Вучні Альхоўскай СШ сталі прызёрамі рэспубліканскага праекта “Дацягніся да мары

11:00 / 10.04.2026

Адразу два вучні Альхоўскай СШ – адзінаццацікласнік Мацвей Масевіч і пяцікласнік Сямён Вайткевіч – сталі прызёрамі рэспубліканскага сацыяльнага праекта “Дацягніся да мары”, арганізатарам якога з’яўляецца Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

Паўдзельнічаць у адмысловым відэамарафоне па падцягванні хлопцам прапанаваў настаўнік фізічнай культуры Уладзімір Батура, які зняў і зманціраваў адпаведныя сюжэты.

Па ўмовах конкурсу, трэба было як мага больш разоў падцягнуцца на перакладзіне, з чым школьнікі цудоўна справіліся.

Нягледзячы на асаблівасці здароўя, Сямён Вайткевіч не толькі гэта практыкаванне выконвае на “выдатна”, але і гуляе ў настольны тэніс.

Мацвей Масевіч пастаянна падтрымлівае добрую спартыўную форму і гэта, па меркаванні юнака, яму спатрэбіцца ў будучым – плануе стаць ваенным.

– Стала прыемнай нечаканасцю, што адразу два нашых вучні засвяціліся ў гэтым праекце – канкурэнцыя была неверагоднай. – падзяліўся Уладзімір Леанідавіч. – У дзесяці намінацыях журы вызначыла па адным пераможцы. Акрамя гэтага, з ліку ўдзельнікаў выбралі 10 прызёраў. Імі цалкам заслужана сталі Сямён і Мацвей. Падарункі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба хлопцам урачыста ўручылі на школьнай лінейцы.





Фота і відэа з архіва Альхоўскай СШ.

Текст: Алёна Ганулич