Яе жыццё – аптэка: фармацэўт Ніна Якубоўская працуе ў галіне 46 гадоў
Згодна з календаром прафесійных святаў Беларусі, 15 кастрычніка адзначаецца Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. А крыху раней – 25 верасня – быў Сусветны дзень фармацэўта. Словам, двайная нагода ўзгадаць людзей гэтай прафесіі. Праўда, у нашым раёне няма названай вышэй прамысловасці, але ж затое шмат аптэк, у якіх працуюць вопытныя і адказныя спецыялісты. Некаторыя з іх прысвяцілі гэтай справе ўсё жыццё. У іх ліку – Ніна Якубоўская, фармацэўт з 46-гадовым стажам з Кемелішак.
А напісаць пра яе падказала загадчык цэнтральнай аптэкі Вікторыя Салаўёва, бо хто ведае сваіх работнікаў, як не кіраўнік. Пры гэтым яна адзначыла: “У нас шмат добрых спецыялістаў, але ўсе яны пераважна маладыя. Ніна Іванаўна ўжо пяты дзясятак узначальвае аптэку ў Кемелішках, а ў апошнія гады падхапіла яшчэ і міхалішкаўскую. Вось пра яе дакладна варта напісаць!”
Менавіта ў апошняй аптэцы мы і сустрэліся з жанчынай. І хоць размова раз-пораз перапынялася, бо людзі заходзілі за лекамі, яна атрымалася шчырай, цікавай і вясёлай. Адпаведна, такое ж прыемнае ўражанне пакінула пра сябе і гераіня.
…Адны з дзяцінства мараць пра пэўную прафесію і многія гады старанна рыхтуюцца да паступлення. Другія, наадварот, да апошняга вагаюцца, выбіраючы найбольш прэстыжную ці высокааплочваемую спецыяльнасць. Трэція працягваюць сямейную справу… А вось будучую прафесію Ніны Якубоўскай вызначыў Яго Вялікасць Выпадак. Сярод яе родных было шмат педагогаў. Дзяўчына на “выдатна” скончыла 8 класаў, і дырэктар школы, якая да таго ж даводзілася Ніне цёткай, спытала ў пляменніцы, ці будзе яна паступаць пасля 8-годкі і куды менавіта? “Канешне, буду! Як куды? Вядома ж у педагагічны!” – здзівілася тады такому пытанню дзяўчына. І пачула ў адказ: “Ніначка, а ў нашай сям’і ніколі не было “аптакарак”. Давай, ты паспрабуеш!” Так, з лёгкага слова цёткі Лены дзяўчына падала дакументы ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча.
– На той час, а гэта быў 1975-ы год, “аптакарак” рыхтавалі толькі ў гэтай установе, – расказвае суразмоўца. – Паколькі я была выдатніцай, то іспытаў не здавала, а прайшла толькі сумоўе. Як зараз памятаю, у камісіі быў дырэктар. Ён распытаў, адкуль я і , даведаўшыся, што з-пад Навагрудка (Ніна Іванаўна родам з Уселюба. – Заув.аўт.), распарадзіўся, каб выдзелілі месца ў інтэрнаце. Вось так і паступіла. (Смяецца.) Ці разумела, на каго іду вучыцца? Вядома ж, не! Але я памятала свае самыя першыя дзіцячыя ўражанні ад аптэкі ў дзяцінстве – і яны былі прыемнымі. Навокал – чысціня, бялюткія мэбля і абсталяванне, а я ўпершыню самастойна купляю аскарбінку. Як зараз помню: яна каштавала 4 капейкі. Ох, і смачная ж яна была! Пакуль дайшла дадому, усю і з’ела. (Усміхаецца.)
Ніна Іванаўна прызналася, што вучыцца было складана. Галоўная цяжкасць заключалася ў тым, што прадметы выкладалі на рускай мове, а дзяўчына заканчвала беларускамоўную школу. Для адаптацыі спатрэбіўся час, але на 3-м курсе яна ўжо была ў ліку лепшых. Адпаведна, і на размеркаванне ішла ў першай 10-цы прыкладна з 90 чалавек. Там гродзенскі “купец” – прадстаўнік абласнога аптэчнага ўпраўлення – прапанаваў дзяўчыне месца загадчыка аптэкі ў Астравецкім раёне. “Мясціны там прыгожыя, і Нарач побач” – ну як на такое не згадзіцца? Гэта ўжо вечарам у інтэрнаце ад сяброўкі з Альхоўкі Ніна даведалася, што ад Кемелішак, а менавіта туды яе накіравалі, да Нарачы – амаль як да Мінска. Цяпер жанчына з усмешкай расказвала пра тую сітуацыю, а тады, прызналася, праплакала двое сутак.
