Островец посетили гости из Березино

17:00 / 17.04.2014
На мінулым тыдні Астравецкі раён увогуле і рэдакцыю “Астравецкай праўды” ў прыватнасці з неафіцыйным сяброўскім візітам наведала невялікая, але надзвычай прыемная дэлегацыя журналістаў з горада Беразіно Мінскай вобласці. І гэтая не асабліва значная нават у межах раёна, не кажучы пра больш шырокія прасторы, падзея тым не менш прымусіла паглядзець на даўно прывычнае і знаёмае, здавалася б, да драбніц, па-новаму…

Кажуць: няма прарока ў сваёй Айчыне… Кажуць: вялікае бачыцца на адлегласці… І мы, крыху прызабыўшыся пра тое, якім быў Астравец не так даўно, гадкоў з дзесяць таму, стаміўшыся захапляцца яго новым абліччам, якое горад набыў падчас падрыхтоўкі да свайго 540-гадовага юбілею, часцей адзначаем хібы, чым заўважаем нешта добрае. Там вунь тратуарная плітка “прасела” – нядобрасумленна, відаць, падаснову зрабілі, калі ўкладвалі… А тут пралёт бетоннай агароджы разбурыўся – ці разбурылі хуліганы? Там газон не “пад струнку”, а тут клумбу да гэтага часу не падрыхлілі… Што і казаць: бачыць парушыну ў чужым воку мы ўсе майстры – шкада толькі, што ў сваім бервяно не заўсёды заўважаем.А тут госці прыехалі.
Па праўдзе кажучы, сустракаць журналістаў Астраўцу – не ў навіну: калі не кожны тыдзень, то кожны месяц дакладна яны да нас завітваюць, групамі і паасобку. Але ў візіту нашых бярэзінскіх калег усё ж былі свае асаблівасці. Па-першае, напісанне газетнага артыкула на зададзеную тэму не было асноўнай мэтай іх прыезду. Па-другое, Астравец яны наведалі ўпершыню. Па-трэцяе, Бярэзінскі раён супастаўны з Астравецкім па памерах і колькасці насельніцтва. Так што параўноўваць было што і было каму: даўно вядома, што журналіст, нават калі ідзе ў госці ці ў кіно, застаецца найперш журналістам…
Напачатку знаёмства, зверыўшы свае прафесійныя “гадзіннікі”: А як у вас? А як робіце тое і гэтае? – мы выйшлі на тэмы, што нас аб’ядноўваюць. Напрыклад, падчас наведвання інфармацыйнага цэнтра Беларускай АЭС Эдуард Свірыд нагадаў, што лавушка расплаву, якая паступіла на пляцоўку будаўніцтва восенню мінулага года, па вадзе прыбыла менавіта ў Беразіно – і ўжо з прычала гэтага горада на спецыяльным аўтатранспарце дастаўлялася ў Астравецкі раён. Прыгадалі і праславутае золата Напалеона, за якім беспаспяхова палююць па ўсёй Беларусі, пачынаючы ад Беразіно і заканчваючы Астравеччынай.
Паколькі візіт быў неафіцыйны і сяброўскі, то і група падабралася, што называецца, “па інтарэсах”: пачынаючы з галоўнага рэдактара, якому па службовых абавязках і па поклічу душы даводзіцца шмат ездзіць і многа бачыць, і заканчваючы галоўным бухгалтарам, у якога інтарэс да вопыту калег быў спецыфічна-прафесійны, а да Астравеччны – па-жаночы цікаўны. Сказаць, што гасцям у нас спадабалася, – значыць, нічога не сказаць. Яны былі ў захапленні.
Мы часта гаворым: каб ацаніць сённяшні Астравец, трэба ведаць, якім ён быў дзесяць гадоў назад. Аказваецца, зусім неабавязкова. Бярэзінскія журналісты параўноўвалі не з тым, што было ў нас некалькі гадоў таму, а са сваім уласным вопытам знаёмства з такімі ж маленькімі гарадамі. Ім спадабалася ўсё: і “набярэжная”, і амаль ручны лебедзь, для якога мы непрадбачліва не прыхапілі хлеба – і за гэта ён зусім негасцінна абшыпеў гасцей, якія імкнуліся яго сфатаграфаваць, і нашы вуліцы і будынкі: “Глядзіце – тут усё такое невялікае і такое акуратнае, прыгожае”. І сквер з яго лавачкамі, на якіх адпачывалі маладыя мамы і стомленыя бабулі, – “А ў нас моладзь на пастаменце пад помнікам Леніну “тусуецца”. І каменныя скульптуры – як і большасці астраўчан, бярэзінскім гасцям найбольш палюбіўся каменны хлопчык, і яны не прамінулі сфатаграфавацца з ім на памяць. І варнянская вежа-альтанка на востраве кахання. А Гервяты з іх жамчужынай – касцёлам Святой Тройцы – іх увогуле “дабілі”.
Адзінай лыжкай дзёгцю пры знаёмстве з Астраўцом стаў наш стадыён, міма якога мы праязджалі: “Так, у вашым горадзе такі стадыён мець сорамна,” – зазначылі калегі. Вядома, ім, маючы не толькі непараўнальны з астравецкім стадыён, але і два цудоўныя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, ды яшчэ і басейн, пра які астраўчане пакуль толькі мараць, наша вартае жалю падабенства стадыёна ўразіць не магло…
Затое ўразіў абноўлены ЗАГС. Настолькі, што галоўны рэдактар – халасцяк, дарэчы, – пасядзеўшы ў крэсле ў пакоі жаніха (можа, новую прыкмету адкрыем – чароўнае крэсла?), усур’ёз задумаўся аб тым, каб свой будучы шлюб рэгістраваць менавіта ў Астраўцы. Ну што ж, за язык яго ніхто не цягнуў…
Што ж, як кажуць, у кожным жарце ёсць толькі доля жарту. А ўвогуле візіт бярэзінскіх калег дапамог і нам паглядзець па-іншаму на даўно вядомыя рэчы. І ўбачыць прыгажосць роднага горада. І парадавацца за яго добраўпарадкаванасць. І адчуць пачуццё гонару за тое, што гэта – наш горад!
А яшчэ – задумацца аб тым, што нават самая дзіўная прыгажосць жывая тады, калі пра яе клапоцяцца і яе падтрымліваюць. Што стварыць лягчэй, чым захаваць. І што толькі калі кожны з нас будзе любіць, шанаваць, берагчы і прымнажаць тое, што ўжо зроблена, мы – кожны з нас! – зможам з гонарам, а не з сорамам правесці сваіх гасцей па вуліцах роднага горада.


Ніна РЫБІК.