Прэзентацыя зборніка “Нам – сямнаццаць” адбылася ў раённай бібліятэцы

11:10 / 22.10.2025

У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя зборніка “Нам – сямнаццаць”, які нядаўна пабачыў свет у мінскім выдавецтве “Колорград”.

Выхад новай кнігі нездарма параўноўваюць з нараджэннем дзіцяці: у яго чаканні “бацькі” перажываюць падобныя клопаты, хваляванні, трывогі, надзеі… А потым – радасць і шчасце: вось яно, роднае, выпакутаванае “дзіцятка”, у якое ўкладзена часцінка цябе самога. А прэзентацыя – гэта своеасаблівыя хрысціны нованароджанага.

На гэта раз у “дзіцяці” аказалася шмат “бацькоў”: 9 удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы” – Аляксандр Марозаў, Святлана Бацюлева, Людміла Кухарэвіч, Святлана Еўтушэнка, Ванда Радзевіч, Вольга Саковіч, Тарэса і Вікторыя Варановічы, Людміла Маркоўская.






Іх дапоўнілі творы адзінаццаці сяброў літаб’яднання і Аляксандра Марозава: кіраўнікоў Гродзенскага абласнога і Мінскага гарадскога аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Кебіч, Дзмітрыя Радзівончыка, Міхаіла Пазднякова, паэтаў з беларускіх Гомеля, Віцебска, Мінска, а таксама з Расіі і Украіны Алены Крыклівец, Алега Сяшко, Сяргея Старыкава, Уладзіміра Спектара, Наталлі Маўродзі, Любові Сардэчнай, Ірыны Горбань, Васіля Кузьменкі.

У зборнік увайшлі творы на рускай і беларускай мовах. Аўтары вельмі розныя як па сваім жыццёвым і літаратурным вопыце, так і па ўзроўні майстэрства: у адных за плячамі дзясяткі выдадзеных кніг і перамогі ў шматлікіх конкурсах, у другіх – адзінкавыя публікацыі ў перыядычным друку. Адпаведна розным атрымаўся і ўзровень уключаных у зборнік твораў.

Па задуме ініцыятара гэтага праекта і ўкладальніка зборніка, кіраўніка астравецкага літаратурнага аб’яднання, таленавітага, энергічнага і ініцыятыўнага Аляксандра Марозава, вершы і апавяданні, уключаныя ў зборнік, павінна была аб’яднаць тэма кахання, якое, напэўна, не абышло ніводнага 17-гадовага, і фотаздымкамі аўтараў у гэтым юным узросце. І калі са здымкамі задума атрымалася вельмі ўдалай, то тэма кахання пашырылася да больш шырокага паняцця любові: да радзімы, краіны, прыроды, бацькоў, усяго жывога і нежывога.

Прыгожую, рамантычна-узнёслую вокладку зборніка намалявала вядомая астравецкая мастачка і пачынаючы паэт Вікторыя Варановіч.

На “хрысціны” кнігі ў Астравец прыехалі госці з Гродна: намеснік старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык; сябра СПБ, паэт, публіцыст і бард Андрэй Татур; пераможца абласнога літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча Юлія Мельнік. Дзякуючы ім, прэзентацыя пашырыла сваю тэматыку: госці прывезлі яшчэ некалькі кніг, выдадзеных у рамках падрыхтоўкі да 80-годдзя вызвалення Беларусі і 80-годдзя Вялікай Перамогі: “Памяти вечный огонь”, “Память огненных лет”, “Поле памяти” і зборніка, прысвечанага пісьменнікам-юбілярам “Песнярам Айчыны”. Пазнаёміўшы прысутных з гэтымі выданнямі, Дзмітрый Радзівончык перадаў іх у фонд Астравецкай раённай бібліятэкі.

Да слова, у фонды абласных і раённай, а таксама ўсіх школьных бібліятэк Астарвеччыны былі перададзены кнігі “Нам – сямнаццаць”: гэта стала магчымым дзякуючы спонсарскай падтрымцы КСУП “Гудагай”.


На хрысціны звычайна прыходзяць госці – з падарункамі і добрымі словамі.

– Выхад новай кнігі – гэта заўсёды падзея, – сказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Баяровіч. – Віншую ўсіх, хто мае да гэтага дачыненне. Радуе, што ў нашым раёне шмат таленавітых людзей, якія захоўваюць і прымнажаюць традыцыі і спадчыну. Хочацца верыць, што выхад гэтага зборніка надасць новы імпульс развіццю творчых здольнасцей астраўчан.


Павіншавала ўсіх з адметнай падзеяй і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун.


…І ўсё ж галоўным героем у той дзень быў Яго Вялікасць Верш (хоць Святлана Еўтушэнка прадстаўляла свае абразкі ў прозе, гэта сутнасці справы не мяняе: яны таксама вершы – глыбокія, філасофскія, эмацыйныя, толькі напісаныя прозай).

Стаў адкрыццём госць з Гродна Андрэй Татур: яго вершы і песні ўразілі глыбінёй і дасканаласцю. Не магу ўтрымацца, каб не прывесці адзін з іх, самы кароткі:


У каждого есть что рассказать,

Но не у каждого есть, кому…

И люди молча смотрят в глаза

Отражению своему...

Цудоўныя песні на тэксты Аляксандра Марозава і свае ўласныя паказаў Сяргей Старыкаў з Гомеля.


Многіх кранулі за душу вершы на беларускай і рускай мовах супрацоўніцы гродзенскай мытні Юліі Мельнік.

А Дзмітрый Радзівончык, які нагадвае Уладзіміра Маякоўскага не толькі знешне, не проста чытаў – дэкламаваў свае і чужыя вершы: не грэх было б павучыцца ў яго гэтаму майстэрству.

Чыталі свае вершы і астравецкія “бацькі” “сямнаццацігадовага” зборніка.

Людміла Кухарэвіч аздобіла выступленне сваёй песняй, кранальнай і шчымлівай.

Цудоўным дапаўненнем да мерапрыемства сталі карціны Тарэсы і Вікторыі Варановіч, фотарэпрадукцыі якіх, да слова, праілюстравалі зборнік.

…І ў выніку па сямейнаму цёплымі атрымаліся “хрысціны” новай кнігі.

Хай ідзе дзіцятка ў вялікі свет!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик