3 этап конкурсу «Сваё, астравецкае»: тры гады нараджэння Альхоўскай школы

12:00 / 03.04.2026
Прыемнай неспадзяванкай для нас стала тое, што на трэці этап рэдакцыйнага конкурсу паступіла ажно 11 адказаў – і, з радасцю зазначым, усе правільныя.

Сапраўды, Альхоўская школа мае права святкаваць тры дні нараджэння, больш таго: сёлета ў яе круглая і прыгожая дата – 80-гадовы юбілей з дня заснавання.

Праўда, некаторыя канкурсанты ў допісах абмежаваліся толькі пазначэннем назвы навучальнай установы; іншыя далі разгорнутыя і падрабязныя адказы пра яе гісторыю, настаўнікаў, кіраўнікоў, выбітных выпускнікоў, уплыў і ўнёсак мясцовай фабрыкі на яе развіццё, у дадатак даслалі ілюстрацыі; адзінкі падзяліліся асабістымі ўспамінамі ці ўражаннямі знаёмых, звязаных з гэтай школай…

Мне часова давялося замяніць Ніну Рыбік, якая пасля вяртання з адпачынку зноў будзе «журыць» гэты конкурс. З цікавасцю і скрупулёзна перачытваючы адказы, атрымала вялікае задавальненне, што ёсць нагода ўспомніць гэту школу і завочна прыадкрыць галоўныя этапы і значныя падзеі ў яе гісторыі. 

У 1946 годзе з вёскі Мінары ў Альхоўку перавезлі зруб хаты Міхаіла Недрашлянскага – так у гэтым населеным пункце ўзнікла пачатковая школа. 

Як згадвае ў сваіх допісах большасць удзель­нікаў, напачатку тут працаваў толь­кі адзін настаўнік (адначасова дырэктар) – Іна Анатольеўна Скаруцкая – заслужаны настаўнік БССР, выдатнік адукацыі. Крыху пазней педкалектыў папоўнілі Л. Ска­руцкая, Л. Пацяруха, Н. Жыдовіч, Н. Іса­ева. Аляксандра Працута (дзякуй, што вярнуліся да ўдзелу ў конкурсе!), дадае, што напачатку тут вучылася 12-17 дзяцей, у тым ліку і яе дзядуля Іван Янушэўскі.

Другой важнай датай у гісторыі Альхоўскай школы можна лічыць 1952 год (іншыя ўдзельнікі ўказваюць 1954-ты), калі яна была рэарганізавана ў сямігодку. І ў гэты ж час тут пачынаецца ўзвядзенне цаглянага корпусу пад пільным наглядам дырэктара кардоннай фабрыкі Леаніда Рыгоравіча Леўчанкі. З 1956 года заняткі праводзіліся ў новым будынку, дзе таксама размяшчаўся школьны інтэрнат. Цяпер у гэтым месцы знаходзіцца школьны краязнаўчы музей «Спадчына» (першы кіраўнік – Ганна Шыманец, цяпер – Валянціна Міхайлава).


Увогуле развіццё і росквіт самой Альхоўкі, як і школы, немагчыма ўявіць без кардоннай фабрыкі, якая шмат гадоў была асноўным і галоўным шэфам навучальнай установы. Менавіта дзякуючы гэтаму аб’екту ў гісторыі школы адбыўся і трэці дзень нараджэння. 

Генадзь Бужымскі адзначыў, што трэцяе заданне конкурсу ажывіла ў ім успаміны – мужчына меў непасрэднае дачыненне да будаўніцтва школы, пра што падрабязна расказваў з пяць гадоў таму ў дасланым у рэдакцыю артыкуле. 

У 1979 годзе новы двухпавярховы будынак школы, разлічаны на 320 вучняў, прыняў у прасторныя класы школьнікаў. Намаганні ўсіх, хто прасіў аб адкрыцці школы, не змарнаваліся: на самым высокім узроўні было прынята рашэнне аб будаўніцтве толькі дзвюх такіх тыповых школ ва ўсім Савецкім Саюзе – у Альхоўцы і Усць-Іліме. 

Карына Стаповіч у допісе цытуе былога дырэктара Яўгена Уладзіміравіча Чабатарова. А таксама ўдзельніца прыводзіць успаміны сваёй першай настаўніцы Эліны Віктараўны Гражуль-Гульбінскай, якая ў 1979 годзе пайшла ў новую сучасную школу.

У гады адкрыцця ў навучальнай школе было 148 вучняў, у іх ліку і маці Аляксандры Працуты, Валянціна Міхайлава (Янушэўская).

