Грамадска-палітычны цэнтр “Белай Русі” пачаў работу ў Астраўцы

17:30 / 06.03.2026

Грамадска-палітычны цэнтр раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” пачаў работу ў Астраўцы напярэдадні 8 Сакавіка. З гэтай нагоды, а таксама аб’яўлення 2026-га Годам беларускай жанчыны спікерамі сталі прадстаўніцы прыгожай паловы Астравеччыны, а дакладней – нашай рэдакцыі.

Мадэратарам выступіў старшыня раённага аддзялення партыі Генадзь Бычко. Журналісты разам з гасцямі паразважалі, чаму ў пэўны час ці пры пэўных абставінах выбралі Гродзеншчыну – чытайце, Астравецкі раён – для таго, каб тут жыць, гадаваць дзяцей і працаваць.

Сваімі думкамі падзяліліся карэнная жыхарка, галоўны рэдактар “Астравецкай праўды” Алена Ярашэвіч; карэспандэнт, былы галоўны рэдактар газеты Ніна Рыбік, якая апынулася ў Астраўцы пасля аварыі на ЧАЭС; карэспандэнт Святлана Фёдарава, якая пераехала да нас з Расіі; члены партыі Кацярына Качаева і Надзея Ненартовіч – першая родам з Віцебшчыны, а другая вярнулася пасля вучобы ў родны Гудагай і сёння працуе ў Астраўцы.

Размова выйшла далёка за межы акрэсленай тэмы, але атрымалася вельмі цёплай, шчырай і, думаецца, будзе карыснай не толькі для ўдзельнікаў, але і нашых чытачоў, падштурхнуўшы іх таксама асэнсаваць асабісты, зроблены аднойчы выбар.

Святлана Фёдарава:


– Сёння ў мяне ёсць канкрэтныя асацыяцыі, звязаныя з Беларуссю, – прыгожыя мясціны і сябры… Тут я жыву 14-ты год, 13 з якіх працую ў рэдакцыі.

Дакладна не скажу, як апынулася на Астравеччыне, – ці то выпадковасць гэта была, а можа, лёс. Першы раз прыехала сюды на вяселле брата, затым – сястры. Яна і прапанавала кінуць у астравецкі фантан капейку – маўляў, есць такая прыкмета: вернешся. Спрацавала!

Мне шанцуе на людзей. Заўсёды лёгка знаходжу з імі агульную мову. Зразумела, калі прыехала ў чужую краіну, больш стасавалася з родзічамі, іх знаёмымі. А прыйшла ў рэдакцыю працаваць – і панеслася: сёння з адным размаўляеш, заўтра да другога на інтэрв’ю бяжыш.

Дарэчы, магу размаўляць на беларускай мове і пісаць. Прыязджаю на Радзіму, а там адзначаюць, што ўжо ў мяне акцэнт.

У мінулым годзе мае суседзі з Расіі ў чарговы раз падарожнічалі па Беларусі і заехалі ў Астравец. Потым казалі: “Света, ты жывеш у раі…”

А наш горад насамрэч прыгожы. У кожным яго мікрараёне ёсць нешта асаблівае. Люблю прайсці па яго вуліцах, у тым ліку ў прыватным сектары, – якія там прыгожыя домікі, чыстыя двары! Новыя шматпавярхоўкі выраслі на маіх вачах: калі прыехала, першы мікрараён толькі пачаў будавацца. А калі хочацца цішыні – іду гуляць па лесапарку: ягады, грыбы збіраю, спевы птушак слухаю, касулю або лісу сустрэну…

Ніна Рыбік:


– Для мяне Беларусь – Радзіма. Гэта мая мова, культура, мае продкі, бацькі… Не ўяўляю сабе, як магла б жыць у іншай краіне.

Гродзеншчына ў маім жыцці з’явілася напрыканцы 1989 года, таму Астравеччыну лічу другой радзімай. Спарша адчувала: тут іншыя людзі. Памятаю, як прыйшла ў новы калектыў. Праз некалькі гадоў маленькая дачка ўжо гаварыла: “Мама, як хадзіць з табой па Астраўцы? Усе з намі вітаюцца!” (Смяецца.) Вельмі ўдзячная была мясцовым людзям, бо ў 90-я гады павальнага дэфіцыту яны шмат дапамаглі “чарнобыльцам”.

Цяпер не ўяўляю сябе без Астраўца, таму што, па вялікім рахунку, я тут стала той, кім ёсць, – Нінай Рыбік. Тут пачала пісаць мастацкія творы. Не аднойчы гаварыла, паўтаруся: не ўпэнена, што, працуючы ў родных Хойніках, дабілася б таго ж. Ну, можа, артыкулы і былі б якія, не больш. І дакладна не была б Нінай Рыбік у Мінску: там вялікая канкурэнцыя, мне проста не хапіла б смеласці прабіцца.

Што тычыцца сучаснага Астраўца: хоць многім людзям у маім узросце падабаецца тое, што было раней, я ж люблю ўсё, што рухаецца наперад. Калі падтрымала будаўніцтва атамнай станцыі, мяне “хойніцкія” называлі здрадніцай. Але я аналізавала: насельніцтва ў раёне змяншалася кожны год, моладзь тут марыла аб адным – паступіць вучыцца і з’ехаць, і не таму, што не было патрыятызму – ім проста не было дзе працаваць. І я разумела: калі гэта працягнецца, раён увогуле могуць ліквідаваць. Атамная станцыя – вось ён, шанс для развіцця. Сёння радуюся, што ў нас ёсць школа мастацкай гімнастыкі, каратэ, два басейны, цудоўны МФК – і шмат чаго яшчэ для малых і для старых, для спаРтсменаў і артыстаў…

А настальгіраваць па старым Астраўцы можна, гуляючы па лесапарку, недалёка ад якога я, дарэчы, жыву.

Алена Ярашэвіч:


– Вялікая Радзіма ці малая – яна для мяне адна і адзіная. Гэта і ёсць Беларусь, без якой не ўяўляю свайго жыцця. І больш нідзе не змагла б жыць, акрамя як на Астравеччыне. Хоць і была ў мяне магчымасць застацца ў Мінску, прычым не адзін раз. Але як жа без майго Гудагая?! І людзей, нашай газеты…

Адвучыўшыся ў сталічнай вну, вярнулася дадому: адукацыю я атрымлівала па накіраванні. Тут мяне ўжо чакаў муж, які, дарэчы, прапаноўваў: можа, усё ж Мінск? Але не – я хацела сюды.

Калі ж неяк думка ўсё ж мільганула і я агучыла яе Ніне Аляксееўне, яна адзначыла: “І навошта табе? Каго ты там ведаешь і хто там ведае цябе?” Цяпер і я сваім калегам і практыкантам так гавару. (Смяецца.)

А ў нас сапраўды добра. Нават мой родзіч, расіянін, адзначае: “Нідзе я так сябе не адчуваю, як на Астравеччыне”.

І Астравец не дзялю на стары і новы, таму што помню яго з 2008 года, калі ён пачаў набываць сучасны выгляд. Тады пахарашэлі свежапафарбаваныя будынкі, параўнялі дарогі і тратуары на вуліцах… Цяперашні горад проста абажаю і спадзяюся, што калі-небудзь сюды пераедуць мае дзеці. Як цяпер кажуць, “хто ў Астраўцы не быў, таму і Мінск – сталіца”. (Смяецца.)

Кацярына Качаева:


– Я прыехала на Астравеччыну за мужам – ён працуе на БелАЭС – з Наваполацка, нарадзілася ў Міёрах. Дзяцінства прайшло ў ваенным гарадку. Астравец мне яго. Тут спакойна, ціха, утульна. Жывём мы ў 3-м мікрараёне, але гуляць любім у старой частцы горада – здаецца, паветра іншае, дыхаецца лёгка. Не разумею тых, хто ўспрымае наш горад у якасці перавалачнага пункту. Мне ж падабаецца, я хачу тут жыць! Бацькі мужа таксама адчулі гэта, калі прыехалі пагасціць. Цяпер пагадзіліся: тут добра.

І людзі тут простыя, шчырыя. Памятаю, прыйшлі з мамай у “Вернісаж”, а якраз была Вербная нядзеля. Маці ўшчувала: ну чаму мы вярбу не ўзялі!? Чуем побач: “Не перажывайце. Я дапамагу!” І давай нас незнаёмая жанчына сваёй вярбой пабіваць, прыгаворваючы: “Не я б’ю – вярба б’е”. Такое магчыма толькі ў Астраўцы!

Надзея Ненартовіч:


– Я мясцовая – гудагайская. Тут і жыву, хоць была магчымасць застацца ў Воранава – муж тамтэйшы. Пражылі мы там з год і вырашылі перабірацца да мяне на радзіму – цягнула да бацькоў, у родныя мясціны. Вучылася ў Навагрудку і абласным цэнтры. І калі б была магчымасць пераезду – усё роўна асела б тут. Гродна – гэта традыцыі і культура, сваё адчуванне часу. Астравец больш да душы тагачасны: калі тут жыла мая бабуля і я ў дзяцінстве бегала на навагоднюю ёлку… Аднак у сучасным горадзе шмат магчымасцей для развіцця дзяцей, ды і дарослым цікава і з карысцю праводзіць час.

Ад аўтара

…Не змагла я адмовіць Генадзю Паўлавічу, калі ён і да мяне звярнуўся з просьбай выказацца, – адклала ў бок фотаапарат і дыктафон – настолькі цікавай і цёплай была размова:

– Толькі, мабыць, карэнныя астраўчане, зразумеюць чараўніцтва перона, да якога прыбывае цягнік у Гудагаі. А паветра тут, на Астравеччные, для мяне больш чыстае, прастор неабдымны. Я ў свой час прасіла мэтавае накіраванне – каб вярнуцца на радзіму, хоть тады гэта быў яшчэ маленькі і амаль невядомы Астравец. Больш таго, мужа, які вырас на ўлонні прыгожай палескай прыроды, перацягнула. І ужо праз некалькі гадоў ён адчуў:”Гэта мой дом”. Усіх сваіх сяброў, што прыязджаюць у госці, мы абавязкова вязём у Гервяты. Некаторыя там не раз ужо бывалі, але просяцца зноў і зноў. Кнігу даю ім пачытать аўтарства Ніны Рыбік і Алены Іванцэвіч “Астравеччына вядомая і незнаёмая” – пра знакамітыя мясціны і турыстычныя кропкі, якіх на карце нашага раёна дастаткова. Астравеччына ўвогуле мае чым пахваліцца – у яе багатая гісторыя і культура. Можа, толькі паказваць сябе пакуль яна не навучылася. Але, веру, усё наперадзе.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович