Как на Островетчине поддерживают молодых специалистов сельхозсферы, узнали представители отраслевого профсоюза
Жыллё, зарплата, перспектыва – гэта тры “кіты” прыцягнення і наступнага замацавання ў сельскай гаспадарцы маладых людзей. У нашай краіне, як і на Астравеччыне, у гэтым накірунку рэалізоўваецца цэлы комплекс мер падтрымкі ўчарашніх студэнтаў, пачынаючы ад выплаты пад’ёмных і выдзялення жылля і заканчваючы садзейнічанню ў прафесійным развіцці, маю на ўвазе аплочваемыя стажыроўкі ў перадавых расійскіх аграхолдынгах…
Як на месцы падтрымліваюць новыя кадры, у тым ліку маладыя сем’і? Як працуе, адпачывае і бавіць вольны час новае пакаленне ветурачоў, заатэхнікаў, аграномаў, інжынераў? Што сыграла ролю ў іх рашэнні застацца ў гаспадарцы і што на гэты конт думаюць яны самі, наймальнікі і прадстаўнікі прафсаюза?
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні падчас візіту ў Астравецкі раён шукалі намеснік старшыні Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алеся Венско, загадчык аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Вольга Дзюрдзь з дапамогай прафсаюзнага лідара астравецкіх аграрыяў Юрыя Адулы. З гасцямі ў КСУП “Гудагай” зазірнуў і карэспандэнт “раёнкі”.

Выведваць сакрэты маладзёжнай кадравай палітыкі адной з самай паспяховых гаспадарак раёна накіраваліся ў аграгарадок Малі.
Жыллё: свае сцены грэюць…
Міні-экскурсію па адміністрацыйным будынку для візіцёраў правяла старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі КСУП “Гудагай” Ганна Налівайка, якая без перабольшвання цудоўна ведае кожнага работніка: не толькі, як завуць, але і, як кажуць, хто чым дыхае. Відаць, дзякуючы такому актыўнаму лідару і членства ў пярвічцы дасягае 100%.
– У нас працуе каля 445 чалавек, з якіх 57 – ва ўзросце да 31 года. У гаспадарцы падтрымліваюць не толькі маладых спецыялістаў, але ўсіх работнікаў. Пра паспяховасць гэтай палітыкі сведчыць замацаванасць маладых кадраў – пасля дэкрэтнага адпачынку і службы ў арміі нашы працаўнікі вяртаюцца, – зазначыла Ганна Іосіфаўна. – Для моладзі ў Малях ёсць сучасны добраўпарадкаваны інтэрнат з усім неабходным для камфортнага жыцця з базавым наборам рэчаў. Сямейным (і не толькі) выдзяляюцца кватэры ці дамы. Так, жыллё нядаўна атрымалі Вашкевічы, Зінкевічы, Ярмакі.
Словы калегі пацвердзіла і бухгалтар Анжаліка Калпак. З мужам Андрэем, які ў гаспадарцы працуе ветэрынарным урачом, у КСУП “Гудагай” яны прыйшлі без малога 20 гадоў назад, праўда, не ў якасці маладых спецыялістаў.
– Не апошнюю ролю адыграла жыллё: у Малях нам далі калгасны катэдж, які мы выкупілі. Калі ёсць уласны куток, стабільная зарплата, можна жыць і радавацца, спакойна гадаваць дзяцей – мы шматдзетныя бацькі, – расказала жанчына. – Зразумела, працаваць у офісе больш камфортна, чым на комплексе, але ў нас у большай ступені заўважаюць і адзначаюць тых, хто на вытворчасці. Так, у мінулым годзе Андрэй заняў другое месца сярод тэхнікаў па штучным асемяненні ў абласным жывёлагадоўчым спаборніцтве.

Адносна нядаўна жыллё ў Астраўцы атрымала маладая сямейная пара Ярмак. Аляксандр аграном-аграхімік, Аляксандра бухгалтар, але пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

– Хоць сам я гарадскі, нарадзіўся і вырас ў Астраўцы, але раслінаводства мне падабалася заўсёды, таму і прафесію выбраў адпаведную. Пашчасціла, што пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2021 годзе трапіў у КСУП “Гудагай”. За гэты непрацяглы час паспеў папрацаваць, адслужыць у арміі, ажаніцца, стаць татам, – Аляксандр усміхаецца і зазначае: – Нам з жонкай усё тут падабаецца.
Зазірнулі абласныя госці і ў інтэрнат для маладых работнікаў, які месціцца, лічы, у самым цэнтры аграгарадка. У адна- і двухмесных пакоях ёсць усё неабходнае для жыцця, пачынаючы ад праса і заканчваючы бесправадным інтэрнэтам. А ў вольны час яго жыхары, не пакідаючы будынка, могуць сыграць у більярд ці настольны тэніс.




