Апавяданне Ніны Рыбік «Вера»
10:00 / 21.12.2025
Па рускай мове яна адна з класа напісала дыктант без памылак. А сачыненне па рамане Мележа «Людзі на балоце» Алена Аляксееўна нават прачытала перад усім класам. І сказала, што за час яе работы ўпершыню бачыць такія дарослыя, глыбокія і мудрыя разважанні школьніцы пра жыццё і пра каханне. І дадала трохі крыўдныя і разам з тым прыемныя словы пра тое, што, калі б гэта было хатняе заданне, калі б не бачыла, як Вера працавала, то не паверыла б, што яна пісала сачыненне сама. І яшчэ гаварыла, што ў дзяўчынкі талент, што яе чакае вялікая будучыня і некалі ўсе будуць ганарыцца, што яна вучылася ў іх школе.
Веры было крыху ніякавата слухаць тыя словы пад недаверлівымі позіркамі аднакласнікаў: маўляў, адкуль узяўся талент у гэтай цыбатай Веркі? І разам з тым прыемна. Не тое, каб яна паверыла словам настаўніцы пра сваю вялікую будучыню – якая такая вялікая будучыня можа чакаць яе, дачку простых калгаснікаў? Але яны дадалі ўпэўненасці ў тым, што Вера інтуітыўна адчувала і раней: калі пісаць пра тое, што хвалюе – а каго не ўсхвалявала б каханне Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? – ды словамі, што ідуць ад сэрца, а не вычытанымі ў падручніку, то твае думкі і пачуцці абавязкова дойдуць да розуму і сэрца іншых.
…Надвор’е спрыяла добраму настрою. Гуллівы майскі ветрык, забаўляючыся, прыемна казытаў голую шыю – блузку яна расшпіліла ажно на тры гузікі. Гарэза здуваў на бок пышны «конскі хвост», які яна раніцай завязала тугой чорнай гумкай, адрэзанай ад старой веласіпеднай камеры. Ён пяшчотна паддуваў яе густую грыўку, пастрыжаную нядаўна суседкай і сяброўкай Любкай. Мама за грыўку сварылася: «Вось убачыць п’яны бацька, то будзе і табе, і мне». А Веры яна падабалася. Здавалася, што з новай прычоскай яна выглядае зусім дарослай. Амаль што гарадской – як Ванева нявеста, якую ён прывозіў пазнаёміць з маці на мінулым тыдні. Галінка ўсім спадабалася – простая, не задавастая. У падарунак Веры прывезла кніжку і прыгожую заколку. А маме – квяцістую шарсцяную хустку. Суседкі потым прыбягалі паглядзець на гасцінцы, частаваліся гарадскімі цукеркамі і нахвальвалі Ваневу абранніцу і самога Ваню. Веры было прыемна гэта чуць.
У Галінкі такая ж грыўка, толькі светлая, амаль белая. І валасы карацейшыя, да плячэй. Вера вырашыла, што калі паедзе вучыцца ў горад, то гэтак жа пастрыжэцца. Прасіла Любку, якая марыла стаць цырульнікам, цяпер адрэзаць валасы, але тая не рашылася і пасля доўгіх угавораў пагадзілася толькі на грыўку. Такі з яе, баязліўкі, і цырульнік атрымаецца!
Паедзе вучыцца ў горад… Ці будзе гэта калі-небудзь? Заканчваецца дзясяты клас і трэба думаць, што рабіць далей. Аднакласнікі наперабой расказваюць, хто куды збіраецца ісці пасля школы. Людка ў педагагічны – там у яе цётка выкладае. Юрку бацька, старшыня калгаса, павязе ў сельгасакадэмію, якую сам заканчваў. Ірка сказала, што паедзе да матчынага дзядзькі ў Маскву, той куды-небудзь уладкуе.
А ёй, Веры, куды падацца? Няма ў яе ні дзядзькі, ні цёткі, якія б маглі дапамагчы ўладкавацца. Толькі Ваня… Але ён сам жыве ў інтэрнаце. Калі пажэняцца з Галінкай, то, казаў, здымуць кватэру. Куды ім яшчэ і Вера! Хіба што спыніцца на першым часе, каб не на вакзале начаваць…
На ўсе роспыты, куды яна, круглая выдатніца, збіраецца паступаць, Вера адказвала, што пакуль не вырашыла.
Яна і насамрэч не ведала, што будзе рабіць пасля школы. У самых смелых марах, якімі не дзялілася нават з мамай, думала пра журналістыку. Але туды трэба здаваць замежную мову. А нямецкую ў іх выкладала Валянціна Мацвееўна «вывучала» яе ў Германіі, у фашысцкім канцэнтрацыйным лагеры.
Валянціну Мацвееўну, худзенькую, у вачах якой назаўжды застылі боль і страх, Вера шкадавала. Але спачуванне яе цяжкаму лёсу ведаў вучням не прыбаўляла. Урокі зводзіліся да таго, што настаўніца прыносіла тэкст, слоўнікі і прасіла перакласці пару абзацаў, хоць бы прыблізна. Вера падазравала, што дакладна не пераказала б і сама Валянціна Мацвееўна. Дзяўчынка шчыра старалася разабрацца, што значаць незнаёмыя словы і артыклі, гартала слоўнікі, пыталася ў настаўніцы, але амаль заўсёды чула ў адказ: «Гэта няважна. Сутнасць зразумела? Вось і малайчынка! «Пяцёрка» табе». Хлопцы, калі надвор’е было дрэнным, гулялі ў карты за апошняй партай і напрыканцы ўрока, не хаваючыся, спісвалі ў Веры пераклад. А калі было сонечна, адзін за другім прасіліся выйсці і да канца ўрока не вярталіся. Калі не дазвалялі, пакідалі клас без дазволу – Валянціна Мацвееўна потым моўчкі стаяла ля акна, назіраючы, як яе вучні на школьным двары ганяюць мяч, і ціхенька плакала.
Не, на факультэт журналістыкі Веры не паступіць, нават калі закончыць школу з залатым медалём, што ёй хорам прарочылі настаўнікі. Яна крытычна ацэньвала вартасць сваіх круглых «пяцёрак», асабліва па нямецкай мове, і разумела, што на сур’ёзным экзамене пры такім конкурсе, які звычайна бывае на журфаку, яна пасыплецца. Яшчэ і чырванець давядзецца, калі не зможа пацвердзіць адзнаку ў атэстаце.
А вось у педагагічны можна было б паспрабаваць. На беларускую мову і літаратуру. І потым яна расказвала б дзецям пра Бандароўну, Сымона-Музыку, Андрэя Лабановіча гэтак жа ўзнёсла, як ім – Алена Аляксееўна. І вучыла б іх выказваць свае думкі ў сачыненнях. І пісаць без памылак…
Вось толькі мама… Што будзе з мамай, калі Вера паедзе вучыцца, хай сабе нават не ў Мінск, а ў Гомель? Хто дапаможа ёй на ферме? Хто абароніць ад п’янага бацькі?
Заўсёды, калі Вера пачынала марыць пра тое, як будзе вучыцца ў інстытуце, сядзець на лекцыях, хадзіць у белых басаножках па гарадскіх праспектах, якую зробіць стрыжку і купіць блузку, наступная думка – а як жа мама? – варочала яе на ферму. Да 40-кілаграмовых бідонаў, якія той давядзецца цягаць на малочную адной. Да каровы Зоркі, якая не прызнавала цудаў механізацыі і яе па-ранейшаму даілі ўручную, папярэдне пашаптаўшы на вушка розныя пяшчотнасці і скарміўшы акрайчык хлеба – тады яна стаяла спакойна і аддавала ўсё малако, да кропелькі, цэлае вядро. Да вечна забітага гноем транспарцёра і цяжэнных глыб мёрзлага сіласу, які зімой тройчы на дзень трэба было разнесці па кармушках.
Як маці адна, без Верынай дапамогі, справіцца? І хоць матуля заўсёды паўтарала: «Вучыся, едзь у горад, мо, хоць ты з гэтага пекла вырвешся, што лепшае пабачыш», дачка ўсё не магла вырашыць, якая шаля вагаў пераважвае: яе дзіцячая мара ці маміна гаротнае жыццё, якое Вера, пакуль была побач, як магла і ўмела, старалася аблегчыць.
Што дома зноў калатнеча, Вера зразумела, як толькі падышла да падворка. Праз расчыненыя вокны чулася брыдкая лаянка бацькі і матчын плач. Раптам зазвінела разбітае шкло, мама закрычала і змоўкла. Вера кінула партфель у сенцах і рыўком расчыніла дзверы.
Мама, закаціўшы вочы, асядала на падлогу каля грубкі, з валасоў яе дажджом сыпаліся шкляныя асколкі і сцякала смярдзючая вадкасць. Бацька навісаў над ёй, сціскаючы ў руках рыльца пабітай бутэлькі.
Вера схапіла са стала тонкі ножык, якім яны абіралі бульбу, і кінулася да бацькі:
– Гад! Што ты зрабіў з мамай? Я прырэжу цябе, сволач!
Ён выпраміўся, адкінуў убок рэшткі бутэлькі і лёгка адвёў яе руку.
– Надумаеш прырэзаць, то нож добры вазьмі. А гэтым і жабу не заколеш, – крыва ўсміхнуўся той.
Злёгку пхнуў нагой маму:
– Нічога з гэтай курвай не станецца… Во, ужо варушыцца. Вы, гадаўкі, жывучыя. Павучыў трохі, каб памятала, хто ў доме гаспадар. А то ўжо абарзелі абедзве…
Бацька, важка грукаючы бруднымі кірзавымі ботам, гучна ляпнуў дзвярыма і выйшаў з хаты.
Вера кінулася да маці.
– Мама, мамачка, што ён зрабіў?
Алена расплюшчыла вочы і паспрабавала ўзняцца. Сукенка на ёй была мокрай і смярдзела самагонкай.
Вера дапамагла маці ўстаць на ногі.
– Што на гэты раз? Чым ты яму зноў не дагадзіла? – спытала, усадзіўшы яе на крэсла.
– Гарэлкі не дала ў тую мінуту, як загадаў, – вінавата ўсміхнулася маці. – Не было ў хаце. Пабегла да бабы Вулляны пазычыць. Мо, і забавілася крыху: пакуль тая наліла, мяне паўшчувала, што здзекі трываю... Прынесла, падала – а ён той пляшкай мне па галаве… Добра, што каля грубкі стаяла, на кут кафлі бутэлька трапіла і пабілася. Інакш, мусіць, капцы мне былі б… А так толькі шклом абсыпала і гарэлкай заліло. Але напужалася моцна. Ад страху, пэўна, і прытомнасць страціла. Яшчэ і цябе напалохала…
Вера ўважліва агледзела матчыну галаву. Збоку ўздуўся гузак – не ўсё, мусіць, узяла на сябе грубка. «А калі б мама стаяла пасярэдзіне пакоя, калі б кафля не прыняла на сябе асноўны ўдар?» – падумала са страхам.
Дачка распусціла матчыны доўгія тоўстыя косы, якія тая, каб муж не раўнаваў, збірала ў старэчую гульку. Стала расчэсваць іх густым грэбенем. На падлогу пасыпаліся дробныя кавалачкі шкла, якія заблыталіся ў валасах. Яны блішчэлі ў сонечным святле, што шчодра залівала хату, нібы брыльянцікі. «Гэта было б вельмі прыгожа, каб не было так страшна», – падумала Вера, вычэсваючы з маміных валасоў шкло. Калі яно перастала сыпацца, спляла мокрыя яшчэ валасы ў тоўстую касу, вылажыла вакол галавы каронай.
Мама паглядзела ў люстэрка, усміхнулася:
– Некалі ў дзявоцтве я таксама так рабіла...
Вера падмяла хату, перапранула маці ў сухое, паклала яе на ложак, накрыла цёплай коўдрай. Запарыла гарбаты з мятай, падала.
– Адпачні, – пяшчотна пагладзіла матулю па галаве. – Супакойся...
– Дык адпачыла ўжо! – памкнулася ўстаць Алена. – Разлеглася тут, як пані, калі столькі работы...
– Паробіцца работа! – рашуча прыпыніла яе памкненне дачка. – Я дапамагу.
– Табе ўрокі рабіць трэба, – слаба запярэчыла маці.
– Нічога, паспею, – адмахнулася дачка. – Ты мне іншае скажы, мама. Даўно хацела спытаць. Як сталася, што ты за бацьку замуж пайшла? Ці не бачыла, які ён?
– Ну вось не пайша б, то і не было б цяпер у мяне цябе, адзінай маёй уцехі, памочніцы і абаронцы, – усміхнулася Алена і прытуліла дачку.
Вера вызвалілася з абдымкаў.
– Пайшла б за каго талковага, то і абараняць не трэба было б! І дапамагаць было б каму. Вунь дзядзька Барыс – і сваю работу паробіць, і свінням замяшае ды аднясе, а як цётка Насця прыхварэе, то і бліноў напячэ, яшчэ і яе накорміць. А ў нас усё на твае рукі: і дровы, і сена, і гаспадарка, і ферма. Ды яшчэ і яму навары ды падай кожны раз свежанькае ды смачненькае. Ён спіць да абеду, а затым галівудзіць з сябрукамі да поўначы. А ты абслугоўваеш іх, як парабчанка – падай, прыбяры, паднясі… Што табе ісці на ранішнюю дойку, не спаўшы, то хіба яму справа да таго?
Алена слухала дачку і слёзы міжволі каціліся з вачэй. Усё так, усё праўда: і пра дровы, і пра бяссонныя ночы... Але яна нават не задумвалася, што можна жыць так, як Насця Барысіха ці баба Вулляна, каб усё разам, дружна, каб муж папераду, а жонка за ім…
– Няўжо ты кахала яго, мама? Няўжо такога можна кахаць? За што? – дапытвалася Вера.
– Дзіцятка, хіба ж кахаюць за нешта? – сумна ўсміхнулася маці. – Каханне – гэта... Як табе растлумачыць? Калі для цябе нікога, акрамя гэтага чалавека, не існуе. Ён парэжа палец, а табе баліць. Ён толькі падумаў, а ты ўжо ведаеш, пра што. Гэта калі ўсе думкі, кожную хвіліначку, – толькі пра яго.
– Не, бацьку твайго я ніколі не кахала, – падумаўшы, сказала Алена.
І дадала задуменна:
– І ўвогуле я ў жыцці кахала толькі аднаго чалавека…
– Каго? – акругліла вочы Вера, адчуваючы, што зараз пачуе вялікую таямніцу.
Твар маці асвяціла светлая пяшчотная ўсмешка, нібы яна аднекуль з донца душы дастала схаваны ад чужых вачэй праменьчык шчасця.
– Іванавага бацьку, – адказала, трохі падумаўшы.
– А хто ён быў? Які? Такі ж прыгожы, як Ваня? І чаму вы не разам? – засыпала дачка пытаннямі.
І ўмольна склала рукі:
– Раскажы, мамачка! Ну калі ласачка…
– Ох, донечка, доўга расказваць давядзецца, – уздыхнула маці. – Дый цяжка ўспамінаць... Але калі ты так просіш...
Вера прылегла побач з маці, абняла яе, прытулілася. Тая стала пяшчотна гладзіць дачушку па галаве, углядаючыся некуды ў нябачную далячынь.
Нарэшце загаварыла:
– Пасля вайны цяжка мы жылі. Бацьку забілі. У маці на руках пяцёра. Я – другая. Старэйшая, Маня, завербавалася і з'ехала з сяла. А мне трэба было маці дапамагаць. На ферму цялятніцай пайшла ў пятнаццаць гадоў. Абуць-апрануць няма чаго. Рваныя пасталы людзі на сметнік павыкідваюць, а мы падбіраем, у нас і такіх няма. Спадніцай з даматканага палатна сорам неяк прыкрыеш, а ногі голыя. Першая пасляваенная зіма снежнай выдалася, марознай. Цягну з кармакухні на цялятнік два цяжэнныя вядры з пойлам. Снегу па пояс. Адно вядро перастаўлю, за другім вяртаюся… Дахаты прыйду, на печ залезу – замёрзшыя ногі ад цяпла пазаходзяцца. Плачу – ад болю, ад жалю да сваёй долі… Нагараваліся. Працавалі за працадні, увосень паўмеха жыта дадуць – жыві, як хочаш.
А ў суседняй вёсцы, у Паддонным, быў не калгас, як у нас, а саўгас. Такая ж ферма, тая ж цяжкая праца, але за работу грошы плацілі. Хоць і мізэрныя капейкі, ды ўсё ж не пустыя палачкі. Папрасіліся мы з сяброўкай туды даяркамі. Паглядзелі, што маладыя, дужыя, спрытныя – узялі.
На першым часе я ўсю зарплату маці аддавала: ёй жа меншых падымаць трэба. Сабе толькі пару рублёў пакідала, каб за кватэру заплаціць ды хлеба купіць, малака можна было і на ферме напіцца. А потым гаспадыня, у якой мы з сяброўкай куток здымалі, паўшчувала. «Ты ж, – кажа, – маладая, апраніся па-людску, што ходзіш у рваніне?» Я паслухалася. Купіла сукенку, хустку, панчохі, чаравікі. Прыбралася! Ужо можна было і ў клуб на танцы схадзіць. Раней саромелася: спадніца з даматканага палатна, альховай карой фарбаваная, кофта з таго ж палатна, толькі някрашанага... На танцах я і ўбачыла Івана...
– Ванінага бацьку таксама Іванам звалі? – ускінула броўкі Вера.
– А як жа інакш? Я ж табе кажу: калі любіш, то нічога і нікога больш не існуе. Ні людзей, ні імён...
Я і раней яго бачыла. Кароў саўгасных ён пасвіў. Нічога асаблівага: невысокі, дробненькі, што той верабейчык. Таксама бедната: штаны латаныя-пералатаныя, біджачык абцёрханы, велікаваты, пэўна ж, з чужога пляча…
А тады, у клубе, ён мяне на танец запрасіў. Упершыню ў жыцці нехта на мяне глянуў, за руку ўзяў, у круг вывеў. А пасля і дахаты праводзіў. Каля веснічак колькі часу пастаялі. Расказаў, што з суседняга сяла. Сіраціна. Маці памерла, калі ён маленькім быў, Іван яе не памятаў. Бацька з вайны не прыйшоў. Усяго і радні ў яго, што дзядзька, бацькаў брат, які тут брыгадзірам працуе. Паслухала я – і такі жаль сэрца агарнуў… Ён яшчэ большы бядак, чым я. У мяне ж маці ёсць, брат, сёстры. А ён адзін, як былінка на ветры… І адразу падаўся мне такім мілым, такім прыгожым... Захацелася прылашчыць, пашкадаваць.
З таго вечара стаў ён прыходзіць да мяне.
– На спатканне? – гулліва спытала Вера.
– Ой, якія там спатканні! – адмахнулася маці. – Ён ад світання да змяркання находзіцца за каровамі, ледзь ногі прыцягне. Я, тры разы за дзень дваццаць галоў падаіўшы, рук не чую. Сядзім на лавачцы, дрэмлем адзін у аднаго на плячы…
Ды неяк пайшлі да ручая салаўёў паслухаць. Надта ж яны заліваліся ў тую вясну, прама слоў не чуваць за іх пошчакам ды пералівамі. А нам і гаварыць не хацелася – цалаваліся. А затым укуліліся ў копку свежаскошанай травы, водарнай, аж галава кружылася…
Прызнаюся табе, дзіцятка, як перад богам: пабылі мы з ім. Адзін разочак толькі пабылі ў тую салаўіную ноч. Дамовіліся, што заўтра ж пойдзем у сельсавет і запішамся. Ды нешта не пусціла. І потым усё дня не маглі падабраць: то ён на пашы, то мяне дзяжурнай па ферме паставяць – не вырвацца.
Ён і дзядзьку сказаў, што жаніцца сабраўся. Той задуму ўхваліў, а калі даведаўся, з кім, галавой закруціў: яна без бацькі, ты сіраціна, з чаго разжывацца будзеце, хто вам дапаможа?
А праз колькі дзён прыехаў да яго на пашу з суседскім хлапчуком. Ён, кажа, за каровамі паглядзіць гадзінку-другую, цукерак-падушачак яму потым купіш, а мы з табой тым часам з’ездзім у адно месца. Нават не сказаў, куды і чаго. Прывёз да млынара, у якога дачка ў дзеўках заседзелася. «Вось, – кажа, – надумаў жаніцца – то жаніся! Толькі не на сваёй галасракай Аленцы, а на Марысі. Павер мне, нябожа: дзірка паміж ног ва ўсіх баб аднолькавая. А тут заўсёды будзеш напіты і наеты, абуты і адзеты». А Марыся гасцей чакае ўжо гатовая, прыбраная. Ваня казаў, што і апомніцца не паспеў, як пасадзіў іх дзядзька ў фурманку і адвёз у сельсавет. Там іх у мінуту запісалі, тады гэта на хаду рабілася. Там жа выпілі па чарцы і дзядзька яго назад на пашу адвёз – працуй, грошы зарабляй...
Ён і кароў прыгнаць не паспеў, як мне далажылі, што Ванечка мой з млынаровай Марыськай ажаніўся. Я не верыла: не мог ён так! Я ж бачыла: любіць ён мяне гэтак жа, як і я яго. А зірнула ў яго вочы – вінаватыя, як у пабітага сабакі, і зразумела: праўда... Ён спрабаваў нешта гаварыць, тлумачыць, але я не стала слухаць. Расплакалася, пабегла дахаты. Дзяўчаты ў той вечар маю групу падаілі. А я да мамкі кінулася. У ногі ўпала, расказала ўсё, як ёсць. Нават пра тое, пра што Ваню сказаць не паспела ці не асмелілася: што панесла я ў тую адзіную ноч, што былі мы разам.
Баба Вера не сварылася. Спытала толькі, калі тое было. Даведалася, што ўжо тры месяцы мінула, галавой пакруціла. Паплакала разам са мной, а потым сказала: дзіця губіць я табе не дазволю. Нараджай – не ты першая, не ты апошняя. Бабская доля такая: усе любяць смачненькім ласавацца, ды не ўсе хочуць потым лыжкі мыць. Дае бог дзіцятка – дасць і на дзіцятка. Я вас пяцёра адна выгадавала, а ў цябе сям’я ёсць – дапаможам. Супакоіла мяне... Пабегла я, усцешаная, назад. 15 кіламетраў у адзін бок, столькі ж – у другі. Да ранішняй дойкі паспела!
Ваня потым прыходзіў некалькі разоў, плакаў, казаў, што сам не ведае, як так атрымалася. Расказаў, як усё было. Кляўся-бажыўся, што адну мяне любіць і ўсё жыццё любіць будзе. Абяцаў кінуць Марыську. Мне шкада яго было ну проста да слёз. І адначасова злосць разбірала: што ж за цяльпук такі, што яго, як кацяня сляпое, укінулі ў чужую хату: вось табе міска з харчам, вось табе пасцелька мяккая – жыві!
Ды, пэўна, перагарэла б я, адпусцілася, даравала б Ванечку свайму. Кажу ж: кахала яго моцна. Ды неўзабаве Марыська жывот свой, што ўжо фартух падымаў, стала напаказ выстаўляць ды хваліцца бабам каля студні, які ў яе муж уночы ненасытны… Тады я яго зусім прагнала. У ложак не дзядзька ж яго ўкладваў!
А я сваё пуза, наадварот, хавала. Ды хіба ж шыла ў мяшку ўтоіш? Хто пасмейваўся, хто шкадаваў… А я, сціснуўшы зубы, да апошняга працавала. Бідоны толькі каляжанкі не давалі мне цягаць, а так усё рабіла: кароў даіла, цялят паіла, падсцілала, сена па кармушках разносіла.
Калі час прыйшоў, папрасіла ў дырэктара адпачынак на месяц – дэкрэтаў тады не ведалі. Ён ад слова падпісаў заяву, нават прычыну не спытаў. Хоць што там пытаць, калі прычына тая з-пад світкі вытыркаецца. Папрасіў толькі вяртацца, сказаў, што замену мне цяжка будзе знайсці.
Сыночка я нарадзіла лёгка, прама ў бабы Веры на прыпечку. Яна ж і пупавіну перарэзала. А я як глянула на кірпаты носік, бародку з ямачкай, броўкі домікам – ну выліты мой верабейчык, чысты Ванечка! Так і запісала. Хоць баба Вера не хацела, злавалася, доўга яшчэ Андрэйкам называла. Потым звыклася.
Дзіцятка я маці пакінула, сама ў Паддоннае на ферму вярнулася. Трэба ж грошы зарабляць, сына гадаваць. Хоць у сваю вёску, да Ванечкі, лётала па два разы на тыдзень. Пасля вячэрняй дойкі выбягала, да ранішняй вярталася. Маці сварылася: нашто? І сама не адпачываеш, хутка з ног звалішся, і нам спаць не даеш. А мне каб хоць на соннага сыночка паўглядацца, пальчыкі яго перацалаваць, дыханне паслухаць.
Ды неўзабаве давялося зноў у свой калгас вярнуцца, хоць з Паддоннага і не адпускалі, залатыя горы дырэктар абяцаў. Толькі кожную ноч дахаты не набегаешся, а дзіця расце, яму мамка трэба…
Я і дзеўкай небрыдкая была, а як нарадзіла, то пакруглела, пахарашэла. Сталі за мной хлопцы ўвівацца, проста праходу не даюць. Пэўна, думалі, што калі распячатаная, то доўга ўгаворваць не давядзецца… Але я нікога не прывячала, у строгасці сябе трымала. Дый нашто мне хто? У мяне сыночак ёсць, Ванечка…
Неяк дзед Рыгорчык перастрэў. Прыйдзі, кажа, да мяне ўвечары, пагаварыць з табой хачу. Толькі апраніся чысцей, госці ў мяне будуць. Падумала: можа, справу якую стары чалавек мае, мо, дапамога патрэбна? Прыйшла. У хаце на самой справе госць сядзіць – прыгожы, статны, у вайсковай форме. Зорачак на пагонах шмат, не палічыла, колькі. «Гэта мой родзіч, – кажа дзед. – Афіцэр. У яго жонка памерла, двое дзетак засталося. Шукае ім матку, а сабе – гаспадыню ў хату. Прасіў параіць каго. Я лепшай, чым ты, у нашым сяле не знаю».
Вайсковец той да мяне загаварыў. «Мне, – кажа, – няма часу жаніхацца, на службу вяртацца трэба. Дзеду я веру. Так што збірайся, заўтра паедзем. У мяне кватэра ў Маскве. Дзеці спакойныя, паслухмяныя. Пойдзеш за мяне – не пашкадуеш. Не пакрыўджу ні цябе, ні сына твайго. Падумай ноч. Калі пагодзішся, то ранкам чакаю з рэчамі. Калі не, то і прыходзіць не варта, нашто лішнія размовы».
Пайшла я, зніякавелая, дахаты. Што рабіць? Узняцца і паехаць са сваёй хаты, са свайго сяла невядома куды, невядома да каго? Ды я ў райцэнтры за ўсё жыццё два разы была, як на злёт перадавікоў адпраўлялі, а тут Масква! Што я там рабіць буду? І гэты чалавек… Адкуль я ведаю, хто ён, які? Нават як завуць, не спытала… А хто маіх кароў даіць стане? Раздадуць па групах, а яны да мяне прывычныя, чужым малако не аддадуць, пазапускаюцца.
Маме сказала пра тое сватаўство, а яна: «Хочаш, дык едзь, твая справа. Пашукай жураўля ў небе. Але Ванечку я табе не аддам! Са мной застанецца. Прынамсі, пакуль. А то, можа, як паедзеш, так і вернешся».
Усю ноч я не спала, думала, што рабіць. А ранічкай на ферму пабегла: каровы ж не ведаюць, што я замуж сабралася, іх падаіць трэба. Вяртаюся з фермы, а той вайковец у аўтобус садзіцца. Не дачакаўся майго адказу. Уздыхнула з палёгкай: дзякаваць Богу! Значыць, не мой гэта лёс…
Мой мяне ў іншым месцы чакаў. Неяк пабегла ў лес ягад Ванечку набраць. Вяртаюся, а на кладцы Антон стаіць, нібы мяне чакае. Я яго з дзяцінства баялася, бокам абыходзіла: ніцы, ваўкаваты… Ты яму «Добры дзень», а ён зыркне спадлоб’я і прасунецца моўчкі. Дый варагавалі нашы сем’і здаўна, нават не ведаю, з-за чаго. Казалі, што яшчэ да вайны нейкае ружжо не падзялілі: Антонаў бацька хацеў у майго ці то адабраць, ці то адкупіць, а той не даў. Нібыта з-за таго ружжа і забілі потым нашага бацьку. Баба Вера нічога толкам не расказвала, але загадвала дзясятай дарогай абыходзіць Груганова селішча і ўсіх Груганоў, вялікіх і малых.
Я спынілася і не ведаю, ісці далей ці назад варочацца. А ён падыходзіць, бярэ мяне за руку, пытаецца:
– Ну што ты так напалохалася? Звер я які, ці што? Ці вады баішся? То хадзі, перавяду. А хочаш – перанясу!
Я і войкнуць не паспела, як ён падхапіў мяне на рукі і перанёс цераз кладку. Нібыта пушынку. А на другім беразе паставіў на зямлю і давай цалаваць. У мяне сэрца зайшлося, сама не ведаю, ад чаго – ад страху ці ад пяшчоты. Пасля Івана першы раз мяне мужчына цалаваў, ды так прагна, умела, настойліва…
А ён разняў рукі і кажа:
– Выходзь за мяне! Усё жыццё на руках насіць буду. І цябе, і сына твайго. Рукі ў мяне дужыя!
Не ведаю, што на мяне найшло. Зацьменне нейкае. Ці вар’яцтва. Галавой кіўнула. І прытулілася... І так мне стала цёпла, утульна, нібы яго рукі мяне ад усіх бедаў закрылі…
– Бедная ты мая, – абняла Вера маці.– Каб жа ты ведала, што тыя дужыя рукі будуць з табой вытвараць…
– Каб знаў, дзе ўпадзеш, то саломкі падаслаў бы, – уздыхнула Алена. – Але праўду кажуць людзі: сваёй горкай долі не абыдзеш і не аб’едзеш…
Хоць, можа, і адумалася б я, не пайшла за Антона. Калі б не баба Вера. Не ведаю, адкуль яна даведалася, але ўвечары, як толькі я вярнулася з фермы, сустрэла пытаннем:
– Што, за Гругана замуж сабралася?
Я і сама яшчэ не вырашыла, сабралася ці не. Але прыйшла стомленая, знерваваная, на ферме з загадчыцай пасварылася – тая зноў спрабавала мне малако не дапісаць. І адказала дзёрзка, з выклікам:
– А што, калі і сабралася? Не век жа мне саламянай удавой кукаваць...
Баба Вера ажно пабялела ад злосці.
– Ды калі ты... Калі ты параднішся з Груганамі, якія бацьку твайго на той свет звялі, то я... Я...
Мне здавалася, маці зараз ударыць мяне. І так крыўдна стала: за што? Не Антон жа сварыўся з нашым бацькам за тое ружжо. Ды і ці варта яно таго, каб людзі ненавідзелі адно аднаго? А мне, выходзіць, трэба звекаваць адной з-за таго, што некалі нехта нечага з некім не падзяліў.
І я сказала:
– Мама, крычы – не крычы, а я пайду за Антона.
Маці змоўкла. Доўга глядзела мне ў вочы – я позірк не адвяла. А потым сказала, як адрэзала:
– Калі пойдзеш за Гругана, то ведай: ты мне больш не дачка!
Каб яна стала ўгаворваць, ушчуваць, прасіць, нават крычаць на мяне… А то – не дачка! У мяне ажно дыханне заняло, у вачах пацямнела. Як гэта? Так можна: вырачыся свайго дзіцяці?
Калі адпусціла, адказала:
– Ну, калі я табе не дачка, то тады і ты мне не маці.
На тым мы і разышліся з бабай Верай. Назаўсёды. Яна мне так і не даравала ні тых маіх слоў, ні майго ўчынку. Як мне цяжка ні даводзілася, ні разочку не пашкадавала, не дапамагла – ні словам, ні справай. Нават калі цябе нарадзіла і па ёй Верай назвала – не адпусцілася. Было, што бацька выганіць нас зімой з хаты сярод ночы голых і босых, бягу да яе, а яна і дзвярэй не адчыніць. «Мама, – прашуся, – вазьмі хоць дзяцей!» То Ванечку пусціць у хату, а нас з табой праганяе, ідзіце, кажа, да Груганоў, хай яны вас абагрэюць. Дзякуй бабе Вулляне: яна заўсёды шкадавала, хавала ад п’янага бацькі. Суседку ён пабойваўся, хоць і абзываў усяляк, але яна, калі што якое, магла і ў морду даць, да трох не лічыла.
– Мама, а чаму ты ніколі не дала яму здачы? – спытала Вера пра тое, пра што думала неаднойчы.
– Баялася, – паціснула плячыма маці. – Ён ведаеш які дужы? Не раз казаў: на адну руку пасаджу, другой ляпну – і ад цябе толькі мокрае месца застанецца. Так і было б…
– А чаму ты не кінула бацьку, калі зразумела, які ён?
– Ды як было кідаць? Куды пайсці з дзецьмі на руках? Маці мяне выраклася. Адно што Ваньку калі-нікалі прывячала: то гасцінчык яму ў руку суне, то адзежыну якую купіць, то нанач пакліча і тады ўжо частуе-пестуе. А цябе яна ніколі за ўнучку не прызнавала. Груганам я заўсёды была чужая. Цябе-то яны за сваю лічылі. А Ванька для іх заўсёды быў байструком, я – гуляшчай, якая ў прыполе прынесла, а потым нахалам у іх сям’ю ўлезла. Так і засталася я на ўсё жыццё для ўсіх чужой – і ў сваёй сям’і, і ў Гругановай.
Алена памаўчала, а потым прамовіла задуменна:
– Часам думаю: ці сапраўды твой бацька казаў мне тыя словы тады, на кладцы? Ці, можа, прымроілася мне? Ці любіў ён калі мяне, хоць адну хвіліначку? Дый ці ведае ён, што такое любоў?
А потым дадала з усмешкай:
– Але я не шкадую, што за Антона пайшла. Бо цяпер у мяне ты ёсць – радасць мая, памочніца. Шчасце маё... Не было б цябе, як бы я жыла, усім чужая?
Вера прытулілася да маці:
– Мамачка, я табе абяцаю: ты не будзеш больш пакутаваць. Ніколі! Бацька сёння ўдарыў цябе ў апошні раз. Больш гэта не паўторыцца.
– Ты што надумала, дзіця? – устрывожылася Алена.
– Нічога я не надумала. Але рукі ён больш распускаць не будзе. Ты паляжы, адпачні. На дойку я сама схаджу, – глянула Вера на гадзіннік. – Не хвалюйся, я спраўлюся. Калі што якое, то цётка Насця дапаможа. А ты паспі. І ні пра што не турбуйся!
Вера пераапранулася, усунула ногі ў гумовыя боты, завязала хустку і подбегам рушыла на ферму. На грэблі ўжо рыкалі каровы, вяртаючыся з пашы. Яны прывычна ішлі на свае месцы ў стойлах, паслухмяна схілялі галовы, калі ім на шыю накідвалі цяжкі ланцуг – ведалі, што так трэба, што раніцай яго здымуць і яны зноў выйдуць на сонца, на сакавітую майскую траву. А калі пашанцуе і пастух зазяваецца, то і азіміны на ўскрайку калгаснага поля можна ўрваць. Наеўшыся, рагулі будуць разамлела ляжаць, падстаўляючы бакі цёпламу сонейку і жаваць жуйку, адчуваючы, як вымя набракае малаком.
«Нават каровы больш вольныя і шчаслівыя, чым мама, – думала Вера, абмываючы важкае вымя, умела падключаючы апарат, дадойваючы апошнія кроплі рукамі, працэджваючы малако ў бідоны, цягнучы іх на тачцы ў малочную. – Ніколі нічога добрага яна не бачыла, толькі беспрасветную нядолю. Работа і работа, на ферме і дома. Здзекі мужа. Пагарду яго радні. Адвечную вінаватасць перад сваёй. Насмешкі аднавяскоўцаў. Усё, хопіць! Мама, ты маеш права быць шчаслівай! Пажыць у спакоі і дастатку. Не паеду я ні ў які інстытут. Не, паеду, абавязкова вывучуся на настаўніцу ці нават на журналістку. Толькі не цяпер.
Потым, калі...»
Разуменне, што трэба рабіць, прыйшло, яшчэ калі яна слухала матчыну споведзь – спачатку са спачуваннем, потым з цікавасцю, радасцю ад разумення, якое каханне выпала на яе долю, абурэннем ад недарэчнай здрады, якую давялося перажыць, недаверам, калі маці расказвала пра бацькава прызнанне ў каханні, сардэчным болем ад таго, што яе выраклася родная маці…
І, урэшце, усе гэтыя пачуцці выкрышталізаваліся ў адно, якое даўно выспявала ў душы і цяпер запоўніла ўсю яе істоту: нянавісць да бацькі. Ён, ён адзін вінаваты ў матуліным беспрасветным жыцці! Ён гад, ён кат, пачвара! Ён не павінен жыць! Ніхто не заплача, калі яго не стане. Мо, толькі баба Харціна: сын ёсць сын, якім бы ён ні быў. Сястра, брат? Хіба дзеля прыліку, ад людскога вока? Яго выкрунтасы і ім даліся ў знакі. Колькі разоў з міліцыі выцягвалі, на работу ўладкоўвалі, даўгі яго плацілі. Хоць найперш, вядома ж, за яго паходжанні ў пошуках лёгкага і вясёлага жыцця разлічвалася мама – грашыма, а найбольш – нервамі. Ніхто ад яго нічога добрага не бачыў. Нашто такому на свеце жыць?
Каб іншыя пакутвалі з-за яго?
Так, яна ведала, гэта вялікі грэх – жадаць смерці іншаму, а тым больш – роднаму бацьку. «А здзеквацца з матулі – не грэх? – апраўдвала Вера сама сябе. – Калі бог яму ўсё даруе, то, можа, і мяне прабачыць? А калі не, то я адкажу за ўсё. І перад богам, і перад людзьмі. І за думкі свае, і за ўчынкі».
Вера завіхалася на ферме і думала аб адным: як пазбавіць маці ад пакут, а значыць – ад бацькі.
«Колькі за забойства даюць? Гадоў дзесяць? Я яшчэ маладая. Пасадзяць – адсяджу. А потым пайду ў інстытут. А не паступлю, то ў даяркі. Я работы не баюся. Але мама будзе спаць спакойна! Я забяру яе адсюль, з’едзем куды-небудзь, дзе нас ніхто не ведае. І будзем жыць разам. Галоўнае – прыдумаць, як усё зрабіць. Каб надзейна. Каб не выжыў. Нож не падыходзіць – не хопіць у мяне сілы яго зарэзаць, нават вялікім нажом, нават у сне. І смеласці... Я крыві баюся. Застаецца атрута... Але дзе ўзяць? І як падсыпаць, каб ніхто больш не пакаштаваў, нават кот? Трэба падумаць...»
Думкі пра помсту так захапілі дзяўчыну, што яна не адчувала стомы. Што ногі і рукі дрэнна слухаюцца, зразумела, толькі падыходзячы да хаты. «А мама так кожны дзень», – падумала, сцягваючы гумовікі са, здавалася, чыгунных ног.
На шчасце, бацькі дома не было. Мама моцна спала, паклаўшы, нібы маленькая, далонь пад шчаку. Мусіць, сніла нешта прыемнае: усміхалася. У сваёй кароне з тоўстай касы, у новым байкавым халаце яна была такой прыгожай... Вера міжволі залюбавалася. «А можа, яна яшчэ сустрэне сваё шчасце. Яна ж яшчэ не старая... І такая прыгожая… Цікава, дзе цяпер яе Іван? Што з ім? Трэба будзе распытаць».
Назаўтра, вяртаючыся са школы, Вера зайшла на збожжасклад.
– Цётка Насця, – звярнулася яна да загадчыцы, – мама прасіла даць атруты для пацукоў, бо ў склепе хутка ўсю бульбу перашаткуюць.
Тая ўзняла вочы ад папер і паглядзела на Веру так пільна, што той зрабілася вусцішна. Сэрца, здаецца, упала і білася недзе ў сонечным спляценні. «Пэўна, здагадалася, нашто мне атрута», – падумала з жахам.
– А чаму маці сама не прыйшла? – спытала загадчыца строга.
– Дык няма калі ёй.
– Добра, – падумаўшы, сказала цётка Насця.
Не паспела Вера ўзрадавацца, як яна дадала:
– Буду ісці з работы вечарам – прынясу.
Сэрца гучна стукала ўжо недзе ў жываце: такі цудоўны план трашчаў па швах! Яна паспрабавала ўратаваць яго рэшткі:
– А мне чаму аддаць не хочаце? Грошы з калгаснай канторы забраць давяраеце, а пацучыную атруту да хаты данесці – не?
– Так, грошы давяраю, а атруту – не, – спакойна адказала цётка Насця.
І дадала тонам, які не цярпеў пярэчанняў:
– Ідзі, не замінай. Сказала ж: прынясу.
«Ну вось, усё сапсавала. Цяпер давядзецца нешта прыдумляць, маме маніць... І чаму маленькая мана абавязкова цягне за сабой іншую, большую? І так да бясконцасці…»
Вера даўно, яшчэ ў пятым класе, калі ў першы і апошні раз у жыцці спісала ў Любкі хатняе заданне па матэматыцы, канешне ж, разам з памылкамі, асэнсавала гэтую заканамернасць. Падман іх тады, вядома, выкрыўся. А калі яны паспрабавалі хітраваць і прыдумваць нейкія недарэчныя апраўданні і тлумачэнні, то абедзве атрымалі «двойкі». З таго часу яна старалася нікога не падманваць – разумела, што не ўмее.
Але тут зусім іншае. Немагчыма зрабіць тое, што яна задумала, нікому не зманіўшы. Значыць, трэба рабіць гэта лёгка, артыстычна. Інакш нічога не атрымаецца з яе задумы.
Маме напляла, што, калі набірала бульбу ў склепе, яе напалохаў пацук. А ў каморы шкрабуцца мышы. Таму сёння зайшла на склад да цёткі Насці і папрасіла атруты. Але тая не дала, сказала, што ўвечары сама прынясе.
– І правільна зрабіла! – катэгарычна заявіла маці. – Не дзіцячая справа – атруту ў партфелях цягаць. Прынясе – я сама раскладу, дзе трэба.
– Выходзіць, і ты мне не давяраеш? – натужна ўсміхнулася Вера. – Як групу кароў падаіць, то я ўжо дарослая, а як пацукоў патруціць, то яшчэ малая?
– Не сярдуй, дачушка, – крыху вінавата прамовіла маці. – Атрута – рэч небяспечная. З ёй трэба ўмець абыходзіцца. Розныя недарэчнасці здараюцца. Лепш я сама...
«Не атрымалася!», – расчаравана падумала Вера.
