Вялікдзень: традыцыі Астравеччыны
Трымаліся веры
Франц Лісоўскі, аг. Міхалішкі:
– Ад Вербнай пачынаецца асаблівы ў духоўным сэнсе час прыгатавання да Вялікадня: Вялікі тыдзень! А з чвартку (чацвер. – Заўв. аўт.) – самы жалобны час, бо Пана Езуса ўжо вялі да забіцця.
У пёнтэк (пятніца. – Заўв. аўт.) у нас было зусім пуста: устрымліваліся ад ужывання не толькі мясных страў, а і малака, яек, масла... Я і па сёння гэтак пашчуся: толькі чай і полівачку пустую вару сабе.
А ў суботу многія неслі свенціць ежу (бралі хто што меў) і ваду ў касцёл. У маім дзяцінстве ваду ў вялікай бочцы (літраў на 200) асвячалі, а тады ўжо кожны падыходзіў і набіраў сабе. Мае бацькі неслі пакармы (ежу для асвячэння. – Заўв. аўт.) на нядзельную імшу.
Усе дні Трыдууму і ў нядзелю змёртвыхпаўстання хадзілі на імшы. Сям’я мая з Палестыні (в. Палесціна. – Заўв. аўт.), яна адносіцца да Міхалішскай парафіі, таму да касцёла хадзілі ў Міхалішкі. А людзей жа збіралася поўна!.. І не дзіва – столькі вёсак да парафіі прыпісана: Керэлі, Чэхі, Маркуні, Валайкуні, Скярдзімы, Авены, Шульнікі, Газа, Сарочча… Люду ў маю маладосць там шмат было, сем’і вялікія.
На Дарогу крыжовую праз увесь пост абавязкова хадзілі ў касцёл. Я і цяпер адпраўляю яе па аўторках, чвартках і пёнтках. (Паказвае малітоўнік.) І песні жальбы спяваю. Праўда, у хаце гэта раблю, бо да касцёла ўжо дайсці не здолею. Маладыя, канешне, так не моляцца – не ўмеюць, я некалі і сам гэтакі быў, але ў касцёл спраўна хадзіў.
Пасля нядзельнай Велікоднай імшы садзіліся есці свянцонку, мама стол накрывала дасыта. А днём вясковая моладзь выпраўлялася валачобіць, спяваючы «Алелюю», я её і сёння помню:
Вэсолы нам дзісь дзень настал,
Ктурэго дня кажды жондал,
Гды Пан Хрыстус з мартвы хвстал.
Алелюя, алелюя, алелюя!
До тшэцего дня Он там мешкал,
Ойца Сыне там поцешал,
Потэм зэ собой сказал:
Алелюя, алелюя, алелюя!
Паходзім па хатах, заробім усялякай ежы, а тады пад вечар збіраемся ў каго ў доме – і засядаем, адзначаем.
А ў гульні з яйкамі як гулялі! І старыя, і малыя! І каталі іх па нахіленым жалабку – чыё далей пакаціцца глядзелі; і ў біткі лупілі.
Святкавалі харашо, вясёла! Так ужо добра было, Божа мой!
Як мае бацькі перажывалі Велікодны час, такіх жа правілаў потым і мы з жонкай прытрымліваліся ў сваёй сям’і і дзяцей да гэтага прывучалі.
Хадзілі ў жакі
Паліна Субач, аг. Міхалішкі:
– На Вялікдзень разам з сябрамі з гуртка «Вытокі», што ў міхалішкаўскім клубе, ходзім у жакі. У першы раз, хоць ішла і не адна, хвалявалася, каб не забыць словы.
Надзея Іванаўна (кіраўнік гуртка. – Заўв. аўт.) навучыла валачобным традыцыям, у прыватнасці як пачастункаў у гаспадароў папрасіць:
Гэчка, гэчка,
вылезь з-пад печка!
Жачкі запрашаюць – падарункі чакаюць!
На гуртку мы развучылі розныя велікодныя прывітанні, пажаданні і цяпер штогод ходзім радаваць аднавяскоўцаў:
Зямля на сонцы грэе бок,
Чароўны белы галубок
Святую вестку нам прынёс: Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
Прапануем і гульні: біткі, кручэнне і катанне яек – падабаецца і дзецям, і дарослым.
