Новые имена талантливых педагогов открыты на Островетчине

14:00 / 20.04.2014
Абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2014” адкрыў новыя імёны ў настаўніцкім асяроддзі Астравеччыны. Хаця і раней прозвішчы гэтых педагогаў былі на слыху, сёння пра іх ведаюць ва ўсёй вобласці.
У гасцёўню “Астравецкай праўды” мы запрасілі пераможцаў абласнога настаўніцкага конкурсу – выкладчыцу англійскай мовы гімназіі №1 Алену Чаславаўну Севасцьян і філолага Падольскага НПК Тамару Іосіфаўну Качкан – і папрасілі іх адказаць на некалькі пытанняў.

1. Якімі вучаніцамі былі і кім хацелі стаць маленькія дзяўчынкі Алена і Тамара? Ці помніце сваю першую настаўніцу, пад уплывам якой вырашылі звязаць сваё жыццё з настаўніцкай прафесіяй?
2. Што змянілася за той час, што вы працуеце ў школе? Якімі ўласнымі поспехамі і поспехамі сваіх вучняў вы ганарыцеся?
3. Якой была дарога да перамогі на абласным конкурсе? Калі даведаліся, што перамаглі, якія пачуцці вас перапаўнялі?
4. Тытул “настаўнік года” да чаго-небудзь абавязвае? Якім, на вашу думку, павінен быць сучасны настаўнік?
5. Акрамя школы ў вас ёсць сям’я. Як пачынаецца дзень маці і жонкі? Чым любіце займацца ў вольны час?
6. Калі б вас папрасілі прадоўжыць выказванне “Хай заўсёды будзе…”, як бы гэта гучала?



Алена Чаславаўна Севасцьян


Адукацыя: Беларускі лінгвістычны педагагічны каледж, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
Сфера дзейнасці: настаўнік англійскай мовы.
Дэвіз па жыцці: “Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тых, каму выкладаеш, і тое, што выкладаеш”.
Хобі: падарожжы, чытанне, ігра на фартэпіяна.
Мара: звязана з сынам – хочацца бачыць яго паспяховым чалавекам.


1.Якой я была вучаніцай? Актыўнай! Алімпіяды, заняткі ў тэатральным гуртку і музычнай школе – усё гэта было вельмі цікава і давалася мне лёгка. З дзяцінства я марыла быць урачом – падабаліся людзі ў белых халатах. Яны здаваліся такімі незвычайнымі, непадобнымі да простых людзей. Потым – настаўнікам пачатковых класаў. А калі ў пятым класе пачаўся новы прадмет – англійская мова, зусім незразумелая, але такая прыгожая – і прыйшла новая настаўніца – Вольга Іосіфаўна Сянюць, такая ўсмешлівая, прыгожая, быццам незямная, – я зразумела, што таксама хачу вучыць дзяцей англійскай мове. Мне хацелася быць падобнай да Вольгі Іосіфаўны. Яна заўсёды роўна адносілася да ўсіх сваіх вучняў, у незалежнасці ад іх адзнак. Гэтак жа і я адношуся да тых, каго я вучу.
