Былыя культработнікі Спондаўскага сельсавета сабраліся ў Страчанцы
17:00 / 23.11.2025
На сустрэчу сабраліся былыя загадчыцы Страчскай бібліятэкі Валянціна Ражко, Страчскага сельскага клуба Данута Фронская, Спондаўскай бібліятэкі Іаланта Валуевіч, Спондаўскага, а потым Масцянскага сельскага клуба Алена Лаўрыновіч. Далучыліся і некаторыя актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і чытачы.
Пачалі з сумнага. У гэтыя лістападаўскія дні, калі ўсе наведваюць могілкі і моляцца за сваіх родных і блізкіх, якія пакінулі гэты свет, успомнілі клубы і бібліятэкі з вёсак Клюшчаны, Масцяны, Спонды, Стаўпяняты, Вераб’і, якія таксама адышлі ў нябыт, і тых, хто некалі працаваў побач з намі, ды ўжо пакінуў гэты свет: былых гаспадароў Страчанскіх клуба і бібліятэкі, дзе мы ў той дзень сабраліся, сясцёр Тарэсу Руновіч і Люцыну Паўловіч, Івана Тышку і Івана Ліпніцкага, работнікаў Спондаўскага клуба Зофію Налівайку, Віктара Памецьку, Цэзарыя Мацкевіча, Людмілу Смірнову, бібліятэкараў Масцянскай бібліятэкі Цэзарыю Вайніловіч, Станіславу Аўлас, Зофію Свірбут, Ганну Шымковіч. Магчыма, не ўсіх і прыгадалі, але запалілі свечку і памаліліся за душы ўсіх памерлых.
Успомнілі добрым словам тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку ці працуе ў іншых месцах: Любоў Пецюлевіч, Галіну Матусевіч, Тарэсу Сабалеўскую, Жанну Трыбоцкую, Ядвігу Ярош, Валянціну Назараву, Уладзіміра Мацкевіча, Галіну Мацкевіч, Галіну Міхновіч, Рэгіну Куркуль, Яніну Салавей, Алёну Рабянок, Дануту Лукашэвіч, Ванду Лукашэвіч, Галіну Другаль, Івана Міхновіча, Віталія Кусойця, Марыну Куркуль.
Доўга разглядвалі фотаздымкі і ўспаміналі мерапрыемствы, якія тады праводзілі. Як было весела, цікава! Як дружна жылі і працавалі работнікі культуры Спондаўскага сельсавета! Культработнікі прыязджалі ва ўсе аддаленыя вёскі. А з якой радасцю нас прымалі! Наша работа была патрэбна людзям раней, неабходная яна і зараз, бо здаўна вядома: не хлебам адзіным жыве чалавек.
Бібліятэкары разам з чытачамі і клубнымі работнікамі паспаборнічалі ў віктарыне «Успомнім герояў беларускай класікі». Мы спявалі песні, чыталі вершы, дарэчы, – сярод нашых работнікаў культуры ёсць і свой паэт – Міраслава Якіменка. Яна не змагла прысутнічаць на сустрэчы, але ўсе памятаюць яе творчы запал, песні, вершы, байкі.
За кубкам кавы час праляцеў хутка і весела. Адзінагалосна вырашылі сустракацца кожны год, запрашаць да сябе ветэранаў культуры з іншых сельсаветаў. Нездарма ж кажуць, што былых культработнікаў не бывае!
Ганна ТРУБІЦКАЯ, бібліятэкар, аг. Страчанка.