Пасхальны Трыдуум у католікаў: у чым сэнс кожнага дня

10:00 / 05.04.2026
Згодна з каталіцкай традыцыяй Вялікадню папярэднічаюць перажыванні вернікамі трох апошніх зямных дзён жыцця Сына Божага, які прыйшоў у наш свет, каб прынесці людзям збавенне. У чым заключаецца духоўны сэнс і што сімвалізуе кожны з дзён Велікоднага Трыдууму, мы папрасілі расказаць астравецкага святара Юрыя Кузьміча, які служыць пробашчам у парафіі Адшукання Крыжа Пана.

– Пасхальны Трыдуум – гэта напамін пра чараду падзей, якія адбываліся ў апошнія дні жыцця Езуса Хрыста на гэтым свеце: апошняя вячэра, мука і цярпенні і Яго смерць. 

Гэта, скажам так, кульмінацыя ўсяго года, дзе паказана Божая міласэрнасць і любоў да нас, грэшных людзей. І разам з тым гэтыя тры дні даюць зразумець: вось якую «ўзнагароду» атрымаў Сын Божы ад людзей за міласці, дабрадзействы, цярплівасць – балюча гучыць, але, на жаль, так.

Вялікі чацвер: ахвяра апошняй вячэры

– У Вялікі чацвер вечарам адпраўляецца святая Імша вячэры Пана – з яе распачынаецца Трыдуум Пасхальны. 

У гэты дзень Хрыстос устанавіў святую Эўхарыстыю (Імшу) і сакрамэнт святарства. Яны паміж сабой вельмі цесна звязаны і адзін без аднаго існаваць не могуць: не было б службы, не мелі б патрэбы ў святарах, і наадварот. Нагадаю, Эўхарыстыя сімвалізуе ахвяру Хрыста, якая адбылася ў Вялікую пятніцу на гары Галгофе дзеля нашага збавення. 

Вялікім чацвяргом у катэдральным (галоўным) касцёле дыяцэзіі цэлебруецца Эўхарыстыя ўдзячнасці Богу за дар паклікання да святарства. Падчас яе асвячаюцца алеі: хворых, хрызма і катэхомэна, якія потым выкарыстоўваюцца святарамі суадносна падчас адведвання хворых, хрышчэння дзяцей, а таксама дарослых, якія хочуць прыняць каталіцызм. 

У гэты ж дзень мы адкрываем для сябе Божую міласць, якая праяўляецца ў служэнні. Яго сімвалізуе абмыццё ног апосталам – 12-ці вучням Хрыста. У храмах, прынамсі ў нашым, такі абрад праводзіцца: святар абмывае ногі 12-ці мужчынам.

Абмыванне ног было абавязкам слуг, але Езус вучыць: калі ваш Настаўнік так робіць, то і вы павінны так рабіць. І тым самым Гасподзь нам паказвае: Мая любоў бескарысная, бязмежная, яна заключаецца не ў тым, каб узносіцца над людзьмі, а каб быць побач, як клапатлівыя маці і бацька. У гэтым праяўляюцца Божыя адносіны да нас.

Вялікая пятніца: мукі і смерць Хрыста

– Вялікая пятніца – дзень вялікага смутку: смерці Езуса.

У ноч з чацвярга на пятніцу Сына Божага катавалі: мучалі, збівалі, насмейваліся з яго. А потым выправілі ў крыжовую дарогу. Ён ідзе на гару Галгофу. Па сутнасці, гэта шлях нашага збавення, які паказвае, наколькі страшны і знішчальны грэх, які б ён ні быў – малы ці вялікі. 

Часам думаюць: грэх невялікі – нічога страшнага не адбылося. На самой справе ён падобны да хваробы: калі не зважаць на яе, яна разрастаецца і выбівае чалавека са звыклага рытму. Так адбываецца і ў жыцці духоўным: грэх знішчальны, і нават маленькі  выклікае сур'ёзныя наступствы, бо глыбока прарастае ў чалавеку. Езус, ідучы крыжовай дарогай, усё гэта паказвае. Папярэджвае, што сустракаюцца на жыццёвым шляху розныя людзі – і тыя, хто плюе, б'е; і тыя, хто дапамагае несці твой крыж. Паказвае і адвагу – на прыкладзе Веранікі, якая выцірае Яму твар; Маці Божай, якая заўсёды трывае пры сваім Дзіцяці. 

У касцёле ў Вялікую пятніцу не праводзіцца звыклая святая Імша, а літургія, якая называецца мукамі Пана. Падчас яе спяваюць малітву верных, чытаюць муку Хрыста і праводзяць абрад адарацыі крыжа. Крыж, які ў тыя часы з'яўляўся самай ганебнай смерцю, стаў для людзей збавеннем – ключом да брамы нябеснай. Праяўленне Божай міласці мы бачым нават тады, калі Езуса ўкрыжавалі: Хрыстос прамовіў: «Ойча, даруй ім, бо яны не ведаюць, што чыняць». 

