Семинар-коллегия по вопросам лесовосстановления прошел на базе Островецкого опытного лесхоза

13:00 / 18.12.2025

Спектр дзейнасці лесагаспадарчых прадпрыемстваў дастаткова шырокі і рознабаковы – гэта не толькі вырошчванне ўласнага ляснога пасадачнага матэрыялу, але і прамысловая дзейнасць. Тым не менш прыярытэтная і галоўная задача – лесааднаўленне. На базе Астравецкага вопытнага лясгаса прайшоў абласны семінар-калегія па пытаннях правядзення несуцэльных высечак галоўнага карыстання і прымаемых мер па садзейнічанні натуральнаму аднаўленню лясоў.

Ва ўступным слове парадак дня і пытанні, якія будуць на ім разглядацца, акрэсліў генеральны дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Міхаіл Ігнацік:


– Мы невыпадкова сумясцілі калегію і выяздны семінар з удзелам дырэктараў, галоўных ляснічых і начальнікаў аддзелаў лясной гаспадаркі. Менавіта не лесасецы мы павінны вызначыць стратэгію, як у далейшым будзем развіваць лесааданаўленне. Акрамя гэтага, на парадку дня ёсць і іншыя акуальныя пытанні – гэта добраўпарадкаванне, забеспячэння запытаў насельніцтва на навагоднія дрэвы на тэматычных кірмашах і сельскіх жыхароў – дровамі. Другую частку павесткі дня на прыкладзе аб’ектаў Астравецкага вопытнага лясгаса разгледзяць адказныя за ідэалагічную работу спецыялісты.


З Астраўца ўдзельнікі семінара выправіліся ў Гервяцкае лясніцтва, дзе наведалі некаторыя кварталы.


– Наша вобласць займае 2-ю пазіцыю па лесааданаўленні шляхам пасадкі культур. Адпаведна гэта патрабуе значных затрат і ўкладанняў. Наспела праблемнае пытанне, якое патрабуе сумеснага вырашэння: ці мы і надалей працягваем 90% ствараць лясных культур ці ўсё ж пакідаць некаторыя ўчасткі пад садзейнічанне натуральнаму аднаўленню. Таксама трэба вызначыцца з працэнтнымі суадносінамі, – працягнуў генеральны дырэктар. – Другі момант, на які хачу звярнуць увагу, як мы будзем ажыццяўляць догляд, каб не атрымаць праз 7 гадоў нежыццяздольны участак, парослы маліннікам і ляшчынай. Варта прызнаць, што такія сітуацыі здараюцца. Таму трэба разумець, што будзем рабіць з падобнымі ўчасткамі. Асабіста я прыхільнік таго, каб там, дзе гэта магчыма, не ствараць лясныя культуры і не несці дадатковых затрат, а пакідаць тэрыторыі пад натуральнае аднаўленне.


На участку ўдзельнікі семінара азнаёміліся з натуральным аднаўленнем на суцэльнай высечцы галоўнага карыстання. Пра яго нюансы расказаў галоўны ляснічы Астравецкага вопытнага лясгаса Віктар Лях.


– На ўчастку плошчай 1,2 гектараў высечку праводзілі вясной, як і ачыстку з выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання. Восенню перад тым як распрацоўваць праект на стварэнне лясных культур, згодна з Палажэннем аб парадку лесааднаўлення і лесаразвядзення, ляснічы правёў абследванне ўчастка і выявіў тут актыўнае шчыльнае натуральнае аднаўленне. У сувязі з гэтым і з улікам патрабаванняў ляснога кодэксу ў нас ёсць 3 гады на правядзенне лесааднаўлення, – патлумачыў галоўны ляснічы. – У адносінах да гэтага ўчастка наступныя планы: назіраць за ім на працягу года, восенню падчас інвентарызацыі зрабіць улік падроста. Калі сеянцаў на гектары будзе больш за 4 тысячы, маем права пакінуць участак пад натуральнае зарошчванне. Калі іх колькасць будзе вар’іравацца ад 2 да 4 тысяч, можна намеціць садзейнічанне натуральнаму аднаўленню шляхам падсева ці падсадкі. Гэта дасць падставы змяніць спосаб лесааднаўлення.

На іншых кварталах удзельнікам семінара прадэманстравалі ўчасткі з праведзеным канчатковым прыёмам раўнамерна-паступовай высечкі і сфарміраваным лясным насаджэннем у выніку натуральнага аднаўлення.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич