы аўтобусаў, як вусень, марудна цягнуцца па дарозе. Спякота, духата, а вокны адкрываць нельга…

Развезлі каго куды. Мы нават не ведалі, куды трапілі Люда і Лена. 

А нас прывезлі ў Палескі раён, вёска Сцешчына. Усіх разабралі па хатах, а мы з Пецем стаім… У мяне жывот вялікі, ніхто не хоча браць цяжарную…

Нарэшце да нейкай бабулькі пасялілі. Малако ад кароўкі пілі, боршч з маладога шчаўя елі... Потым гэтую вёску таксама выселілі.

З тыдзень мы жылі ў Сцешчыне. Потым даведаліся, што сястра з сям’ёй паехалі да бацькоў яе мужа ў Віцебскую вобласць. Людзіна свякроўка і нас запрасіла, сказала: «У сваёй гаспадарцы ежы на ўсіх хопіць». Мы на ўсё жыццё захавалі ёй удзячнасць.

«Сказалі малако і ваду з калодзежа кіпяць»

З успамінаў маёй маці Алены Міхедзенкі:

– Вестку пра тое, што на Чарнобыльскай станцыі штось узарвалася, у сяло Жэня Бары­саў прывёз. Ён пасля арміі ў Янаў паехаў.(Янавам ва Уласах называлі горад энерге­тыкаў Прыпяць – па імені вёскі, на базе якой яго пабудавалі.– Н.Р.)

Туды шмат уласоўскіх хлопцаў і дзевак падалося. А што – блізка, работа добрая, зарплата, у магазінах усяго хапае. Уласоўцы, калі якая бяседа збіралася, туды за пакупкамі ездзілі. Дабірацца, праўда, нязручна, бо аўтобусы не ходзяць, толькі да апошняй украінскай вёскі, да Машава. Але ў каго машына, то нічога страшнага.

У суботу ранкам, як кароў выганялі, бабы расказалі, што ноччу Жэня пешкі прыйшоў з Янава і расказаў, што ўзарвалася атамная станцыя. І верталёты ў той дзень усё ў той бок ляцелі, адзін за адным, багата. Але я не спужалася. Падумала: ці мала дзе што ў свеце рвецца? Дзе той Янаў, а дзе мы? Вырашыла: калі што дрэннае, то скажуць, што рабіць.

Пайшла на поле. Мы ў той год разрабілі кавалак зямлі і пасадзілі картоплю. Трэба было перасекці, павытрушваць і павыносіць пырэй. Было жарка. І ў роце горка. Верталёт сеў непадалёк, людзі ў белым вылезлі, селі на корпушкі, штось на зямлі ці разглядалі, ці бралі. Я хацела падысці, распытацца, ды яны хуценька назад палезлі і верталёт паляцеў. 

Дзень пры дні страшней рабілася. Па цілівізару сказалі, што ўсё добра, што пажар на станцыі патушылі, а на вуліцы саўсім другое гаварылі. Пра радзіяцыю якуюсь. Што яна са станцыі ветрам разносіцца і ўсё атраўляе. А сама не мае ні паху, ні смаку, не пабачыш яе і не пачуеш. Я не верыла. Ну як яна можа атраўляць, калі яе не відно і не чутно? 

Каторы дзень, вяртаючыся з поля, зайшла да фельчаркі нашай папытацца, што ды як. Яна супакоіла: урачы з раёна прыязджалі, сказалі, што нічога страшнага. Трэба толькі малако і ваду з калодзежа кіпяціць.

А тады кароў на пашу не пусцілі. Пасяўную астанавілі, хоць яшчэ не ўсё пасеялі. Механізатараў дахаты адправілі з работы. І кожны дзень якіясь навіны. Стала ўжо саўсім страшна. 

Прыехалі дзяцей з сяла забіраць. Настаўнікі, міліцыянер і чалавек з раёна. Сказалі, што ў Хойнікі іх адвязуць, бо тут дзецям небяспечна. Усе паселі ў аўтобус. А Насця Барысіха сваіх хлопцаў не пусціла. У яе ў школу яшчэ Юра і Віця хадзілі. Як ні ўгаворвалі, а яна – ні ў якую! Аўтобус пайшоў, а да Насці зноў на легкавіку прыехалі. Як яна крычала! А хлопцаў усё роўна забралі.

А ў красную суботу перад Паскай сказалі гнаць на ферму свіней і кароў здаваць. Што там рабілася! Каровы равуць, свінні вішчаць, бабы галосяць, мужыкі мацюкаюцца… Светапрастаўленне. І верыце ці не – каровы плакалі! Стаяць навязаныя каля кашары, а па мордзе слёзы раўчуком цякуць. Няможна было глядзець на гэта. Усе згаласіліся…

Спачатку калгасную худобу пагрузілі, тады людскую. Сказалі: за здадзеную жывёлу грошы аддадуць, а калі хто захоча забраць сваю карову, як нас назад вернуць, то трэба запісацца. Мы не запісваліся. Не верылі: ранкам адно гавораць, у абед другое, а ўвечары трэцяе.

Кароў пагрузілі, патамілісь усе, чуць дахаты прыйшлі. Сказалі, што людзей назаўтра вывозіць будуць. Толькі пападалі, пазасыналі – стукаюцца: падымайцеся, збірайцеся. Нічога лішняга не бярыце, толькі грошы і дакументы, на тры дні вас вывозяць. Аўтобус стаіць каля канторы. 

Ага, на тры дні… На ўсё астатняе жыццё!

«Ні ў Хойніках, ні ў Гомелі білетаў не было»

Расказвае Любоў Крывянок:

– Я ў Мінску на той час жыла. 

На 1 мая прыехала ва Уласы – трэба ж было дапамагчы бульбу пасадзіць бабе Вулляне, якая нас з сястрой пасля смерці мамы гадавала. 

Пасадзілі… 

Паехала назад, а на аўтастанцыі ў Хойніках выбіты вокны. Мора людзей. Білетаў няма нікуды.

Муж аднакласніцы працаваў вадзіцелем аўтобуса на гарадскіх маршрутах. Ён папрасіў калегу ўзяць мяне да Гомеля без білета. 

А з Гомеля таксама выехаць немагчыма. 10 гадзін стаяла ў чарзе, затым ехала да Мінска ў агульным вагоне на трэцяй полцы. 

Прыехала – усе правяраюцца на радыяцыю. Пайшла і я – адразу палажылі ў бальніцу.

Чарнобыльскі выбух забіў Уласы і раскідаў маіх аднавяскоўцаў па ўсім свеце. Сякое-такое прыстанішча знайшлі ўсе. Душэўнага спакою, мне здаецца, – ніхто.
Текст: Нина Рыбик