Брыльянтавае вяселле адзначылі Іосіф і Сафія Сакалоўскія з Варнян
15:22 / 08.12.2025
– Мне 85 гадоў, я 40-га года, а ён – 43-га, маладзейшы, – паказваючы на мужа, расказвае Сафія Дзянісаўна.
– Яна шукала мяне, – дадае Іосіф Іосіфавіч.
І юбіляры ўсміхаюцца.
Сафія
нарадзілася ў Шчучынскім раёне ў вёсцы Сухінічы ў шматдзетнай сям’і.– Нас было 4 браты і 3 сястры, я – пятая, – узгадвае жанчына. – У вайну, калі немцы акружылі вёску, хаваліся ў лесе. Пасля вызвалення людзі вярнуліся ў родныя мясціны, сталі працаваць на зямлі. Цяжка было і дарослым, і дзецям. Пачалі ствараць калгасы – запісаліся. Уручную апрацоўвалі дзялкі, сярпамі жалі жыта. Дзялкі вялікія давалі – па гектару цукровых буракоў на жанчыну.
– У пасляваенны час нас лес карміў: грыбы, ягады збіралі. Рэчка побач – рыбу лавілі і сушылі, – дадае Сафія Дзянісаўна. – Мама насушыць торбу ўюноў і на печы павесіць. А мы, дзеці, палезем і не можам памірыцца: адзін сабе цягне, другі – сабе.
У 10-гадовым узросце дзяўчынка на веласіпедзе за 10 кіламетраў вазіла прадаваць грыбы і ягады на базар.
– Бывала, спытаюцца: «Дзевачка, сколька хочаш?». Я кажу: «7 рублёў за вядро». «Ай, надта дорага. Можа, за 6 аддасі?» Згаджаюся, – усміхаючыся, расказвае суразмоўца. – І хай бы пайшла ды за гэтыя грошы купіла смактулькаў, раней былі такія падушачкі – не, маме нясу. У нас дружная сям’я была: дзе хто якую капейку заробіць – усё маме.
У сваёй вёсцы Сафія скончыла сямігодку і вырашыла вучыцца далей. Сярэдняя школа знаходзілася за 7 кіламетраў, але гэта не стала перашкодай: на веласіпедзе ездзіла.
Пасля 10-га класа паступіла ў заатэхнічны тэхнікум у Сапоцкіне. Пасля яго заканчэння ў 1964-м і накіравалі яе ў Варняны ў калгас імя Чапаева. Тут увесь час і рабіла – 30 гадоў загадчыкам фермы.
Іосіф
з мясцовых, з Асіноўкі. Яму таксама выпала цяжкае дзяцінства. Калі хлопчыку было 3 гады, маці памерла ў родах. Праз некаторы час бацька ажаніўся ў другі раз.
Пасля гэтага здарэння сям’я пераехала ў Варняны. Бацька Іосіфа пайшоў пасвіць кароў – спачатку людскіх, потым калгасных.
–Есці не мелі чаго. Бралі з маслазавода адгон, квасілі яго – тым і жылі, – узгадвае Іосіф Сакалоўскі. – У дзяцінстве я добрага нічога не бачыў. Чатыры гады хадзіў у першы клас. Калі пераехалі ў Варняны, у вячэрняй школе скончыў 7 класаў. Пацаном у калгас пайшоў працаваць. Бульбу садзіў, восенню скрынямі вазіў яе. За тое, што шмат працадзён вырабіў, падарунак далі: бутэльку адэкалону «Шыпр» і шкарпэткі.
У пачатку 60-х Іосіф папрасіў у кіраўніцтва гаспадаркі, каб яго накіравалі вучыцца на трактарыста ў СПТВ у Ашмяны. Вывучыўся – даверылі новы гусенічны трактар Т-74.
Калі ў варнянскім калгасе адкрылі свінакомплекс, Сакалоўскі, адвучыўшыся ў Жыровічах у сельгастэхнікуме, пайшоў працаваць туды.
– Жывёлу кармілі бульбай, рыбай. Муку вазілі. Як паставілі дзве з паловай тысячы свіней, цяжка стала: па 45 тон мукі трэба было адшуфляваць у месяц, – узгадвае Іосіф Іосіфавіч.
– Ён перадавік быў, шмат узнагарод мае, – дадае Сафія Дзянісаўна.
Мужчына пацвярджае гэтыя словы, дэманструючы граматы Вярхоўнага Савета і Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў, шматлікія Ганаровыя граматы.
Незвычайнае вяселле зрабіў Сакалоўскім калгас.
Яны пазнаёміліся ў 1965 годзе ў клубе.
– Калгас нас падштурхоўваў. Усе выгоды стварылі: кватэру далі з мэбляй, каб толькі жаніліся і засталіся, – расказвае Сафія Дзянісаўна. – Я ж хацела выехаць у Гродна. Але аселі, так і пражылі на адным месцы.
Іосіф – католік, Сафія – праваслаўная. Абое – камсамольцы. У той час узяць шлюб было немагчыма. Але яны, вырасшы ў веруючых сем’ях, зрабілі гэта пазней.
– Старэйшага сына Мішу хрысцілі ў Лаварышках пад Вільнюсам, – расказвае жанчына.
