Людміла Ярмольчык: жанчына, якую старасць дома не застане
12:00 / 30.11.2025
Жыццё яе не песціла змоладу, не асабліва шкадавала і ў сталыя гады. Дагледзела і пахавала бацькоў, потым – мужа: хоць шлюб іх нельга было назваць шчаслівым, усё ж добра ці дрэнна, а пражылі яны пад адным дахам не адзін дзясятак гадоў. Даглядае брата-інваліда. Незагойная рана на сэрцы, якая будзе крывіць да скону, – працяглая хвароба і заўчасная смерць малодшай дачушкі Танечкі.
Але пры ўсім тым Людміла Іванаўна не азлобілася на ўвесь свет, не шукае вінаватых у сваіх шматлікіх бедах. Засталася такой, якой была змоладу: вясёлай, баявой, агністай, гатовай на любую авантуру. Чалавекам, які любіць людзей, стасункі, прыгоды, вандроўкі – жыццё.
А калі ў бясконцай гонцы па жыцці наступае зацішша, Людміла Іванаўна садзіцца за пяльцы: вышыванне – адно з яе шматлікіх захапленняў. Увесь вялікі дом завешаны яе і Танечкінымі вышыўкамі. А яшчэ больш схем і набораў чакаюць, калі да іх дойдуць рукі.
– Найбольш люблю коней – і вышываць, і маляваць, і бачыць, і ездзіць на іх. Калі былі з дачкой у Арабскіх Эміратах, там разыгрывалася латарэя, дзе галоўным прызам быў аўтамабіль. Загадала: калі выйграю – памяняю на каня! Не атрымалася… Ну і што? Купіла каня – звычайнага, гаспадарскага. Жыў у нас колькі гадоў. І карову трымала – кожны дзень у абед прыязджала на веласіпедзе з фермерскай гаспадаркі «Астравецкая», дзе працавала галоўным бухгалтарам, каб падаіць яе і перавязаць. Заўсёды жывёлу любіла. Да таго ж кароўка і конік былі вялікім падспор’ем у гаспадарцы.

Яшчэ адна бязмежная любоў Людмілы Ярмольчык – гародніна. Калі больш дакладна, то памідоры і перцы. У яе калекцыя адных і другіх, у якой больш за тысячу (!) сартоў памідораў, больш за 80 – салодкіх перцаў, з паўсотні – вострых. Як такое магчыма, спытаеце вы? Не ўтрымалася ад гэтага пытання і я. І дапоўніла яшчэ адным: навошта?
– Люблю! – проста адказвае Людміла Іванаўна.
Яна падтрымлівае стасункі з дзясяткамі калекцыянераў, якія жывуць па ўсім свеце. Асабліва цёплыя адносіны да Барыса Соніна з Мінусінска: яны пазнаёміліся, калі той яшчэ хлапчуком захапіўся вырошчваннем таматаў. Цяпер гэта дыпламаваны ўрач, але памідоры па-ранейшаму з’яўляюцца яго хобі.
– Мінусінскія памідоры асаблівыя, – захоплена расказвае жанчына. – Яны вялікія, мясістыя і вельмі смачныя. У мяне сёлета на адным кусце вырасла 14 штук і не было ніводнага меншага за 600 грамаў. А самы вялікі – не з гэтага, праўда, куста – заважыў 1 кілаграм 712 грамаў. А Барыс вырасціў памідор вагой 7 кілаграмаў 200 грамаў – уяўляеце?».
Але пры ўсёй любові да мінусінскіх таматаў Людміла Ярмольчык не спыняецца толькі на іх: ёй цікава вырасціць і паспытаць як мага больш. Толькі назвы сартоў чаго варты: «Сяржант Пекер» (адзін з любімых), «Ліскін нос», «Фіялетавы каньяк», «Аметыставая каштоўнасць», «Задніца малпы» (прабачце, але як ёсць)… Пералічваць можна бясконца.



– Па-першае, у мяне дзве цяпліцы, – тлумачыць Людміла Іванаўна. – Ды яшчэ вялікі агарод – нешта можна вырошчваць і ў адкрытым грунце. Да таго ж я не высаджваю ўсе сарты адначасова! Нешта ў адзін год, нешта пакідаю на другі. Людзям раздаю».
Напрыканцы кастрычніка, калі я завітала да Людмілы Ярмольчык, у яе цяпліцах яшчэ чырванелі, жаўцелі, чарнелі, сінелі (не ад фітафторы – сорт такі!) разнастайныя прадстаўнікі таматнай флоры. Яна набывае насенне выключна ў калекцыянераў – людзі даражаць сваім іменем і не дазваляюць сабе халтурыць – штогод на некалькі соцень рублёў. Сама ж ніколі нічога не прадае, можа толькі падарыць, пачаставаць, памяняцца.
Гэтаксама, не шкадуючы ні грошай, ні сваёй працы, раздае яна родзічам, сябрам і знаёмым вырашчаныя памідоры і перцы і шматлікія разнастайныя разнасолы. Людзям добра – і ёй радасць!
Такая яна, Людміла Ярмольчык. Працавітая, актыўная, рознабаковая, энергічная, творчая, таленавітая.
Жанчына, якую старасць дома дакладна не застане!