У Светлую сядміцу адзінокіх людзей у Міхалішках наведалі айцец Георгій і Наталля Баніцэвіч
Гэта стала добрай традыцыяй: пасля Вялікадня, у Светлую сядміцу, благачынны Астравецкага благачыння, настаяцель царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла Георгій Савіцкі і прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” наведваюць адзінокіх састраэлых.
На гэты раз шлях айца Георгія і лідара астравецкіх жанчын Наталлі Баніцэвіч ляжаў у Міхалішкі, дзе ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў жывуць больш за 40 адзінокіх людзей, якія з-за розных жыццёвых абставін сустракаюць свята тут, а не ў сваім доме, у асяродку родных і блізкіх. У кожнага з іх свой няпросты лёс і свая звілістая дарога ў гэты казённы дом, які работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пастараліся зрабіць максімальна ўтульным і камфортным.
Святы для іх таксама ладзяць. І ўсё ж прыезд гасцей, ды яшчэ ў велікодны тыдзень, мудрыя словы святара і пасхальныя гасцінцы – асвечаныя яйкі, кулічы і іншыя прысмакі – адметная падзея ў іх небагатым на новых людзей і сустрэчы жыцці.
– Светлае Хрыстова Уваскрэсенне – асаблівае свята, якое дае кожнаму з нас надзею на дараванне нашых грахоў і жыццё вечнае. А Светлая сядміца, якая пачалася пасля Пасхі, – дадатковая магчымасць зрабіць добрыя справы для блізкіх і далёкіх, памаліцца, – сказаў айцец Герогій пастаяльцам аддзялення, якія сабраліся ў холе.

А затым кожнаму святар уручыў яечка як сімвал веры Хрыстовай, расказаўшы папярэдне, адкуль ідзе традыцыя фарбаваць яйкі на Вялікдзень.

Наталля Баніцэвіч далучылася да віншаванняў з салодкімі падарункамі ад Беларускага саюза жанчын.


Хто не змог прыйсці на агульную сустрэчу, тых госці наведалі ў іх пакоях. Для многіх гэта стала нагодай асабіста пагутарыць са святаром, папрасіць благаславення. Нехта пажаліўся, што даўно не быў у царкве – айцец Георгій паабяцаў дапамагчы здзейсніць гэтую мару. Нехта пакутуе ад таго, што даўно не спавядаўся і не прычашчаўся – і гэтую просьбу ўзяў на заметку святар.
Іншыя ж проста шчыра дзякавалі, што пра іх успомнілі ў гэтыя светлыя дні.
–Такая радасць на душы! – не хавала свайго настрою Часлава Літвін. – Дзякуй, што адведалі. Няхай Маці Божая аберагае вас ад усіх нягод, а літасцівы Бог даруе здароўе на доўгія гады.
…Няхай Усявышні даруе здароўе і сілы духу ўсім – і міхалішкаўскім пастаяльцам, і тым, хто памятае пра іх.