Патомная даярка КСУП «Варняны» Валянціна Калпак
11:00 / 16.11.2025
Напярэдадні свайго прафесійнага свята розныя працаўнікі і спецыялісты аграпрамысловага комплексу раёна адказалі на 5 пытанняў аб галоўным.
1. Кім хацелі быць у дзяцінстве і кім сталі?
2. Раскажыце пра адзін дзень са свайго працоўнага жыцця: ці падпарадкоўваецца ён сезоннасці?
3. Прадоўжыце сказ: самае галоўнае ў маёй прафесіі і рабоце – гэта…
4. Які год лічыце асабліва ўдалым у асабістым і прафесійным плане?
5. Ці згодны вы з беларускім паэтам Максімам Танкам, што «простае шчасце людское складаецца з солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, дарожнага пылу, з роднага небасхілу…» Што вас робіць шчаслівым(ай)?
Валянціна Калпак , аператар машыннага даення МТФ «Варона» КСУП «Варняны», стаж – 36 гадоў:
У школе хацела стаць ветэрынарам, але паступіла ў Вільнюскі будаўнічы тэхнікум на тынкоўшчыка-муляра. З-за вялікага кахання і замужжа не давучылася, цяпер аб гэтым шкадую.
Вярнуліся на Астравеччыну. Валянціна Іванаўна Міхцеева прапанавала ісці даяркай на ферму «Карвэлі», абяцалі жыллё. Нарадзіліся Дзіма, Галя – дачушцы было 4 месяцы, як выйшла на работу. Так жыццё ўсё вярнула на кругі свае.
Увогуле ў нас усе жанчыны працавалі на ферме: мама Ядвіга Юркойць, бабця Марыя Чапукойць, свякроў Ганна Калпак і многія іншыя родзічы.
2. Усе жывёлкі хочуць і даіцца, і есці, і каб чыста было. На ферме ў Карвэлях мы прыходзілі ў 7.30, чысцілі, муку раздавалі, даілі, выганялі рагуль на прагулку, навязвалі, мылі апараты. Вечарам усё паўтаралася.
На ферме «Варона», куды нас перавялі 8 месяцаў назад, у маёй групе 68 кароў. Іх таксама доім двойчы. Даўней, напрыклад, пры Яўгену Якаўлевічу Кухарчыку рабілі гэта 3 разы. Тут, дарэчы, загадчыца Таццяна Чаславаўна Сянюць, з якой мы доўга працавалі ў «Карвэлях».
3. Здароўе, любоў да дзяцей і жывёлы. На вялікіх комплексах звяно даярак працуе на агульны вынік, а на маленькіх лінейных, як наша, кожная – на свой. Безумоўна, многае залежыць ад кармоў, але і ад самой рагулі таксама. І ад догляду: гладзіш яе, калі доіш, гаворыш з ёй – жывёлінка ўсё разумее. У «Карвэлях» у мяне была любіміца з мянушкай Цыганка з-за чорнай масці. Вымя вялікае, шмат малака давала. Пасля ацёлу «клікала», каб яе першай падаіла.
4. Залатыя часы не толькі для нас, але і для ўсёй варнянскай гаспадаркі, былі пры старшыні Уладзіславу Эдвардавічу Руку. Ён за калгасную жывёлу перажываў, як за сваю. Кожны раз, як прыедзе на ферму (а рабіў ён гэта часта і густа!) з кожным загаворыць, работу пракантралюе, кароў усіх агледзіць. Кіраўнік быў ад Бога.
І цяперашні дырэктар Андрэй Іосіфавіч Стаповіч стараецца. Дзякуючы яму кармоў нарыхтавалі з лішкам, а малако ў каровы, як вядома, на языку.
У асабістым жыцці самыя шчаслівыя моманты, калі нарадзіліся ўнучкі. Адна ўжо скончыла школу, а дзве пайшлі ў першы клас.
5. Здараецца, на выхадным ляжу дома, спіна пабольвае, а як на ферму час надыходзіць ехаць, як маладая ўсхопліваюся. (Усміхаецца.) Без перабольшвання люблю сваю работу – і гэта шчыра.
Шчаслівая, што жыву, не хварэю, працую, што да сваіх кароў еду, што дома нехта чакае…
Самае галоўнае, каб было мірнае неба над галавой!