Дорым людзям настрой, а яны за гэта даюць пачастункі: фарбаваныя яйкі, цукеркі, мандарыны. За гэта дзякуем гаспадарам:
Няхай вашыя дзеткі будуць,
Як у садзе кветкі!
Няхай ваша ніва заўсёды будзе ўрадліва!
Ідучы па вуліцах, таксама спяваем, абвяшчаючы радасную навіну:
Валачобнікі валачыліся.
Хрыстос уваскрос, Сын Божы!
На падворках нас сустракаюць усмешкамі і слухаюць уважліва – гэта прыемна, мы ж рыхтаваліся.

Фарбавалі да паўсотні яек
Ганарата Чарняўская, аг. Міхалішкі:
– Я родам з Вішнеўскай парафіі, што на Смаргоншчыне, – гэта блізка адсюль, таму і традыцыі святкавання такія ж.
Пост захоўвалі, у стравах у тым ліку. Касцёл ад нашай вёскі за чатыры кіламетры быў. Раніцай у нядзелю ўсёй сям’ёй ішлі на набажэнства і неслі з сабой ежу для асвячэння: хлеб, пірог, каўбасу, кумпяк, масла, ваду, соль. Вярнуўшыся дадому, садзіліся за святочны сняданак, дарэчы, у нашай сям’і бульбу ў гэты дзень на стол не ставілі – ці крупяную кашу, ці макароны.
Рыхтаваліся да Вялікадня даўней амаль так, як і сёння. Рабілі ўсё загаддзя, не адкладвалі да апошніх дзён. У першую чаргу наводзілі парадкі ў панадворку, бялілі дрэвы, калі надвор’е дазваляла. Прыбіралі і ў доме, вычышчалі ўсе куты, мылі сцены, сталяванні (столі. – Заўв. аўт.).
Перад Вялікаднём калолі кабана, рабілі каўбасы, вантрабянкі, вяндліну, лепшае мяса пакідалі на свята. У маім дзяцінстве на велікодным стале куплёнага не было, усё са сваёй гаспадаркі мелі – трымалі карову, свіней, кур, агароды вялікія садзілі.
Як і цяпер, яйкі ў пятніцу альбо суботу фарбавалі – праўда, даўней гэта рабілі толькі ў цыбулевым лушпінні. Не тое што сёння: фарбавацелі ўсялякіх колераў прадаюць. Дарэчы, яйкі да свята пачыналі збіраць зарання – да паўсотні штук фарбавалі, а потым імі частавалі дзяцей, якія ў жакі прыходзілі. Некалькі яек клалі ў кошык на асвячэнне і адно давалі ксяндзу. І цяпер святару перадаём, а ён адвозіць сабраныя яйкі ў дом састарэлых (дом сумеснага пражывання ў Міхалішках. – Заўв. аўт.).
Дзеці ў жакі хадзілі днём, іх, акрамя яйка, булкай ці пірагом частавалі. Валачобнікі (дзяўчаты, хлопцы, маладыя мужчыны ды жанчыны) ішлі па хатах увечары, спяваючы прыпеўкі з пажаданнямі гаспадарам здароўя і багацця, ім таксама пачастункі давалі, праўда, ужо «дарослыя».
Рабілі баранчыка
Ірэна Емяльян, аг. Кемелішкі:
Што тычыцца нашай сямейнай традыцыі, то яна перадалася мне ад мамы, праўда, у маім дзяцінстве гэта была булка ў выглядзе баранчыка, якую выпякалі ў спецыяльнай форме, ніякага дэкору ці начынкі не было.
Я пачала рабіць баранчыкаў, калі нарадзілася першая ўнучачка – яе першы Вялікдзень быў з такім ласункам. І з той пары для нас гэта стала штогадовым элементам святочнага стала. Але рэцэпт прыгатавання гэтага прысмака змяніла: замест здобнага цеста ў мяне інгрэдыенты ўсе як на шакаладную каўбаску. У форму шчыльна ўтрамбоўваю масу і стаўлю на суткі ў халоднае месца. Выняўшы з формы, пакрываю баранчыка глазуру, малюю яму вочкі, носік, рот. Атрымліваецца смачны і прыгожы пачастунак – усе хатнія яго любяць. Дарэчы, на Божае Нараджэнне на нашым стале таксама ёсць такі баранчык.
Як некалі ў бацькоў было заведезена, што да іх усе дзеці збіраюцца на вялікія святы – гэта нават не абмяркоўвалася. Так цяпер і ў нас з мужам: Вялікдзень дочкі з сем’ямі святкуюць у нас. Праўда, адна дачка, чаргуе свае візіты: год едзе да свекрыві, на наступны – сюды, у Кемелішкі. Гэта правільна, трэба ўсіх бацькоў паважаць.
Дзеці едуць да нас напярэдадні – у суботу, дапамагаюць з прыгатаваннем, старэйшая дачка яшчэ і сваю выпечку прывозіць: робіць арэшкі са згушчонкай. У нядзелю раніцай усе разам ідзём у касцёл на імшу, а тады прыходзім дадому, накрываем на стол і сядаем есці свянцонку.
Свянцонку елі тыдзень
Зузанна Бабіч, аг. Кемелішкі:
У дзяцінстве цяжка давялося. Тату на вайну забралі ў 1944-м, а ў маці чацвёра малых засталося: мне, старэйшай, 4 гады! Бацька дамоў не вярнуўся, дзяды-бабулі памерлі – дапамогі няма. З ранняй вясны мы, дзеці, наймаліся да людзей пасвіць кароў, каб хоць што зарабіць: ці капейчыну, ці адзежы – абноскаў...
Горка жылося, таму і на Вельканац шыкаваць не было з чаго.
Ранічкай у нядзелю маці ішла ў касцёл у Кемелішкі, а мы заставаліся дома яе чакаць. Як убачым у акно, што ідзе, – бяжым, спатыкаем. А тады засцілаем белы абрус на стол, ставім ежу… У свянцонцы ляжала адно яечка, крыху сыра, масла, маленькі шматочак мяска і вадзічка (пілі перад тым, як есці асвечаныя стравы). Мама падзеліць на пяць частак, каб кожнаму было – і ўсё на тым.
Цэлы пост нас маці трымала пад кантролем: не будзеце слухаць – будзеце пад карытам сядзець! Ніхто з нас не меў уяўлення, што гэта за пакаранне, але вельмі баяліся. (Смяецца.) Захоўвалі пост не толькі ў паводзінах, але і ў ежы: па серадах, пятніцах і суботах у нас устрымліваліся ад мясных страў.
Перад святам заўсёды хату прыбіралі; спавядаліся, каб з чыстай душой Вялікдзень сустракаць. Вой, а раней жа на свята людзі коней запрагалі, упрыгожвалі шаргунамі, брычкі ўбраныя былі! Ехалі дружна, тых, хто пешшу, – падвозілі.
З касцёла кожны стараўся першым прыехаць дамоў – лічылася, што тады будзеш першым у рабоце, каб усё ў руках спорылася.
На Вялікдзень нам было дазволена ў жакі схадзіць. Жылі на хутары, дзе стаяла тры хаты. Таму мама дзяліла нас: двое ідуць да адных суседзяў, двое – да іншых. Па такім прынцыпе і да стрыечных цётак ішлі, каб не табуном, бо гаспадарам жа будзе накладна шмат дзяцей прымаць.
Калі вечарэла, валачобнікі ішлі па вёсках – мы выходзілі на вуліцу слухаць іх: спяваюць, на гармоніку, на скрыпцы падыгрываюць! Абавязкова спявалі «Васолы нам дзісь дзень настал», а як заходзілі ў двор, дзе дзяўчаты незамужнія жылі, то яшчэ і лалынкі выконвалі – песні, якія ўхвалялі паненак.
Да слова, Вялікдзень святкавалі чатыры дні: нядзеля, панядзелак, аўторак і серада – а вось свянцонку асвячалі і потым дзялілі так, каб есці цягам усяго тыдня!