Лідар “Белай Русі” Ірына Жалток: дзе нарадзілася, там і спатрэбілася

16:00 / 15.11.2025

Ёсць людзі, якія нічога не ўмеюць рабіць дрэнна, такая ў іх асаблівасць характару. Ірына Жалток – з гэтай кагорты. 

Усё яе жыццё звязана з Гудагайскай сярэдняй школай. Яна з тых, пра каго гавораць: дзе нарадзілася, там і спатрэбілася. 

Ірына Мікалаеўна з Палушаў, была ў ліку апошніх выпускнікоў Гудагайскай васьмігодкі і пер­шых – сярэдняй школы. Па­сту­піла ў Гродзенскі дзяржаўны ўні­вер­сітэт імя Янкі Купалы па мэтавым накіраванні і пасля яго заканчэння вярнулася ў родную школу настаўніцай беларускай мо­вы і літаратуры.

– Напачатку было страшна, – прызнаецца жанчына. – Не магла ўявіць: як я буду працаваць побач са сваімі настаўнікамі, якія былі маімі кумірамі, – Эмай Іосіфаўнай Лянкевіч, Надзеяй Іванаўнай Кулікоўскай?

Але яны добразычліва пры­ня­лі нядаўнюю вучаніцу ў якасці маладой калегі: пад­казвалі, раілі, падтрымлівалі. Ды і яна старалася – не магла сабе дазволіць падвесці сваіх настаўнікаў не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці, таму імкнулася дарасці да іх узроўня, адпавядаць, каб ім не было сорамна за яе.

Усё атрымалася! Вельмі хутка Ірына Мікалаеўна стала ў калектыве сваёй сярод сваіх і ўвайшла ў кагорту моцных беларусазнаўцаў. І неўзабаве яе прызначылі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

– Я ў «Белай Русі» з першых дзён яе стварэння, членскі білет старога ўзору захоўваецца ў хатнім архіве. Напачатку старшынёй нашай пярвічнай арганізацыі быў дырэктар школы Віталь Іванавіч Лянкевіч. Калі ў 2012 годзе ён пайшоў на заслужаны адпачынак, узнікла пытанне: хто ўзначаліць пярвічку? Вырашылі, што каму, як не намесніку па выхаваўчай рабоце, падхапіць сцяг? Адмовіцца не магла. З таго часу і апякуюся школьнай «Белай Руссю, – расказвае Ірына Мікалаеўна пра свой шлях у лідары грамадскай арганізацыі.

За 13 гадоў змянілася многае. Нязменным засталося імкненне школьнай пярвічкі быць у авангардзе ўсіх цікавых і карысных ініцыятыў, і ключавыя словы тут – «цікавых» і «карысных». Яны працуюць не дзеля галачкі і справаздач, стараюцца кожную справу напоўніць зместам, шчырасцю і атрымаць ад яе канкрэтны вынік.

– Напачатку ў некага, магчыма, былі сумненні: ці патрэбна гэтая грамадская арганізацыя? Цяпер падобных пытанняў ні ў каго не ўзнікае, бо кожны бачыць вынік нашай супольнай працы, – адзначае Ірына Мікалаеўна

Гудагайскія «БелаРусы» дапамагаюць збіраць дзяцей у школу і клапоцяцца, каб Новы год і Ражаство для кожнага малыша былі вясёлымі, шчаслівымі і чароўнымі святамі; садзяць лес і прыбіраюць яго ад смецця; дапамагаюць сельгаспрадпрыемствам расціць і ўбіраць ураджай; удзельнічаюць у су­бот­ніках і ва ўсіх патрыятычных акцыях. Яны ўшаноўваюць ве­тэранаў педагагічнай працы і не забываюцца пра моладзь.

– Раней не практы­кавалі, а сёлета выра­шылі ўшанаваць маладых спецыялістаў, якія прыйшлі да нас у калектыў, – Дар’ю Байдун і Дзіяну Раманоўскую. Дзяўчаты былі расчулены такой увагай і цёплым прыёмам, асабліва Дар’я. Думаю, наша пярвічка папоўніцца новымі членамі, – расказвае лідар

Да слова: і самі «БелаРусы» не застаюцца па-за ўвагай арга­нізацыі: тыя з яе членаў, каму патрэбна дапамога ў арга­нізацыі летняга адпачынку дзяцей, атрымліваюць яе, «Белая Русь» адзначае найбольш актыўных членаў арганізацыі падчас Дня настаўніка і ў юбі­лейныя даты. Асаблівую па­дзяку Ірына Мікалаеўна як кіраўнік школьнага музея «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае» выказвае кіраўніцтву раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання за дапамогу ў аснашчэнні неабходным абсталяваннем і стэндамі новага памяшкання музея.

Асобная старонка ў дзейнасці гудагайскай школьнай пярвіч­най арганізацыі «Белая Русь» – догляд за месцамі пахавання ахвяр Другой сусветнай вайны і пошукавая дзейнасць па іх выяўленні.

– Святы абавязак настаўнікаў і вучняў нашай школы – дог­ляд за брацкай магілай у Гудагаі, дзе пахаваны вязні лагера «Шталаг 342», а таксама за нядаўна знойдзенай магілай прадстаўнікоў народнасці рома каля Лошы. Не так даўно пагранічнікі выявілі яшчэ адно пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны, якое знаходзіцца ў пагранічнай паласе каля вёскі Рымуні. Ваеннаслужачыя падключылі да гэтай справы нас – і цяпер мы сумеснымі намаганнямі падтрымліваем парадак на магіле мірных жыхароў – ахвяр фашызму, якіх, калі яны захварэлі на тыф, вывезлі сюды з канцэнтра­цыйнага лагера «Алітус» паміраць без усялякай дапамогі, – расказвае Ірына Мікалаеўна.

Паралельна вучні і настаўнікі вядуць вялікую даследчыцкую работу. Тут у тандэме з кі­раў­ніком музея працуе настаў­ніца гісторыі Галіна Мечы­сла­­ваў­на Шлыковіч. Дзякуючы су­­польнай працы на брацкай магіле з’явіліся дзясяткі новых прозвішчаў вязняў «Шталага 342», якія знайшлі вечны спачын на астравецкай зямлі, высветлены абставіны гібелі прадстаўнікоў народнасці рома каля Лошы, знойдзены родзічы пахаваных у Рымунях ахвяр фашызму.

– З 33-х членаў працоў­нага калектыву 19 – члены пярвічнай арга­ніза­цыі «Белай Русі». Акрамя таго, у нашай школе створаны пярвічкі іншых грамадскіх арганізацый – прафсаюза, БСЖ, БРСМ, партыі «Белая Русь». І хоць у кожнай з іх свае мэты і задачы, мы супольна робім агульную справу, – гаворыць старшыня пярвічнай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ірына Жалток.

…Часам муж гаворыць Ірыне Мікалаеўне: «Як сумна ты жывеш! Усё жыццё ў адной установе, у працоўнай кніжцы – адзін запіс». А яна не пагаджаецца: можна працаваць на адным месцы – і пры гэтым разнастаіць кожны свой дзень мноствам спраў, падзей, адкрыццяў.

І тыя, хто ведае Ірыну Жалток, яе працу і дзейнасць гудагайскай школьнай пярвічкі «Белай Русі», пагодзяцца з гэтым: не праца робіць жыццё цікавым, а чалавек – працу.

Фота з архіва Ірыны Жалток.

Текст: Нина Рыбик