Цяпер, напрыклад, заселены 7 з 20 пакояў. З інтэрната ў кватэры нядаўна пераехала некалькі маладых сямей.
Перспектыва і зарплата: “плюс” бонусы ад прафсаюза
Акрамя таго што ў гаспадарцы маладым аказваецца ўсебаковая дапамога, да іх яшчэ прыслухоўваюцца і, што самае галоўнае, чуюць.
Каму, як ні прадстаўнікам новага пакалення прадстаўляць інтарэсы сваіх равеснікаў?
За пяць гадоў работы юрысконсульт Вера Сівец праявіла сябе як талковы, граматны спецыяліст і заслужыла аўтарытэт у маладых і старэйшых калег. На Веры не толькі ўся юрыдычная частка функцыянавання такой вялізнай гаспадаркі, але і немалая грамадская нагрузка. Яна ўдзельнічае ў распрацоўцы лакальных нарматыўна-прававых актаў, у тым ліку калектыўнага дагавора, уваходзіць у склад камісіі па размеркаванні жылля, а таксама ўзначальвае маладзёжную пярвічную арганізацыю прадпрыемства.
– Калегі звяртаюцца за юрыдычнай дапамогай, таму са спецыялістамі іншых аддзелаў пастаянна ўзаемадзейнічаю. Таксама па магчымасці стараюся далучаць нашу моладзь да розных раённых мерапрыемстваў і ініцыятыў, хоць, прызнацца, гэта бывае складана зрабіць з-за спецыфікі работы ў сельскай гаспадарцы, – расказала Вера Сівец. – Мне здаецца, што ў нас нікога не крыўдзяць. Маладым спецыялістам, якія ўладкаваліся ў КСУП “Гудагай”, спярша выплочваецца месячная стыпендыя, потым, у залежнасці ад ўзроўню адукацыі, – два аклады ці дзве тарыфныя стаўкі. Аказваецца матэрыяльная дапамога ў сувязі з пераездам, выдзяляецца жыллё ці кампенсуюцца траты на яго найм, арганізаваны падвоз работнікаў, ёсць магчымасць развівацца ў прафесіі і ўсе перадспасылкі да кар’ернага росту.

– Таксама пры заключэнні кантракта прадугледжаны дадатковыя тры дні адпачынку і штомесячная даплата ў памеры 50% ад аклада. Акрамя ўсяго гэтага, прафсаюзная пярвічная арганізацыя прапаноўвае кожнаму маладому спецыялісту паўдзельнічаць у паездках, экскурсіях, наведванні канцэртаў, спектакляў, а таксама адпачыць і аздаравіцца ў санаторыі, пры чым цалкам за кошт прафкама, – да размовы далучылася Ганна Налівайка. – У нас развіта сістэма настаўніцтва, калі работу маладога спецыяліста курыруе больш вопытны калега. А яшчэ маладыя спецыялісты іншых гаспадарак раёна праходзяць у нас стажыроўку.
Дарэчы, зарплата ў пачынаючых работнікаў залежыць ад профілю і ўзроўню адукацыі. Калі сярэдні заробак за 2025 год па гаспадарцы склаў 2 556 рублёў, то ў маладых спецыялістаў – 2 228. Па сакрэце малады ветурач аднаго з комплексаў паведаміў (няхай выбачае, што агучу лічбы!), што пры жаданні можна атрымаць і 3 тысячы на рукі...
Цытата
З паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу на другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу, 18 снежня 2025 года
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка:
“Беларусы хочуць жыць ва ўласных дамах і кватэрах! Таму маладыя спецыялісты ў перспектыве павінны мець права выкупау арэнднага жылля, а яго будаўніцтва павінна быць увязаным са стварэннем працоўных месцаў” .
Пазіцыя кіраўніка – закон
Прадстаўнікі абласнога галіновага прафсаюза сустрэліся з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Іванам Карнілам і дырэктарам КСУП “Гудагай” Эдуардам Садоўскім.

– Спецыфіка работы ў сельскай гаспадарцы істотна змянілася – і гэта павінен улічваць любы кіраўнік, які хоча, каб на прадпрыемстве не было кадравай цякучкі. Незваротна мінулі тыя часы, калі “калгаснікі” трымалі вялікую падсобную гаспадарку, садзілі шмат сотак, каб мець дадатковыя грошы. Цяпер яны і так могуць добра зарабіць на комплексе ці ферме, але хочуць адтуль вярнуцца ў камфартабельную цёплую кватэру ці дом, дзе есць усе неабходныя выгоды, і адпачыць. І гэта цалкам нармальнае жаданне, – зазначыў Эдуард Іванавіч. – Наша галоўная задача – стварыць умовы для людзей і на рабоце, і ў іх побыце. Таму жыллёвая палітыка заўсёды ў цэнтры ўвагі. З дапамогай і падтрымкай раёна будуем 6 кватэр у Астраўцы, плануем яшчэ некалькі ўзвесці, займаемся рэканструкцыяй жылля ў населеных пунктах непадалёк ад малочна-таварных комплексаў. Больш таго, людзі могуць выкупіць кватэры і дамы, што, да слова, актыўна робяць і застаюцца ў нас працаваць.
– КСУП “Гудагай” перадавая гаспадарка не толькі ў раслінаводстве і малочнай вытворчасці, але паказальная ў сэнсе прыцягнення і замацавання маладых кадраў, – дапоўніў Іван Мар’янавіч. – Як жартуюць у раёне, працаўладкавацца да Садоўскага не так проста, таму што вакансій тут няма. Людзі трымаюцца за свае месцы.
– А ўсё, відаць, таму, што тут цудоўны кіраўнік! – з усмешкай зазначыла Алеся Станіславаўна.

З першых вуснаў
Алеся Венско:
– Будучае нашай краіны шмат у чым вызначае тое, у якіх умовах жыве, працуе і развіваецца моладзь, асабліва ў сельскай мясцовасці. Прафсаюзы – не толькі грамадская арганізацыя, але і значная сацыяльная сіла. Мы аказваем падтрымку маладым людзям, умацоўваем іх упэўненасць і дапамагаем сфарміраваць надзейныя арыенціры.
Маладыя спецыялісты, якія прыходзяць у аграпрамысловы комплекс, – аснова кадравага патэнцыялу і развіцця галіны. Каб яны заставаліся ў гаспадарках і будавалі сваё жыццё на вёсцы, неабходна іх усебакова падтрымліваць. Таму прафсаюзы сумесна з сацыяльнымі партнёрамі прымаюць канкрэтныя меры ў гэтым накірунку: ад даплат і выдзялення жылля да настаўніцтва і дапамогі маладым сем’ям.