Аб чым прасіла Дзеда Мароза немаладая астраўчанка?
16:00 / 13.01.2026
– У маім узросце ўжо не вераць у Дзеда Мароза. А я вось перад Новым годам напісала яму ліст… Прасіла ў белабародага чараўніка не грошай, не дабрабыту сваёй сям’і, нават не здароўя сабе і блізкім – усё гэта ў большай ці меншай ступені ў нашых руках. А маю просьбу можа выканаць толькі ён… Ну яшчэ, можа, работнікі раёна электрычных сетак. Я хачу, каб у наш горад вярнуліся буслы – сімвал нашай Беларусі, міру і шчасця, і каб ім было тут утульна і камфортна. Мару, каб у гэтых прыгожых белакрылых птушак выводзіліся птушаняты і яны кожную вясну вярталіся з выраю на радзіму.
Што ж прымусіла жанчыну напісаць пісьмо Дзеду Марозу з такой незвычайнай просьбай?
Яна растлумачыла:
– Вы ж памятаеце, якая зацяжная і халодная была ў мінулым годзе вясна. Буслы прыляцелі позна. А гняздо, якое яны ў папярэднім годзе звілі на слупе непадалёк ад базы раёна электрычных сетак, разбурылі. Шкада птушку! Бусел жа вярнуўся дамоў, у родны край! Ён доўга шукаў сабе пару – клекатаў, клікаў.
– Я разумею энергетыкаў: у іх свае правілы бяспекі, інструкцыі, ім не да сантыментаў, – дадае жанчына. – Але можна зрабіць усё па-людску! Памятаю, знеслі воданапорную вежу на тэрыторыі былога малаказавода, на якой таксама была буслянка. Здавалася, у той веснавы дзень у небе над разбуранай птушынай хаткай кружыліся і крычалі ўсе буслы, што селяцца на Астравеччыне! І было гэта якраз на свята каталіцкага Звеставання. Іх клёкат немагчыма было слухаць. Быў выхадны дзень, але я патэлефанавала тагачаснаму старшыні райвыканкама Ігару Шалудзіну, і ён не палічыў гэтую праблему дробязнай: замест разбуранага гнязда неўзабаве зрабілі новую буслянку, і астраўчане вось ужо каторы год з замілаваннем назіраюць за белакрылым сямействам, якое пасялілася непадалёк ад будынка прадстаўніцтва Белдзяржстраху. Напэўна, можна зрабіць новае гняздо ў падыходзячым месцы, якое б не замінала энергетыкам і прыйшлося даспадобы буслам, і каля РЭСа? Каб не змагацца з добрымі прыгожымі птушкамі, а жыць з імі ў міры і добрасуседстве. Бо буслы прыносяць шчасце на тое падвор’е, дзе пасяліліся, я ў гэтым неаднойчы пераконвалася.
Вядома, пытанне, якое ўзняла астраўчанка ў сваім тэлефанаванні, не архіважнае і не першачарговае. Тым не менш… Напэўна, не вельмі складана дапамагчы буслінаму сямейству атрымаць пастаянную прапіску ў Астраўцы. Хочацца, каб наш горад стаў краем, куды яны будуць вяртацца з выраю і знаходзіць тут свой дом.
Бо, як некалі спявалі ў вядомай песні, «Бусел на даху – мір на зямлі!».
Хай так будзе заўжды і паўсюль, у Астраўцы – у тым ліку.