Спартакіяда для людзей з інваліднасцю прайшла ў спартыўна-аздараўленчым комплексе “Імпульс”
Сяброўству фізкультурна-спартыўнага клуба і Астравецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” не адзін год. Актывісты абедзвюх арганізацый падтрымліваюць цёплыя стасункі.
У гэтым можна было ўпэўніцца на спартакіядзе “У спорце ўсе роўныя”, у якой паўдзельнічалі людзі з інваліднасцю з “раённага” таварыства інвалідаў, наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра і пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у Міхалішках.

Удзельнікаў і гледачоў прывітаў начальнік аддзела па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ФСК Вадзім Лебядзевіч:
– Кожны з вас ужо пераможца – у першую чаргу над сабой. Гэтае мерапрыемства – увасабленне сілы духу і агульнай згуртаванасці. Жадаю ўсім добрага настрою і спартыўнай удачы!

Розныя па ўзросце і характарах, са сваімі асаблівасцямі здароўя людзі з інваліднасцю пасля невялікай трэніроўкі актыўна і смела выходзілі на старт. Больш таго, спартыўнага імпэту ім было не займаць.
Удзельнікам – амаль 20 чалавек вырашылі паспрабаваць свае сілы ў спартакіядзе – прапанавалі дартс, кідкі мяча ў баскетбольнае кольца, “Вялікія гарады” і летні хакей.








На пляцоўцы яны былі не сапернікамі, а сапраўднымі сябрамі – падтрымлівалі адзін аднаго і паціскалі руку пасля ўдалага выступлення калегі.
Адкінуўшы мыліцу ці кавенку, ігракі ўпэўнена і старанна цэлілі ў мішэнь ці кальцо. Іншыя віды, наадварот, прымушалі папацець удзельнікаў. Тым не менш, усе годна выступілі і гэтым пацвердзілі назву спаборніцтва – “У спорце ўсе роўныя!”.

У выніку на трэцюю прыступку п’едэстала ўзняўся Валерый Ляховіч, другое месца заняў Аляксандр Лянкевіч, а абсалютным пераможцам стаў Міхаіл Падарэцкі. Пераможцы і прызёры адтрымалі медалі і Дыпломы ад ФСК.
…Без перабольшвання для ўдзельнікаў гэтая спартакіяда – не толькі спартыўны паядынак і адпачынак, але і доўгачаканая сустрэча з сябрамі і аднадумцамі.


Слова ўдзельнікам і пераможцам
Міхаіл Падарэцкі, 1-е месца:
– Тэрытарыяльны цэнтр стаў наведваць пасля школы. Там у мяне шмат добрых сяброў: Герман, Арцём, Насця і Ярык. Сёння яны таксама тут. Не паверыў, калі сказалі, што я лепшы. Шчаслівы!
Таццяна Лянкевіч, старшыня раённай арганізацыі ГА БелТІ:
– Ідэя правесці падобныя спаборніцтвы належыць Вадзіму Анатольевічу, які пастаянна ў праграму прыўносіць пэўныя навінкі, сёння, напрыклад, – гэта “Вялікія гарады”, калі надзіманым мячом трэба збіць як мага больш стоек.
Мая задача – сабраць людзей. Акрамя астравецкіх, тут прысутнічаюць нашы актывісты з Варнян, Дайлідак, Гервят.
Капіталіна Пятроўская, актывістка:
– Заўсёды з задавальненнем адклікаюся на прапановы нашага таварыства паўдзельнічаць у мерапрыемствах, у тым ліку спартыўных. Найбольш пашчасціла ў дартсе: у цэль трапіла чатыры разы. Складана было дакінуць мяч у баскетбольнае кольца.
Тут мае родныя людзі, разам нам весела і няма калі сумаваць. З многімі не бачылася з мінулага года, таму спартакіяда стала сапраўдным святам.