2.У выкладанні прадмета змянілася многае. Час не стаіць на месцы, і педагогіка рухаецца наперад. Настаўніку трэба паспець адаптавацца да ўсіх змен. Палепшылася і матэрыяльна-тэхнічная база гімназіі – і гэта толькі радуе. Што датычыцца поспехаў, то для мяне на першым месцы стаяць дасягненні маіх вучняў. Сёння яны вымяраюцца двума накірункамі: алімпіяды, на якіх намі атрымана пяць дыпломаў, і навукова-практычныя канферэнцыі – тут таксама ёсць поспехі. Хаця ўжо тое, што рабяты з цікавасцю вывучаюць англійскую мову, – гэта поспех. Увесь гэты навучальны год быў прысвечаны конкурсу. Спачатку школьны этап, потым раённы, занальны, абласны. Было складана, але і прыемна адначасова. Гэта, напэўна, і ёсць мой поспех.
3.Конкурс – гэта своеасаблівая справаздача за ўсе гады працы ў школе. Урок – гэта практыка, прыёмы, метады работы. Калі яны адпрацаваны, то зможаш іх паказаць. Метадычная адукацыя – зусім іншая сфера: тут мне дапамагла вучоба ў педагагічным універсітэце, дзе мы вучыліся праводзіць майстар-класы, пісаць навуковыя артыкулы. Да сцэны таксама за адзін раз не падрыхтуешся – мне ў гэтым дапамагла музычная школа і тэатральны гурток, якія я наведвала ў дзяцінстве. Таму дарога да конкурсу пачалася даўно. Перамога, канешне, узрадавала. Страшна стала тады, калі аб’явілі тэму ўрока, праз які трэба было прапусціць і тэму, якую я абараняла, і прадмет – англійскую мову. Ды і ўрокі мы праводзілі з “вучнямі”, якія стаялі побач з табой на сцэне. А ад цябе ўсе чакаюць “ах!”, і ты абавязана адпавядаць гэтаму.
4.Настаўнік года? Я буду старацца яму адпавядаць. Калі ў панядзелак прыйшла ў школу, першымі прыбеглі віншаваць мае алімпіяднікі. Глядзяць на мяне і чакаюць, што ж я скажу. “Вы ў мяне – самыя лепшыя. Хіба ж я магла вас падвесці? Я павінна быць такой, як і вы,” – адказала на словы іх віншавання. Здаецца, ім гэта спадабалася. Тытул, канешне, абавязвае. Літаральна на днях давядзецца праводзіць майстар-клас для настаўнікаў раёна. І на гэтым, напэўна, усё не закончыцца. На маю думку, сучасны настаўнік павінен быць адказным, ісці ў нагу з часам, валодаць высокім узроўнем эмпатыі і, канешне, быць адукаваным.
5.Мая раніца пачынаецца са збораў у школу сына – гатую сняданне. На працягу дня вольны час таксама стараюся ўдзяліць дзіцяці. Прычым гэта ўсё, у тым ліку і падрыхтоўка ўрокаў. Выхадныя дні мы стараемся праводзіць разам – сын, муж і я. Сям’я мяне заўсёды падтрымлівае. Пасля перамогі ў раённым конкурсе пачалася падрыхтоўка да абласнога этапу. Тады муж часта смяяўся: “Якое ў цябе мудрае кіраўніцтва: ведалі, што часу на сям’ю ў цябе цяпер не будзе, таму і падарылі мульціварку”. Але гэта так, да слова. У мяне шмат захапленняў. Самых розных. Вельмі важным для мяне з’яўляецца тое, што ў выхадныя дні я іграю ў касцёле. Але гэта не хобі. Гэта – адзін са складальнікаў майго жыцця, які дапамагае пераадолець сябе, свае цяжкасці,і спадзяюся, што гэта важна не толькі для мяне, але і для іншых людзей.
6.Хай заўсёды будзе… Пералічваць можна многае. Мне адразу ж на памяць прыйшлі словы з песні. Хай заўсёды будзе мама! А яшчэ дабрыня, спагадлівасць, чуласць і справядлівасць!



