Пра творчую сустрэчу ў Рытані расказвае пазаштатны аўтар “АП” Людміла Кухарэвіч

11:33 / 27.11.2025

Сярод старасвецкіх мястэчах і акуратненькіх вёсачак Астравеччыны выдзяляецца сваім абліччам і назвай вёска Рытань, што ў Кемелішкаў скім сельскім Савеце.

Гісторыя вёскі бярэ адлік з XVI стагоддзя. Цікава, калі і чаму слова “ритони” ўпала на беларускую зямлю, каб узняца тут вёскай, бо ў перакладзе з грэчаскай мовы гэтае слова значыць вёска.

Рытань разрасталася, была пад рознымі ўладамі, пакуль у наш час, у XX – пач. XXI стагоддзя не стала цэнтрам заможнай гаспадаркі “Рытаньскі”. Тут было ўсё, што трэба для жыцця вяскоўцаў: школа і Дом культуры, магазін, дзіцячы садок, ФАП, пошта. Мы, настаўнікі розных прадметных секцый раёна, часта бывалі на адкрытых уроках у мясцовай школе, якой тады загадваў таленавіты кіраўнік Часлаў Шаблінскі.

Гаспадарка багацела, змянялася пакрысе аблічча яе цэнтра: вырасла новая, вялікая школа, якая з васьмігодкі стала сярэдняй. Непадалёк ад яе ўзвялі вялікі імпазантны будынак – новы клуб, ці больш правільна сказаць – культурны цэнтр Рытані.

У кнізе “Астравецкі край”, першым зборніку паэзіі астравецкіх аўтараў, былі надрукаваны малюнкі нашага астравецкага мастака – графіка Уладзіміра Лукшы, які побач з гісторыка-архітэктурнымі помнікамі Астравеччыны, адметнымі яе куточкамі – Дубнікамі, Варнянамі, Гервятамі і іншымі – зрабіў замалёўку і Рытанскага Дома культуры. Я глядзела на малюнак і ніяк не магла ўцяміць, у чым тут адметнасць гэтай забудовы, але, пабыўшы каля яе ў цэнтры вёскі, зразумела: вялізны будынак пад купалам неба выглядаў як вялікі раскрыты гармонік, пастаўлены на зямлю невядомым музыкантам, каб ён увабраў у сябе мелодыі і фарбы, што ішлі з наваколля ад нябёсаў і ветру, ад дрэў і кустоў, ад жыццёвага рытму матулі-Зямлі.


Пра цікавую работу Рытанскага Дома культуры чула неаднойчы, як і пра яго загадчыка Аляксандра Юргелянца. Прыйшоў час, і мы, удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”, пазнаёміліся з гэтай стараной, яе людзьмі бліжэй. Аляксандр Мечыслававіч зладзіў творчую сустрэчу-бяседу ”Вялікая душа маленькай радзімы” і выставу “Прыгажосць вакол”, таму я са сваімі вершамі і песнямі пра Астравеччыну, Тарэса Іосіфаўна і Вікторыя Казіміраўна Варановічы з карцінамі пра родны край, Казімір Варановіч як краязнаўца і Міхась Клусевіч з песнямі пад гітару скіраваліся ў знакамітую Рытань, паглядзець толкам культурны цэнтр, а ў ім – этнаграфічны музей, пазнаёміцца з людзьмі, якія там жывуць, працуюць і адпачываюць, падзяліцца сваімі адчуваннямі прыгажосці, паслухаць іншых людзей.

Сустрэлі нас гасцінна, а затым Аляксандр Мечыслававіч павёў нас на экскурсію, паказаў і расказаў пра свой Дом культуры і этнаграфічны музей. Апошні выклікаў захапленне і здзіўленне вялікай колькасцю разнастайных экспанатаў. Экспазіцыі тэматызаваныя і хораша падобраныя.

У Аляксандра Мечыслававіча шмат зроблена і па ўпрыгожванні прасторы вакол клуба: зона адпачынк, каменная карта маршрутаў Астравечыны разам з Полацкім трактам. Але ўсё гэта трэба ўбачыць вачыма неабыякавага чалавека, які ўпрыгожвае зямлю сваімі справамі і сваёю душою.

Аляксандр Юргелянец перакананы, што гісторыю сваёй вёскі, раёна, горада, краіны павінен ведаць кожны грамадзянін і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, каб дзеці раслі ўлюблёныя ў свой край, дзе яны нарадзіліся і выраслі, каб бераглі сваіх бацькоў і бацькоўскія хаты.

Калі мы запыталіся, хто дапамагаў у стварэнні музея, ён адказаў шчыра: “Усе. І вяскоўцы прыносілі рэчы, клалі пад парог, і работнікі клуба: Лілія Сільвестраўна, Ганна Сільвестраўна, рабочы наш Андрэй і Вольга Віктараўна Рабкоўская. Мае самыя надзейныя памочнікі”.

– Я тутэйшы хлопец, нарадзіўся на хутары Бразіня, непадалёк ад Рытані, – гаворыць Аляксандр Мечыслававіч. – А дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся. Мяне яшчэ абралі старастам вёскі, чым магу, тым людзям дапамагаю, звяртаюся то ў сельсавет, то да кіраўніцтва гаспадаркі. А так люблю, калі дзеці прыбягаюць сюды на розныя гурткі. Тут ёсць більярд, тэніс, розныя настольныя і кампьютарныя гульні, драўляная мазаіка, якую зрабіў сам, хтосьці хоча павучыцца спяваць – калі ласка. У суботу і нядзелю няма выхадных. Працую тут з 1988 года, а мая памочніца Вольга Віктараўна – з 2011 года, дапамагаем адзін аднаму.


Роўна ў назначаны час пачалася галоўная дзея – вечарына, ахутаная цудоўнымі краявідамі любай Астравеччыны мастачак Тарэсы і Вікторыі Варановічаў. Гучала паэтычнае слова астравецкіх паэтаў з вуснаў дзяцей і дарослых. Кожнаму госцю было дадзена слова.

Мноства цёплых слоў атрымалі мы за свае вершы і песні, карціны. Настаўніца Ванда Шаблінская цудоўна прачытала мой верш, прысвечаны Астравеччыне “Край дарагі Астравеччына”, я дапоўніла яго вершам-песняй “Бацькоўскі наказ”, “Маленькая радзіма”. Мастачкі Тарэса і Вікторыя Варановічы не толькі расказалі аб сваёй рабоце над карцінамі, але і чыталі свае паэтычныя творы, прысвечаныя роднай вёсцы.


Цудоўныя песні падарыў гасцям Аляксандр Мечыслававіч. З вялікай увагай слухалі кампазіцыі ваеннага часу ад Міхася Клусевіча, аповед Казіміра Варановіча пра святыні нашай зямлі – дайлідскі касцёл і крынічку святога Якуба.

Час праляцеў хутка, вечарына адбылася вельмі цікавай і радаснай, бо неўпрыкмет кожную хвіліну кіраваў ёю душа ўсяго гэтага – Аляксандр Мечыслававіч Юргелянец, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, таленавіты акцёр, спявак, музыкант. Кожны чалавек на гэтай імпрэзе быў сагрэты цеплынёй яго сэрца.


Дадому мы везлі сюрпрызы-падарункі, зробленыя рукамі дзяцей фігуркі мядзведзікаў. Мы ехалі, абменьваліся думкамі: як добра, што ў нас, на Астравеччыне, ёсць такія астраўкі культурнага асяроддзя, прысвечаныя вясковаму чалавеку.

Мы, удзельнікі гэтай імпрэзы, жадаем творчаму калектыву Рынскага Дома культуры вялікіх поспехаў і моцнага здароўя, каб яшчэ доўга свяцілі нам і будучым экскурсантам.

P.S. У мяне да таго ж былі радасныя сустрэчы са сваёй маладосцю, маімі суседзямі – настаўніцай Ганнай Эдуардаўнай Пазлевіч і Нінай Міхайлаўнай Вайцюль, цудоўнымі рытанскімі жанчынамі.

Водгук мясцовых жыхароў

Ванда Шаблінская:

– Адбылася проста цудоўная і неверагодная сустрэча. Яна паказала, што літаратура і мастацтва ў жыцці чалавека займаюць важнае месца. Вечарына аб’яднага і гасцей, і і гледачоў, дзяцей і дарослых, моладзь і людзей старэйшага ўзросту адзінай нітачкай еднасці, узмацніла непарыўную сувязь пакаленняў. Шчыра дзякуем шаноўным гасцям і гаспадарам клуба. Усе адпачылі і душой, і целам.


Людміла КУХАРЭВІЧ, удзельніца творчага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”, настаўніца-ветэран.