Мы перажываем смерць Хрыс­та як смерць ахвярнага баранка – ягнятка, якога паводле Старога запавету складалі за грахі свету.

Так Сын Божы сваёй ахвярай узяў усе нашы грахі – нашы крыжы на свае плечы. А ўжо ад кожнага асобна залежыць, ці будзе ён выратаваны, бо Бог чакае ўсіх, але хоча нашага адказу. Крыж, на якім прыняў смерць Езус, стаяў на гары і быў бачны здалёк. У тым зноў жа ёсць сімвалізм: ён не схаваны, да яго можа прыйсці кожны.

Вялікая пятніца абавязвае вернікаў да шчырага посту: адзін раз з'есці да сыта і два разы – толькі каб наталіць голад, і само сабой – устрыманне ад мясных страў (як і кожную пятніцу). Гэта знак нашай веры, засяроджванне над сваімі ўчынкамі, той маленькі дар, які мы можам прынесці Езусу.
Вялікая субота: 

Езус сыходзіць да адхлані

– Дзень, калі вернікі трываюць пры магіле Езуса. Касцёл, ядна­ючыся з векавымі традыцыямі, прабывае ў смутку, болю і жалю. Гэта час засяроджвання думак над тым, да чаго прыводзіць грэх; як мы адносімся да Бога, як Ім жывём.

Падчас Вялікай пятніцы і Вялікай суботы ўдзяляюцца толькі сакрамэнты адведвання хворых і пакаяння, а вось пахаванне ў гэты перыяд адбываецца выключна на могілках: без спеваў, без званоў, нябожчыка ў храм не нясуць. Гэтыя два дні адметныя, таму і няма святой Эўхарыстыі, бо Хрыстос у гэты час быў у адхлані – месцы, дзе знаходзіліся душы тых, хто памёр да прыходу Збаўцы. І вось Гасподзь сыходзіць туды, каб ім аб'явіцца.

Вялікая субота абавязвае ўстрыманне ад мясных страў. 

На працягу дня вернікі маюць магчымасць асвяціць велікодныя стравы. На жаль, некаторыя лічаць асвячэнне ежы самым галоўным, забываючы пра сапраўдны, духоўны, складнік.

На самой справе цэнтральнае месца займае ўдзел у вігіліі пасхальнай, якая цэлебруецца ўвечары, – менавіта ў ёй заключаны сэнс перажывання суботы. 

Падчас вігіліі прыводзяцца чытанні са Старога запавету пра тое, як Бог цягам стагоддзяў стукаўся ў людскія сэрцы, як змагаўся за выратаванне чалавека; гучаць і словы Новага запавету пра ўваскрэсенне Езуса Хрыста; адбываецца абрад асвячэння святла; спяваецца экзультат – велікодная песня, якая абвяшчае змёртвыхпаўстанне Збаўцы. 

Не страшна, калі з’ядзіце неасвечаныя стравы. Але горка, калі не знойдзеце часу на ўдзел у святой Імшы, не прымеце святой камуніі, не падрыхтуеце свае сэрцы, бо тады не адбудзецца вашай сустрэчы з Богам.

Святы Трыдуум заканчваецца абвяшчэннем перамогі Сына Божага над грахом і смерцю.

Калі будзем па-сапраўднаму шчыра перажываць гэтыя дні, вельмі многае зменіцца ў нашым жыцці. Варта толькі памятаць, што ва ўсіх жыццёвых выпрабаваннях Бог нам падказвае, каб мы ішлі да Яго, хоча быць з намі, а людзі часта прымаюць такія сітуацыі як кару Божую. Гэта не так, на самой справе Ён амывае нам ногі – спускаецца да нас, каб падтрымаць. Бо хоча быць жывым Богам у нашым што­дзённым жыцці, а не проста традыцыяй на святы.

Збіраем велікодны кошык

Асвячэнне – гэта запрашэнне Бога ў сваё жыццё просьбаю блаславіць дары, якія Ён даў нам. Згодна з малітвай бласлаў­лення страў на велікодны стол у кошык кладуць:

хлеб і святочнае печыва («на ўспамін хлеба, якім Ты накарміў народ, што слухаў цябе на пустыні»);
мяса, каўбасы, вяндліну – тое, што традыцыйна для сям’і («мы будзем спажываць на ўспамін пасхальнага баранка»);
соль («каб ахоўвала нас ад сапсаванасці»);
яйка («знак новага жыцця»).


Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо