“Са старымі лепш, чым з малымі!”

10:00 / 05.01.2026

– пераканана сацыяльны работнік Кацярына Бонтур.

Выбраць у 17, а тым больш – у 15 гадоў справу жыцця няпроста. Не кожнаму ўдаецца так, каб раз – і назаўжды. Але многія, атрымаўшы дыплом аб заканчэнні каледжа ці ўніверсітэта, застаюцца ў нелюбімай прафесіі, баючыся страціць крыніцу стабільнасці і дабрабыту. Пакутуюць ад гэтага самі і, свядома ці міжвольна, нясуць дыскамфорт тым, хто вымушаны стасавацца з непрафесіяналамі. Як там у Канстанціна Ваншэнкіна? «Упаси вас бог познать заботу: об ушедшей юности тужить, делать нелюбимую работу, с нелюбимой женщиною жить»…

Кацярына Бонтур не стала займацца нелюбімай справай, хоць прафесію выбірала сама і лічыла цалкам падыходзячай.

Родам яна з Бераставіцкага раёна. Пасля дзевяці класаў паступіла ў Гродзенскі каледж на дашкольнае выхаванне, пасля яго заканчэння прыехала па размеркаванні ў Астравец.

– Едзь, не бойся, што далёка, – угаворвалі яе выкладчыкі. – Астравец – горад малады, перспектыўны. Можа, лёс там свой сустрэнеш, якога-небудзь атамшчыка ці ваеннага.

Амаль усё збылося з таго прароцтва: і горад Каці спадабаўся, і ваеннага, які стаў яе лёсам, тут спаткала.

А вось дзіцячы садок, адпрацаваўшы належны тэрмін, дзяўчына пакінула.

– Усё цячэ, усё мяняецца, – па-філасофску адказвае яна на пытанне: чаму? – Дзеці цяпер іншыя, іх бацькі – таксама… І ўвогуле, я зразумела, што не маё гэта…

Звольніўшыся, стала шукаць работу. Нехта параіў звярнуцца ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– У офісе вакансій няма, – адказалі дзяўчыне. – А сацыяльным работнікам вы ж не пойдзеце…

– Чаму гэта? – здзівілася Каця – і здзівіла сваім адказам будучых работадаўцаў. – Дазвольце хоць паспрабаваць!

…Да яе доўга прыглядваліся – не верылі, што маладая дзяўчына – Каці толькі 22 гады – справіцца, што ёй насамрэч больш падабаецца працаваць са старымі, чым з дзецьмі, што яна не стане грэбліва падціскаць вусны ці заціскаць нос, заходзячы ў жытло, якое патыхае зусім не французскімі духамі.

Нават некаторыя з яе падапечных, прынамсі, Марыя Паўлаўна Леановіч, якая ўсё жыццё настаўнічала, не маглі зразумець, як можна змяніць чыстую дзіцячую энергетыку на догляд за пажылымі, у якіх, хто б там што ні казаў, жыццё ідзе на схіл і суправаджаецца хваробамі, пакутамі, бездапаможнасцю.

Дый вопыту ў дзяўчыны – ні жыццёвага, ні прафесійнага – у гэтым плане няма. Нават 64-гадовая бабуля Кацярыны маладзейшая за яе падапечных, якім ужо 70 +, не кажучы ўжо пра 40-гадовую маму, у якой, акрамя Каці, трое меншых дзяцей: дзяўчынка!

Але для сацыяльнаму работніку не трэба валодаць нейкім спецыяльным майстэрствам: зварыць абед, прыбраць хату, схадзіць у магазін, адвезці бабулю ці дзядулю ў банк ці паліклініку – для гэтага дыплом аб адукацыі не патрэбен. Тут галоўнае мець добрае сэрца, быць ветлівым, тактоўным, памяркоўным, паважлівым, цярплівым – а ўсе гэтыя якасці ў характары дзяўчыны ёсць.

– Можа, хто не паверыць, але мне з маімі бабулькамі і дзядулькамі прасцей, чым з дзецьмі, – прызнаецца Кацярына Бонтур. – Кажуць, што з імі цяжка, што ў старасці яны становяцца капрызлівымі. Але мне не складана, праўда! Можа, мне пашанцавала, што ўсе мае падапечныя такія добрыя людзі? Ці ў Астраўцы ўсе такія? Не скажу, бо ўсіх не ведаю, але мае – ну проста залатыя! У нас не ўзнікае праблем, няма канфліктаў. З імі пагаворыш – розуму набярэшся. Марыя Паўлаўна, напрыклад, любіць падкідваць лагічныя задачкі, хоць я з матэматыкай ніколі не сябравала. Кажа: “Калі сама не разбярэшся, то Андрэю – гэта мой малады чалавек – аднясеш, хай памазгуе”. Я пакуль раённую газету не выпісваю, усе навіны ў інтэрнэце чытаю, але яны мне ўсё з “Астравецкай праўды” перакажуць, нават дадуць пачытаць нешта асаблівае. У кожнага з іх можна нечаму павучыцца. Мне з імі цікава!

У Кацярыны Бонтур 9 падапечных. Кожнага з іх яна наведвае па графіку ў пэўны дзень і час. У некага затрымліваецца на дзве гадзіны, у некага – на тры ці нават больш – у адпаведнасці з іх функцыянальным класам і пералікам работ, якія трэба выканаць. Яны заўсёды чакаюць сваю Кацюшу, яна для іх – рукі, вушы, вочы, ногі, дастаўка, таксі… І проста суразмоўца.

– Яны мяне хваляць, дзякуюць, а не прывыкла, – паціскае плячамі Кацярына Бонтур. – Думаю: няўжо гэта пра мяне? Чым я заслужыла? Цяпер вось яшчэ і інтэрв’ю… Я ж проста раблю сваю справу! Даглядаю за імі, як даглядала б за сваёй роднай бабуляй…

Напэўна, у гэтым і хаваецца галоўны сакрэт. Бо не намі сказана: адносьцеся да людзей так, як хочаце, каб яны адносіліся да вас…


Фото из архива героини.

Текст: Нина Рыбик