За што жыхарка Астравеччыны Валянціна Пятровіч любіць раённую газету
14:00 / 01.02.2026
– Родам я з Трайгоў, некаторы час жыла за мяжой, але вярнулася на Радзіму. Таму «Астравецкую праўду» добра ведаю з дзяцінства. Калі прыехала ў раён, спрабавала выпісваць выданне для пенсіянераў – не спадабалася яно мне. А вось родная газета – гэта супер: яна свая, пра сваіх людзей! Малайцы вы, супрацоўнікі! – адзначыла жанчына. – Памятаю «Астравецкую» невялікага аб’ёму, а цяпер друкуецца больш старонак, на якіх абавязкова знойдзеш адлюстраванні ўсіх бакоў жыцця раёна, вобласці, краіны і нават сусвету. І галоўнае – інфармацыя падаецца цікавая. Усе падзеі праходзяць праз газету.
Валянціна выпадкова неяк трапіла на старонкі роднага выдання: з сяброўкай яны размаўлялі каля банка – тут іх і злавіў фотакарэспандэнт.
– Прыходзіць газета – і мы там, – усміхаючыся, узгадвае чытачка. – А нядаўна была ў праграме «ТВА. ТВой Астравец»: хадзіла на «Голубой огонёк» – цудоўнае мерапрыемства арганізавалі.
Валянціна з дзяцінства вядзе актыўны вобраз жыцця. У школьныя гады яна спявала – і разам з работнікам пажарнай часці Іванам Кляпцовым, які адказваў за музычнае суправаджэнне, яны ездзілі з канцэртамі па ўсім раёне. Хітом у іх рэпертуары быў «Оренбургский пуховый платок».
Мінулай вясной жанчына навучылася плаваць і цяпер ходзіць у басейн. У 66 гадоў атрымала правы на ваджэнне машыны. У планах – асвоіць ігру на сінтэзатары ў музычнай школе, а таксама англійскую мову.
Нягледзячы на занятасць (Валянціна ўсе справы робіць сваімі сіламі, бо муж не можа па стане здароўя), яна знаходзіць час і на «раёнку».
– Па вечарах чытаю. Люблю артыкулы пра людзей, гісторыі іх жыцця. З асаблівай увагай сачу за публікацыямі пра пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Міхалішках. Таксама мне цікава пра настаўнікаў і спартыўныя спаборніцтвы. З задавальненнем чытаю пра конкурсы і віктарыны, але сама не ўдзельнічаю, – дадае чытачка. – Захапляюся вамі, дзякуй, што вы ёсць.