Але хутка супакоілася: «Ну і хай сабе! Нешта іншае прыдумаю. І сама ўсё зраблю!»
Выйсце знайшлося хутка.
Цёплым чэрвеньскім днём дзяўчына выбралася ў бярозавы гай пашукаць грыбоў: казалі, што ўжо выскачылі абабкі. А мо, на яе шчасце і каласавік дзе-небудзь высунуў з-пад леташняга лісця рудую галоўку.
Грыбоў – маладзенькіх абабкаў, крамяных сыраежак, залатагаловых дробненькіх лісічак – яна набрала цэлы кош.
А потым набрыла на палянку, чырвоную ад мухамораў. «Вось яно, выйсце! – сэрца Веры затрымцела ад радасці. – І ні ў каго нічога прасіць не трэба, тлумачыць, маніць, выкручвацца...»
Вера асцярожна высыпала грыбы, зрэзала з дзясятак самых вялікіх чырвоных з белымі плямкамі шапак, паклала іх у кошык, заслала папаратнікам, зверху злажыла сыраежкі і абабкі. Усе не ўлезлі, але гэта ўжо не мела значэння. Ледзь не подбегам кінулася дахаты: хутчэй зрабіць усё, пакуль маці на ферме, а бацька спіць пасля ўчарашняй п’янкі.
Яна хуценька перабрала і адварыла добрыя грыбы, а мухаморы парэзала і кінула на патэльню сырымі, каб мацнейшымі былі! Падсмажыла, дадала смятаны для смаку… Каб жа з’еў усё!
– Тата, ідзі есці, – Вера патрэсла бацьку за плячо і злавіла сябе на думцы, што ці не ўпершыню назвала яго так.
Бацька пралупіў мутныя вочы.
– Га? Дзе? Што? Есці? А матка дзе?
– Ну дзе ж ёй быць? На ферме, вядома. Сёння дзяжурная, то позна вернецца.
– Ага, дзяжурная… Куёўціцца недзе ў стозе з брыгадзірам, ведаю я яе, курву, – спусціў Антон ногі з ложка.
«Нават боты не зняў!» – скрыгатнула зубамі Вера, гатовая кінуцца на абарону матчынай годнасці. Але стрымалася, змаўчала. «Ён за ўсё заплаціць! – гэтая думка дапамагла стрымацца. – Галоўнае, каб з’еў мухаморы!»
– А ты чаго гэта такой добрай зрабілася, га? – бацька паглядзеў на дачку падазрона. – Бач ты, грыбоў насмажыла… Мо, мядзведзь у лесе здох? Ці захацела чаго?
Ён нечакана спрытна саскочыў з ложка, абхапіў Веру сваімі здаравеннымі лапішчамі, стаў ціскаць маленькія тугія грудкі, што прыўздымаліся пад тугой блузкай, прыгаворваючы:
– Бач ты, вылюднела з брыдкага качаняці… А я і не заўважыў, калі… Ніхто яшчэ не распячатаў? – засунуў руку паміж ног. – Правільна, не давай абы-каму. У цябе бацька ёсць…
Вера вылузнулася з нахабных, зусім не бацькоўскіх абдымкаў, схапіла ківяню:
– Мярзотнік! Толькі падыдзі – чэрап раскрою!
– Ну-ну, кошка дзікая, – бацька ўсміхнуўся гадка, пажадліва. – Хлопцы пэўна ж, ужо ціскаюць каля плоту, а роднаму бацьку і абняць дачку няможна. Дажыўся…
Вера выскачыла ў сенцы, знарок не зачыніўшы шчыльна дзверы, гучна ляпнула клямкай, каб падумаў, што ўцякла з хаты. А сама стаяла, стаіўшы дыханне і трасучыся ад страху, падглядваючы ў вузкую дзірачку...
Бацька смачна пацягнуўся, буркнуў сабе пад нос: «Нічога, прыйдзе час – маёй будзе, нікуды не дзенецца». Падышоў да стала, падсунуў бліжэй патэльню з мухаморамі, падчапіў рукамі грыб…
«Толькі б не здагадаўся! – малілася ў думках Вера. – Толькі б з’еў усё!»
Раптам гучнае чвяканне прыпынілася. Бацька падняўся з-за стала. «Убачыў, што падглядваю, – здагадалася Вера. – Ці зразумеў, якіх грыбоў я яму насмажыла. Зараз выйдзе і заб’е мяне!» – заплюшчыла яна вочы.
Але важкія крокі не набліжаліся да дзвярэй, а, наадварот, – аддаляліся. Дзяўчына прыадчыніла дзверы трошкі шырэй. Бацька стаяў каля цвіка, на якім вісела яго ватоўка, і корпаўся ў кішэнях, прыгаворваючы: «Недзе ж была…» Нарэшце выцягнуў пачатую паўлітроўку, радасна пацалаваў у донца:
– Ну вось! Я ж памятаю, што не дапілі…
Перакуліў бутэльку, не глытаючы, уліў у горла тое, што заставалася ў пляшцы. Вярнуўся да стала, зноў узяўся за грыбы.
Вера выдыхнула і ціхенька выслізнула з сенцаў. Узяла ў застрэшшы капаніцу, пайшла ў гарод абкопваць бульбу.
Рукі спрытна рабілі звыклую справу, а думкі былі ў хаце. Ці даеў? Калі атрута падзейнічае? І што рабіць потым?
…Ёй ніколечкі не было шкада бацькі. Хацелася аднаго: каб яго не стала, каб ён знік з іх з мамай жыцця. Як, куды – няважна. Калі няма іншага шляху – хай будзе так! Яе не мучыла раскаянне, не грызла сумленне. Толькі б хутчэй усё скончылася!
Яна раз-пораз паглядвала на гадзіннік. Трыццаць хвілін… Сорак… Гадзіна… Паўтары… Дзве… Хутка павінна вярнуцца мама. Трэба пабачыць, што з бацькам. І ўсё закончыць да яе прыходу…
У хату заходзіць пабаялася, зазірнула ў акно. На стале стаяла пустая патэльня. Бацькі не было відаць. Стаўшы на прызбу і выцягнуўшы шыю, убачыла, што з-пад стала тырчаць яго ногі ў кірзавых ботах. «Ну вось і ўсё», – падумала з палёгкай.
Але чаканай радасці чамусьці не было. Знікла і ўзбуджэнне, якое кіравала кожным яе рухам ад моманту, калі ўбачыла паляну з мухаморамі і да гэтай хвіліны. Цяпер, здаецца, з яе выйшла ўсё паветра, як з прабітага веласіпеднага кола.
Вера яшчэ колькі часу паўглядалася ў акно. Ногі не варушыліся. Яна выйшла з двара, зашчапіла веснічкі і пабрыла па вуліцы.
Дом Пятра Іванавіча, іх участковага, бацькі аднакласніка Валеркі, стаяў у канцы вёскі. Не так і далёка, але Вера ішла да яго, здаецца, цэлую вечнасць. Вуліца была пустыннай, нават малышня «не варыла» ў пяску свае «абедкі». Але дзяўчыне здавалася, што з кожнай хаты за ёй назіраюць. І ўсе ведаюць, што яна зрабіла, куды і чаму цяпер ідзе. І думаюць ці нават гавораць услых: «Бачыш, якая Аленіна дачка! Здаецца, ціхая, паслухмяная, выдатніца, маці дапамагае... А яна вунь што ўтварыла! Роднага бацьку забіла! Ну так, Антон папіў ім з маткай крыві. Але ж які ні ёсць, а бацька. А яна… Грэх які! Недаравальны!»
У незвычайнай цішыні вясковай вуліцы яна чула гэты гучны шэпт, які, здавалася, чуўся з кожнай хаты і паралізоўваў рухі, думкі, словы.
Вера ледзь дацягнулася да хаты ўчастковага. Ногі не неслі: грузлі ў сыпучым пяску, чапляліся за мурог, не маглі пераступіць зламаную ветрам галлю, што ўпала на сцежку.
Ёй пашанцавала: Пётр Іванавіч быў дома: яго службовы «козлік» стаяў каля хаты.
Пераступіўшы парог, яна амаль што ўпала на зэдлік каля дзвярэй. Міліцыянер, зняўшы кіцель і расшпіліўшы верхнія гузікі сарочкі, з апетытам сёрбаў наварысты боршч упрыкуску з тонкімі ружаватымі скрылікамі сала. Відаць, яму было смачна. А Веру ад выгляду ежы замуціла: у вачах паўстала патэльня з мухаморамі.
– Ты да Валеркі? – закідваючы ў рот чарговы шматок сала, спытаў Пётр Іванавіч. – Дык няма яго. Зранку з хлопцамі на рыбалку выправіліся, яшчэ не вярнуліся.
– Не, я да вас, – нізка апусціла галаву дзяўчына.
– Да мяне? – здзіўлена перапытаў участковы.
Ён адсунуў амаль пустую талерку, адлажыў хлеб, зашпіліў сарочку.
– А што здарылася? Зноў бацька нешта ўтварыў?
– Не, на гэты раз не бацька. Я…
– Ты?! Што ж ты зрабіла? – спытаў міліцыянер недаверліва.
– Я… Бацьку забіла… – з цяжкасцю выціснула Вера з сябе словы, якія ў думках паўтарала ўсю дарогу да дому ўчастковага.
І дадала ўжо смялей:
– Арыштуйце мяне, калі ласка… Зараз, пакуль мама з фермы не прыйшла…
– Не вярзі глупства! – чамусьці зазлаваўся Пётр Іванавіч. – Як ты магла яго забіць?
– Атруціла… Мухаморамі…
– Якімі мухаморамі? Лес пусты!
– Не, ужо растуць, – слаба запярэчыла дзяўчына. – Я знайшла.
– І дзе цяпер бацька? – памаўчаўшы колькі часу, нібы пераварваючы пачутае, запытаў участковы.
– У хаце… Ляжыць пад сталом…
– Адкуль ты ведаеш, што ён мёртвы? Ты правярала?
– Не, мне страшна… Але ён ляжыць і не варушыцца.
– Колькі ён з’еў мухамораў? Якіх?
– Цэлую патэльню. Смажаных…
– Ты іх з іншымі грыбамі пасмажыла? Незнарок? Пераблытала?
Здаецца, Пётр Іванавіч ёй нешта падказваў. Але Вера заматала галавой:
– Не, знарок! Я хацела атруціць бацьку, таму набрала мухамораў, прыгатавала і падала яму. Цэлую патэльню…
– Ну паехалі, пабачым, каго ты там атруціла…
– А кайданкі? – працягнула міліцыянеру рукі Вера.
– Што кайданкі? – Пётр Іванавіч, здаецца, не разумеў, пра што яна пытае.
– Хіба вы не будзеце надзяваць на мяне кайданкі? – дзяўчына ўсё яшчэ трымала перад сабой выцягнутыя рукі. – Я ж забойца… Лепш цяпер надзеньце… І ў раён адвязіце. Каб мама не бачыла…
– Паспеем! Надзенем, калі трэба будзе, – буркнуў Пётр Іванавіч. – Спачатку трэба разабрацца…
…Першым у хату ўвайшоў Пётр Іванавіч. Вера нерашуча пераступіла парог і прыпынілася, абапёршыся аб вушак – ногі не трымалі. На выцертай цыраце стаяла пустая патэльня, каля ножкі стала валялася апарожненая бутэлька. Смярдзела самагонкай і ванітамі.
Участковы рашуча накіраваўся да стала, з-пад якога ўсё гэтак жа тырчэлі нерухомыя ногі ў кірзавых ботах, узяўся за іх ямчэй, пацягнуў. З-пад цыраты паказалася абробленая ванітамі сарочка, затым такі ж брудны твар…
Раптам рука нябожчыка паднялася... Вочы яго расплюшчыліся. Вера ад жаху здзеравянела: не магла ні зварухнуцца, ні крыкнуць. Яна заплюшчыла вочы: вось цяпер і сапраўды – канец. Усяму…
Да свядомасці яе вярнуў бацькаў голас:
– Іванавіч, ты чаго тут? Што табе гэтая гадаўка малая напляла? Хрыстом-богам клянуся: не было нічога! Абняў толькі. Як дачку, нічога лішняга, не думай!
Раптам дзверы расчыніліся насцеж. У хату шалёнай віхурай уварвалася Алена.
– Што тут здарылася? Іванавіч, што ён зноў утварыў? Верачка, ён ударыў цябе? Што ён зрабіў з табой? Скажы, не бойся.
Вера зняможана ўткнулася ў матчына плячо і ціха плакала, у думках дзякуючы Богу, што ён не дазволіў, не даў…
– Нічога не здарылася, – адвёў позірк участковы. – Заехаў твайго лайдака праведаць, пацікавіцца, калі ён на работу пойдзе.
– Калі працаваць пачнеш, га? – звярнуўся міліцыянер да Антона.
– Вось як толькі знойдзеш мне нармальную работу і годную зарплату, то адразу ж, – ухмыльнуўся той. – А гнаі выкідваць за трыццаць рублёў у месяц няма дурных!
Пётр Іванавіч махнуў рукой і падаўся з хаты. Алена выйшла следам.
– Дык што на самой справе адбылося, Іванавіч? – спытала, прыпыніўшыся каля веснічак.
– На шчасце, нічога, – адказаў той. – Але дома сёння лепш не начуйце. А заўтра што-небудзь прыдумаем… І дачку ні пра што не пытайце. Хай супакоіцца. Захоча – сама раскажа. А не, то і не трэба…
Назаўтра Алену выклікаў да сябе старшыня калгаса. Яна баязліва зайшла ў кабінет, спрабуючы здагадацца, што ад яе спатрэбілася начальству.
– Тут такая справа, Алена Пятроўна, – пачаў размову старшыня адразу ж, як яна пераступіла парог і павіталася. – Вызваліўся калгасны домік у суседняй вёсцы. Галоўны заатэхнік уцёк, новага пакуль не прыслалі і невядома, калі прышлюць і ці прышлюць увогуле. Праўленне калгаса вырашыла выдзеліць яго вам як лепшай даярцы. Ферма там таксама ёсць, з работай праблем не будзе. І дачушцы бліжэй да школы дабірацца. Стаіць у маляўнічым месцы – у калгасным садзе. Сёння ж і пераязджайце. Загадчыкаў ферм, нашай і тамтэйшай, я папярэдзіў. Машына вас ужо чакае.
– Толькі замкі памяняйце, – дадаў старшыня на развітанне. – Каб бяды якой не здарылася…
Алена моцна заціснула ў кулаку ключ ад новага жыцця і, забыўшыся падзякаваць, выйшла з кабінета…