– У Астраўцы светлай памяці цётка жыла – яна с ксяндзом дамовілася, дык мы ўжо потым і шлюб бралі, і малодшага сына Дзіму пахрысцілі, – дапаўняе мужчына.
А на залатое і брыльянтавае вяселлі Сакалоўскія ўжо афіцыйна аднаўлялі шлюб у варнянскім касцёле.
– Ужо 60 гадоў разам. А далей – як Бог дасць, так і будзем жыць. Пад Богам ходзім. Мы Яго не бачым, але Ён бачыць, што кожны з нас робіць, – зазначае Іосіф Іосіфавіч.
– Гаспадыня магла перайсці на каталіцкую веру. Але падумалі: як нарадзілася, так хай і будзе. Бог жа адзін, – мудра зазначае Іосіф Іосіфавіч.
– Дзеці католікі, шлюбы бралі ў касцёле. А я і ў касцёл магу схадзіць, і ў царкву калі пайду, – гаворыць Сафія Дзянісаўна. – Святы – Каляды і Вельканац – адзначаем па абодвух календарах.
Сваімі сіламі
яны пабудавалі ўласны дом.Спачатку адкупілі палову хаты, якую выдзеліў калгас. Потым вырашылі, што трэба будаваць сваё жыллё.
На той час Іосіф Іосіфавіч зарабляў 300 рублёў – гэта былі немалыя грошы.
– Ні ў каго нічога не пазычылі. Аднойчы толькі ў цёткі папрасілі 3 тысячы, але і тыя не выкарысталі, адвезлі назад, – узгадвае мужчына. – Брат жончын дапамагаў, мае траюрадныя прыязджалі. І дзеці свой унёсак зрабілі.
Вялікая хата Сакалоўскіх стала цёплым і душэўным цэнтрам прыцягнення для абодвух сыноў, чатырох унукаў і трох праўнукаў, якія часта прыязджаюць у Варняны наведаць бацькоў-дзядоў ды і дапамагчы што.
Але і яны без справы не сядзяць, хоць і разумеюць, што лепш дзецям работу даверыць, бо самастойнасць можа павярнуцца непрадказальна, як гэта здарылася с Іосіфам Іосіфавічам.
– Во, сцёк адрамантаваць вырашыў. Хай бы боўтаўся, прыехалі б хлопцы і зрабілі. Не, не падабалася, што непарадак, – узгадвае гаспадар. – Упаў з лесвіцы і 7 месяцаў у бальніцы правёў. У 80 гадоў вучылі хадзіць. Дзякуй сыну: і са мной вазіўся, і на працу спяшаўся.
Свет паглядзець
давялося Іосіфу Іосіфавічу і Сафіі Дзянісаўне за іх насычанае жыццё.Шматлікія фотаздымкі Сакалоўскіх расказваюць пра паездкі ў Валгаград, Ленінград, Палангу і іншыя гарады.
– У Находку ездзіла, калі ўжо аднаго з братоў не стала. У Маскве амаль суткі цягнік да Хабараўска чакалі. Брат прапанаваў нам з маці ў гэты час пазнаёміцца са сталіцай. Каля вакзала людзей збіраў спецыяльны аўтобус з экскурсаводам. І ў музеях мы былі, і каля Маўзалея, і на выставу ваеннай тэхнікі паглядзелі, – узгадвае Сафія Дзянісаўна. – А да Хабараўска трэба было ехаць праз усю Сібір.
Яны называюць адзін аднаго «гаспадар» і «гаспадыня», ніколі не дзеляць справы на «маё» і «тваё». У іх няма галоўнага ў сям’і. Іосіф Іосіфавіч і Сафія Дзянісаўна ўсё і заўсёды робяць і вырашаюць разам.
Пытанне – адказ
– Што такое каханне?Сафія Дзянісаўна:
– Павага і працавітасць. Мы заўсёды ўсё рабілі ўдваіх, суседзі зайздросцілі. І мужчынская работа разам, і жаночая.
Іосіф Іосіфавіч:
– Вось гэта і каханне, а як інакш.
Сафія Дзянісаўна:
– Нас праца звязвала і сямейныя справы, асабліва дзеці. Дапамогі чакаць не было адкуль: яго бацькі бедна жылі, у мяне тата рана памёр.
– Ці здараліся непаразуменні?
Іосіф Іосіфавіч:
– Бывалі такія моманты. (Усміхаецца.) Я дык маўчком збяруся – і пайшоў. А злосць пройдзе – і нармальна.
Сафія Дзянісаўна:
– Ён, бывае, што робіць, слова крэпкае скажа. Я гавару: людзі падумаюць, что на мяне сварышся. (Усміхаецца.) Не буду грашыць Богу: ні разу на мяне дрэнна не сказаў.
– Што параіце маладым?
Іосіф Іосіфавіч:
– І хацелі б сказаць, але яны зробяць так, як у іх будзе атрымлівацца.
Сафія Дзянісаўна:
– Вучым, каб любілі і паважалі адзін аднаго, слухаліся бацькоў. Моладзь добрая, але яна іншая – не такая, як у наш час.
Яны называюць адзін аднаго «гаспадар» і «гаспадыня», ніколі не дзеляць справы на «маё» і «тваё». У іх няма галоўнага ў сям’і. Іосіф Іосіфавіч і Сафія Дзянісаўна ўсё і заўсёды робяць і вырашаюць разам.