Пасля Валянціны Аляксееўны Маркоўскай з 1980 па 2007 гады Альхоўскую СШ узначальваў Яўген Чабатароў. Марыя Васілёнак дзеліцца, што, па ўспамінах Яўгена Уладзіміравіча, калі ён прыйшоў сюды, вучнёўскі калектыў складаўся з 240 дзяцей. Пры падтрымцы фабрыкі школа квітнела і развівалася. Наша чытачка ўзгадвае, што «настаўнік працоўнага навучання Віктар Міхайлавіч Гражуль сканструяваў для фабрыкі патрэбныя ў вытворчасці кардону валікі». 
Адметна, што дзякуючы свайму прадпрыемству-апекуну гэта навучальная ўстанова стала першай у раёне ўладальніцай камп’ютарнага класа. Са сродкаў фабрыкі пастаянна прэміраваліся вучні-выдатнікі. Таксама з 1990 года, як зазначаюць Тарэса Бабіч і Юлія Заруба, на базе школы працуе метадычны летнік настаўнікаў фізікі, які зазвычай месціцца на беразе ракі Страчы. 


Падрабязна расказалі нашы канкурсанты і пра кампазіцыю ў выглядзе разгорнутай кнігі, фота якой мы змяшчалі ў якасці падказкі да гэтага задання. 

Сапраўды, памятны барэльеф устанавілі ў 2006-м з нагоды 60-годдзя навучальнай установы. А ў памяці Аляксандры Працуты назаўсёды застаўся вялікі куст бэзу, які калісьці рос на гэтым месцы…

З 2007 па 2011 год дырэктарам быў Ігар Генадзьевіч Уласік, с 2011-га па сённяшні час – Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч. 

Цяпер у школе 64 вучні. Педагагічны калектыў складае 25 чалавек (5 з іх – выхавальнікі дзіцячага садка).

Многія з удзельнікаў даслалі падрабязныя звесткі пра выбітных выпускнікоў Альхоўскай школы: доктара тэхнічных навук, дацэнта БДУІР Пятра Бранцэвіча; дацэнта кафедры хімічнай перапрацоўкі, кандыдата тэхнічных навук БДТУ Наталлю Жаўняровіч; кандыдата геаграфічных навук, члена 16-й і 17-й беларускай антарктычнай экспедыцыі Уладзіміра Чарнюка; філолага, настаўніка, празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілу Маркоўскую; першага сакратара Астравецкага райкама БРСМ Вольгу Максімаву.

Верыцца, што для іх, як і для большасці былых вучняў, Альхоўская СШ назаўсёды застанецца ў памяці як першае і самае светлае месца судакранання не толькі з пісьмом, чытаннем і матэматыкай, але і непадкупнай высакароднасцю і прыроджанай інтэлегентасцю настаўнікаў, сапраўдным і шчырым сяброўствам з аднакласнікамі.

З задавальненнем амаль усім удзельнікам прысудзіла б найвышэйшыя балы. Але гэта конкурс. Допісы некаторых удзельнікаў былі без­дакор­нымі гістарычнымі даведкамі, а іншых, як, напрыклад, Карыны Стаповіч, з першых радкоў падкупалі шчырасцю і непрыхаванай любоўю да гэтага месца: 

«Адчыняю веснічкі… і перада мной – Альхоўская школа. Сёння я прыйшла сюды са сваім сынам, як калісьці сама з матуляй… Шмат успамінаў узнікае, гледзячы на яе. Мама, Таццяна Іосіфаўна Дуброўская, у 2000 годзе тут пачынала педагагічную дзейнасць. Памятаю настаўніцкі калектыў, які прымаў мяне, малую, за сваю, мэтанакіраваных вучняў, на якіх я хацела быць падобнай, шматлікія школьныя паходы па альхоўскім краі з маляўнічымі пейзажамі».
 
…Такім чынам, падводзім вынікі: па 0,5 балаў налічана Марыне Лукашэвіч і Аэліце Рыльковай, якія даслалі назву навучальнай установы. Адказы іншых удзельнікаў былі больш змястоўнымі. Па 3 балы атрымліваюць Віталь Лянкевіч, Вячаслаў Саковіч, Наталля Блахіна, Генадзь Бужымскі, па 4 – Марыя Васілёнак і Аляксандра Працута. Найвышэйшую адзнаку – 5 – на свой рахунак запісваюць тандэм Тарэсы Бабіч і Юліі Зарубы, Ірына Пунько і Карына Стаповіч.
Текст: Алёна Ганулич