Астравец. Свята да нас прыходзіць
Снежань – гэта час, калі ўсё вакол напаўняецца атмасферай свята і чараўніцтва. Каляды і Новы год – гэта асаблівыя дні, калі сем'і збіраюцца разам, сябры абменьваюцца падарункамі, а вуліцы ўпрыгожваюцца агнямі і дэкарацыямі. Асабліва чакаюць гэты час дзеці, бо надыходзіць час канікулаў.
З надыходам гэтага чароўнага часу павышаецца і рызыка ўзнікнення пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём, эксплуатацыі няспраўных электрычных гірлянд і няправільнага выкарыстання бенгальскіх агнёў.
Каб канікулы і святы прайшлі бяспечна, работнікі раённага аддзела МНС, пажарны Дзед Мароз і выратавальнікі АСВОДа прыйшлі ў госці да навучэнцаў Рымдзюнскай і Варнянскай сярэдніх школ.


Сустрэчы ператварылі ў захапляльнае і пазнавальнае свята бяспекі. Выратавальнікі правялі тэматычную віктарыну «Новы год без клопатаў», дзе дзяўчынкі і хлопчыкі ў гульнявой форме паўтарылі, чым можна ўпрыгожваць навагоднюю ёлку, як правільна яе ўстанавіць і што рабіць, калі навагодняя прыгажуня загарэлася. Школьнікі даведаліся, што бенгальскія агні, вата і свечкі – небяспечныя «суседзі» для лясной жыхаркі.
Старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах Аляксандр Ігнатовіч дапоўніў сустрэчу, расказаўшы школьнікам аб каварстве зімовых вадаёмаў і нагадаў правілы бяспекі ля вады ў халодны перыяд, каб радасць ад катання на каньках і прагулак ля ракі ў першыя маразы не была азмрочана.



Напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі наладзілі вясёлы флэшмоб «Бяспечны Новы год», замацаваўшы атрыманыя веды танцавальнымі рухамі.

По материалам сайта Гродненского областного управления МЧС
