Школьнікі даведаліся пра прафесію бібліятэкара
У Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы адбылася гадзіна прафарыентацыі пад назвай «Примерь профессию», якая расчыніла для старшакласнікаў дзверы ў свет кніжных скарбаў.
Мерапрыемства пачалося з невялікага экскурсу ў гісторыю, дзе моладзь даведалася пра старажытныя карані прафесіі бібліятэкара, якая ўзнікла задоўга да эры кнігадрукавання. Затым падлеткі здзейснілі пазнавальнае падарожжа па аддзелах бібліятэкі. Школьнікі з энтузіязмам асвойвалі пошук літаратуры ў алфавітным і электронным каталогах, трэніраваліся ў пошуку патрэбных выданняў на паліцах, вучыліся падбіраць кнігі па зададзенай тэме, працавалі з даведачнымі выданнямі і слоўнікамі, а таксама атрымалі першы вопыт абслугоўвання чытачоў.


Вучні таксама даведаліся, у якіх спецыялізаваных навучальных установах можна атрымаць профільную адукацыю.
Гэты дзень стаў для школьнікаў не проста экскурсіяй, а сапраўдным пагружэннем у прафесію, дазволіўшы ім прымерыць на сябе ролю бібліятэкара і, магчыма, адкрыць для сябе пакліканне.

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар.