День войск ПВО отмечают островецкие радиотехники и зенитчики
12:00 / 12.04.2026
Пра тых, хто яшчэ са школьнай парты вырашыў прысвяціць жыццё вайсковай службе, расказваем у асобах. І даём падказку: ваенныя вну рыхтуюць спецыялістаў розных накірункаў – толькі выбірай, што па душы.
Службы розныя – вынік агульны
– Наш полк – гэта не толькі штаб і зенітныя ракетныя батарэі. Дзейнасць часці забяспечваюць і іншыя службы: інжынерная; радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны; юрыдычнай; медыцынскай; тылавой: гаруча-змазачных матэрыялаў, харчовай, кватэрна-эксплуатацыйнай. Канешне, ключавым арганізмам з’яўляецца зенітная ракетная батарэя, але без зладжанай работы вайскоўцаў іншых падраздзяленняў яна не змагла б нармальна функцыянаваць – усе спецыялісты палка працуюць на агульны поспех, звязаны з годным выкананнем задач, – тлумачыць камандзір 1146-га зенітнага ракетнага палка Мікалай Камчанкоў. – Да прыкладу, мінулы год прайшоў для часці паспяхова: пасля шэрагу праверак дзейнасць палка атрымала адзнаку «добра»; адна з нашых зенітных ракетных батарэй выконвала задачы падчас праверкі боегатоўнасці вайсковых фарміраванняў: пазіцыю занялі адразу, забяспечылі бесперабойную сувязь як з палком, так і з баявымі машынамі… – словам зрабілі ўсё, што патрабавалася, таму і кантрольныя задачы выканалі на выдатна. 2026-ты будзе не менш напружаным: рыхтуемся да тактычных вучэнняў пад кіраўніцтвам начальніка зенітных ракетных войскаў; будзем удзельнічаць у тактычных вучэннях з баявой стральбой на расійскім палігоне «Ашулук» – спадзяюся, што, як і заўсёды, пакажам выдатны вынік.
Кадравыя афіцэры
Намеснік камандзіра па тыле – начальнік службы тыла Дзмітрый Чэпелевіч з ранняга дзяцінства ведаў: будзе ваенным.
– Да слова, вучобу курсанты нашай спецыяльнасці праходзілі на двух факультэтах: ваенным і эканомікі і кіравання – вывучалі тэхнічныя сродкі розных відаў тылавой службы, іх забеспячэнне, а яшчэ – статыстыку, мікра- і макраэканоміку… – пералічвае намеснік камандзіра палка. – На апошніх курсах ужо кожны займаўся па сваім, вузкім, накірунку.
Пасля заканчэння трапіў на радзіму – у горад Бярозу, быў начальнікам рэчавай службы 16-га асобнага палка радыёэлектроннай барацьбы. А пасля адвучыўся на факультэце генштаба Ваеннай акадэміі і размеркаваўся намеснікам камандзіра па тыле асобнага батальёна ў баранавіцкую 8-ю радыётэхнічную брыгаду, адкуль пазней прыйшоў у наш полк намеснікам камандзіра па тыле.
Калі напачатку службы займаўся больш вузкім накірункам, то цяпер сачыць за тым, каб усе былі накормлены, адзеты-абуты, машыны ўсе запраўлены і гэтак далей; работа медыцынскага пункта, супрацьпажарная бяспека… – далёка не ўвесь пералік таго, чым займаюся на сваёй пасадзе.
Для начальніка службы радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Дзмітрыя Істоміна выбар прафесіі і яе вузкая спецыфіка таксама сталі відавочнымі: пайшоў бацькавай сцежкай.
Юнак атрымаў двайную прафесію: спецыяліста па кіраванні і хіміка-эколага. Хлопца размеркавалі камандзірам дымавога ўзвода 8-й брыгады РХБА ў родны горад, пазней перавялі ў 6-ю механізаваную брыгаду г. Гродна. А ў 2017 годзе, калі 1146-ты полк прыбыў на пастаяннае месца дыслакацыі ў Астравецкі раён, Дзмітрыя перавялі сюды начальнікам службы РХБА.
– Складана давялося па першасці: новая пасада, толькі сфарміраваная служба – пачынаў з нуля, – дзеліцца вайсковец. – Цяпер маю дзейнасць можна параўнаць з работай мэнэджара.
Выбар прафесіі камандзірам зенітнай ракетнай батарэі «ТОР» Антона Забелы падобны да двух папярэдніх гісторый: сын ваеннага вырашыў прадоўжыць сямейную дынастыю.
Антон гаворыць, што з дзяцінства яго вабіла тэхніка: сабраць-разабраць, даведацца, як уладкавана, які прынцып дзеяння… Таму і ў курсанцкія гады з цікавасцю спасцігаў работу магутных машын, начыненых электронікай, і размешчанае ў іх абсталяванне.
– Мы вывучалі не толькі ўстройства комплексу і ўпраўленне ім, а і выпраўленне няспраўнасцей баявой машыны – вайсковец майго профілю абавязкова павінен умець гэта рабіць. Маладым спецыялістам я не толькі вучыў, але і сам вучыўся ў вопытных падначаленых, – прыгадвае камандзір «ТОРа». – Першая пасада, на якую прызначылі пасля выпуску, – начальнік зенітнага ракетнага разліку 5-й зенітнай ракетнай батарэі 1146-га палка. Праз год быў ужо намеснікам камандзіра батарэі па баявым кіраванні – начальнікам аддзялення кіравання, а ў 2023 годзе перайшоў на сённяшнюю пасаду. Цяпер у маім падначаленні і салдаты тэрміновай службы, і афіцэры. Асноўная функцыя батарэі – ахова неба як у пункце пастаяннай дыслакацыі, так і ў прызначаных раёнах – іншымі словамі, выяўляем, суправаджаем і, у выпадку небяспекі, знішчаем паветраныя цэлі.
У адрозненне ад калег для начальніка юрыдычнай службы Міхаіла Мартынюка вайсковая сцяжынка не была справай сямейнай – магчыма, малады чалавек стане яе пачынальнікам.
Спецыфіка службы ваеннага юрыста заключаецца не толькі ў вядзенні і састаўленні дакументацыі, веданні законаў і кодэксаў, тлумачыць афіцэр:
– Узаемадзейнічаю з рознымі структурамі: судом, пракуратурай, Следчым камітэтам, натарыяльнай канторай. Дапамагаю ваеннаслужачым з пытаннямі юрыдычнага характару ў іх прафесійнай дзейнасці. Займаюся службовымі расследаннямі, складаю акты агляду і гэтак далей. Таксама ў мае абавязкі ўваходзяць прававыя заняткі для асабовага складу і грамадзянскага персаналу.