Александр Бахаев из Ольховской СШ дошёл до суперфинала популярного телепроекта «Я знаю!»
Дзесяцікласнік Альхоўскай СШ Аляксандр Бахаеў дайшоў да суперфінала папулярнай інтэлектуальнай віктарыны “Я ведаю!”, якая выходзіць на тэлеканале “Беларусь-1”. Нагадаем, трапіць “у тэлевізар” няпроста: школьнікі праходзяць сур’ёзны адбор сярод равеснікаў і на гульню едуць толькі 2 прэтэндэнты з вобласці. Такім чынам, паміж сабой спаборнічаюць 12 школьнікаў.
Нашага старшакласніка падтрымлівала на праекце яго педагог, настаўнік фізікі і матэматыкі Таццяна Ждановіч.
Галоўная мэта тэлепраекта –пошук разумніц і разумнікаў розных узростаў. Каб стаць лепшым сярод равеснікаў у гэтым інтэлектуальным турніры, мала вучыцца на “выдатна” і ледзь не на зубок ведаць матэрыял падручніка, трэба быць яшчэ эрудзіраваным, знаходлівым і ініцыятыўным. Гэтыя якасці і прадэманстваў Аляксандр Багаеў і, думаецца, даказаў не толькі сабе, але і іншым, што ведае!
Слова героям
Аляксандр Бахаеў:

– Я здзівіўся, калі даведаўся, што буду ўдзельнічаць у тэлегульні “Я ведаю!”.
Віктарына праходзіць у фармаце чатырох тураў у неверагодна добразычлівай атмасферы, гэта тычыцца і ўдзельнікаў, і арганізатараў, і вядучых.

У фінале было не так хвалююча, як на суперфінале, хутчэй цікава. Зазначу, што некаторыя пытанні падаліся не складанымі, памылкі дапускаў у большай ступені з-за недахопу часу. У трэцім туры дамінавала не мая тэматыка – было складана. Змог адказаць толькі на пытанне з сярпом. Самымі крыўднымі былі пытанні па табліцах (першы тур) і пра шклянку (трэці).
Прызнацца, не чакаў, што траплю ў суперфінал. Пытанні першага тура па складанасці не асабліва адрозніваліся ад фінала. А вось другі этап выдаўся няпростым, хоць на свае тэмы (фізіка, матэматыка, гісторыя) я адказваў без памылак. Самым крыўдным было пытанне пра эклеры, я іх ніколі не гатаваў, таму і не ўяўляў, з якога цеста іх робяць.

Нягледзячы на ўсе нюансы і складанасці, я вельмі ўсцешаны, што змог паўдзельнічаць у суперфінале. Гэты досвед стаў для мяне не толькі цікавым, але і патрэбным.
Хачу выказаць удзячнасць настаўнікам нашай школы за падрыхтоўку, таму што на большасць пытанняў я адказаў дзякуючы іх урокам. Асабліва – Таццяне Мікалаеўне Ждановіч, Людміле Уладзіміраўне Саўко, Ніне Іванаўне Куцько.
Таццяна Мікалаеўна Ждановіч:

– Саша займаецца ў класе фізіка-матэматычнага профілю, дзе я выкладаю. Сёлета ён прайшоў адбор на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і гісторыі. Удзельнічаў у турніры юных фізікаў. Словам, нашага вучня, мне здаецца, цалкам заслужана запрасілі ў гэты праект.
Калі аб’явілі Альхоўскую школу, мяне перапаўняў гонар.
За гульнёй я і іншыя настаўнікі назіралі ў асобным памяшканні. Пытанні, на якія не адказалі дзеці, “прыляталі” да нас. І мы таксама не на ўсе ведалі адказ. Напрыклад, хто прыдумаў адометр. Я ведала, дзе гэты прыбор знаходзіцца на панэлі аўтамабіля і для чаго ён, а аўтара гэтага вынаходніцтва – не. Аказваецца, яно належыць Герону Александрыйскаму.
Пасля другога тура Саша лідзіраваў. У трэцім, дзе трэба было даць адказ на хуткасць і націснуць кнопку, некаторыя дзеці зрэагавалі хутчэй за яго.
Праз некалькі тыдняў нам патэлефанавалі з Белтэлерадыёкампаніі і запраілі на суперфінал. Хоць Саша і не перамог, але прадэманстраваў выдатныя веды.
Фота з архіва суразмоўцаў.