Тамара Іосіфаўна Качкан


Адукацыя: Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Сфера дзейнасці: настаўнік беларускай мовы і літаратуры, сусветнай і айчыннай мастацкай культуры.
Дэвіз па жыцці: “Не вешай носа”.
Хобі: чытанне, кветкі.
Мара: Усе мае мары ўжо ажыццявіліся. Сваю будучыню бачу ў дачцэ, і сённяшнія мары звязаны з яе шчасцем.


1.Я была актыўнай вучаніцай: удзельнічала ва ўсім – турзлёты, спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, Вельмі любіла і люблю маляваць, таму часта мае малюнкі ўдзельнічалі ў выставах рознага ўзроўню. З дзяцінства марыла стаць або ўрачом, або настаўнікам. Старанна вывучала біялогію і, напэўна, была б нядрэнным доктарам, але вырашыла не рызыкаваць – раптам не паступлю? А пры выбары настаўніцкай прафесіі ўплыў на мяне аказала мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лілія Іванаўна Печатоўская, якая рыхтавала мяне да алімпіяды. Маёй маме яна так і сказала: “Што тут думаць? Хай ідзе на настаўніцу!”. І я пайшла. Дарэчы, ні разу ў сваім жыцці не пашкадавала, што зрабіла выбар на карысць настаўніцтва. Таксама, як і аб тым, што засталася ў вёсцы і ў роднай школе. На маім шляху сустракаліся цудоўныя настаўнікі, і ўсіх я помню, усім удзячна.
2.Мне здаецца, што ў выкладанні беларускай літаратуры нічога не змянілася. І на першых сваіх уроках я ў першую чаргу імкнулася выхаваць з дзіцяці чалавека, гэтак раблю і цяпер. Школа, канешне, папрыгажэла, прыйшла інфарматызацыя – і гэта аблегчыла працу настаўніка. А вось дзеці не мяняюцца, якімі яны былі такімі і засталіся. Я стала больш мудрай, больш вопытнай. Я ўраўнаважаны чалавек, таму бурныя эмоцыі не па мне і, зыходзячы з гэтага, да ўласных поспехаў адношуся спакойна. А вось вучнёўскім – вельмі радуюся. Вучняў у сельскай школе няшмат, але кожны з іх заслугоўвае павагі, у кожнага я ўклала часцічку сябе. І адзін стаў дабрэйшым, другі – разумнейшым, трэці – прачытаў твор, хаця чытаць не любіць, чацвёрты – прывёз з алімпіяды дыплом і гэтак далей. Вучань можа вучыцца не вельмі добра, але я стараюся знайсці ў ім нешта такое, чым можна будзе ганарыцца.
3.Дарога да конкурсу была поўная нечаканасцей. Я не імкнулася перамагчы. Проста трэба было даць урок, сістэматызаваць вопыт педагагічнай дзейнасці, вынесці яго на суд журы і настаўнікаў-калег. Я ўсё заўсёды раблю добра – таму проста зрабіла так, як прывыкла. Вялікія ўражанні пакінуў урок у незнаёмым класе. Выцягнула літаратуру, хаця хацела мову. Але, як гавораць, што не робіцца – усё да лепшага. Дзеці былі вельмі эмацыянальныя, мы ўсё паспелі зрабіць. І журы сказала, што гэта быў не ўрок, а міні-спектакль. Такімі ж блізкімі і дарагімі для мяне сталі гімназісты, з якімі я праводзіла ўрок на раённым конкурсе Гэта дарога не была б паспяховай без падтрымкі Ларысы Леанідаўны Кетрыс, Валянціны Аляксандраўны Трэйгіс і ўвогуле ўсіх, хто мяне падтрымліваў. Я б не змагла перамагчы і без маральнай дапамогі самага пазітыўнага настаўніка Астравеччыны – Вольгі Тадэвушаўны Лябецкай. Яна такая малайчына! На яе паглядзіш – і настрой падымаецца. А што датычыцца перамогі, то я настолькі стамілася, што ні пра што не думала. Выступала 21 – апошняй. І пасля прагляду ўсіх выступленняў спадзявалася, што ў лідары павінна трапіць. А калі пачалі аб’яўляць пераможцаў, назвалі Алену Чаславаўну Севасцьян. Пакуль за яе парадавалася, усплыло і маё прозвішча – таму гэта была двайная радасць. Прыйшла ў школу, а Іван Францавіч (дырэктар) сустракае мяне з букетам. Было так прыемна. Я ж разумею, што ў Падольцах кветкі не купіш – і ён дзеля гэтага ездзіў у Астравец. Гэта дарагога каштуе! І ўвогуле, усе былі такія шчырыя, радаваліся за мяне.
4.Тытул “настаўнік года” абавязвае да многага. У першую чаргу – дастойна выступіць на рэспубліцы. Гэта вялікая адказнасць. Па-другое, цяпер ад мяне чакаюць правядзення майстар-класаў і семінараў для настаўнікаў-прадметнікаў. Давядзецца падзяліцца вопытам. Ды і памыляцца цяпер не пажадана. А сучасны настаўнік, на маю думку, гэта той, які цікавы дзецям. Калі дзеці з задавальненнем ходзяць на ўрокі, вывучаюць прадмет, тады ён адпавядае настрою сучасных дзяцей. І разам яны змогуць многае.
5.Сям’я? (усміхаецца). Дачка ўжо вырасла, закончыла ўніверсітэт і працуе ў Мінску. Менавіта таму ў мяне з’явілася больш часу на любімую работу. А муж? Мы ўжо з ім так даўно, што разумеем адзін аднага без слоў. Як праходзіць дзень? Раніцай усталі, зрабілі што трэба па гаспадарцы, паснедалі, пабеглі на работу. Вечарам павячэралі разам, абмеркавалі пройдзены дзень – і зноў у кожнага свае абавязкі, свая работа. У вольны час я шмат чытаю, ёсць гаспадарка – яна таксама патрабуе ўвагі, а летам – лес, ягады, грыбы… Звычайнае простае чалавечае жыццё.
6.Хай заўсёды будзе… Шчасце! Сям’я! Дзіця, якое смяецца! Добрыя людзі! І БЕЛАРУСКАЯ МОВА! Я заўсёды размаўляю па-беларуску. Людзям гэта падабаецца, і яны таксама пачынаюць з табой размаўляць па- беларуску.


Яны такія падобныя паміж сабой. Усім! Нават мары – дзіцячыя і дарослыя – у іх аднолькавыя. Сапраўдныя настаўнікі, “папасці ў рукі” якіх марыць кожнае дзіця. Інтэлігентныя, прыгожыя, добрыя, крэатыўныя, таленавітыя, разумныя, харызматычныя…
Я не пыталася ў нашых гераінь, хочуць яны перамагчы на рэспубліцы ці не, а проста пажадала ім поспеху на яшчэ адным этапе іх настаўніцкага жыцця.


Алена ЯРАШЭВІЧ