– Нічога не зробіш, паехала ў Астравец, – працягвае Ніна Якубоўская. – Спачатку для праходжання практыкі. Тады ж тагачасны загадчык аптэк Валянціна Сцяпанаўна Віткоўская – жанчына мудрая і вопытная, паглядзела на мяне ўважліва і накіравала ў Кемелішкі не практыкавацца, а прымаць аптэку. Дарэчы, будучае месца работы мне адразу спадабалася – чыста, светла, утульна. Словам, падпісала я ўсе неабходныя дакументы і паехала здаваць дзяржаўныя іспыты, ужо ў статусе загадчыка Кемелішкаўскай аптэкі. Было гэта 1 мая 1979 года. З таго часу там і працую.
Навучанне ў вучылішчы было накіравана больш на фармакалогію і веданне медыкаментаў. А вось быць загадчыкам, весці дакументацыю, знаходзіць правільны падыход да людзей Ніну Іванаўну навучыла само жыццё. Але работа ёй падабалася. І чым далей, тым больш жанчына ўпэўнівалася, што зрабіла правільны выбар.
– Ніколі не пашкадавала, што стала фармацэўтам, ніводнага разу не хацела здрадзіць прафесіі і бязмежна ўдзячна сваёй цётцы за падказку, – адзначае суразмоўца. – Вельмі люблю сваю работу, аптэку, людзей. Канешне, за столькі гадоў усяго хапала. А больш за ўсё запомніўся выпадак напачатку працоўнай дзейнасці. Прыйшла да мяне бабуля і просіць: “Пані кохана, проша даць мне энэмку малютку”. А я ж па-польску ні-ні – нічога не разумею. Што толькі я ёй ні прапаноўвала – усё не тое. Бабуля ўжо і хвалявацца пачала, а я не магу знайсці тую “энэмку”. У канцы пусціла яе за прылавак – кажу, шукайце самі. Амаль усе паліцы пераварушылі, пакуль, нарэшце, яна, паказваючы на звычайную грэлку-спрынцоўку, не ўсклікнула: “Ото ж она! Чэму не хцяла даць!” (Смяецца.) Мы пасля з бабуляй гэтай пасябравалі, светлая ёй памяць. Наогул, людзей люблю і заўсёды дапамагаю, калі гэта ў маіх сілах. Назву лекаў расчытаць, медыкаменты параіць, а часам і проста паразмаўляць ці пажартаваць – на тое ж я і фармацэўт. (Усміхаецца.) Цьфу, цьфу, цьфу, за столькі гадоў ніводнай скаргі – адны падзякі. Ніколі не працавала напаказ – усё ад душы. Гэтаксама як не падзяляю людзей на сваіх і чужых: да ўсіх адношуся шчыра. Перш ведала ўсіх кемелішкаўцаў, цяпер ужо і міхалішкаўцаў. Чатыры гады назад згадзілася папрацаваць у мясцовай аптэцы і тройчы на тыдзець прыязджаю ў Міхалішкі. Так, бывае цяжкавата, але ні аб чым не шкадую. Скажу шчыра: люблю, хачу працаваць і прашу Божаньку здароўя, каб яшчэ парабіць. А што ў хаце? Дзеці раз’ехаліся, у іх свае сем’і. Быў бы яшчэ мой Валодзька жывы – наогул усё добра было б. Але ж вось ужо 10 гадоў, як яго не стала.
З Уладзімірам Якубоўскім, вядомым на Астравеччыне спартыўнымі дасягненнямі настаўнікам фізкультуры, у Кемелішках Ніна жыла ў адным двары. Ён адразу прыкмеціў маладога фармацэўта і па некалькі разоў на дзень стаў заходзіць у аптэку. Дзяўчына прыехала ў жніўні 1979-га, а ў лістападзе 82-га яны сыгралі вяселле.
– Я задумала: калі за 3 гады адпрацоўкі не выйду замуж, паеду назад у Навагрудак, – узгадвае жанчына. – І кавалеры былі. Адзін з Магілёва 4 разы на матацыкле ў Кемелішкі прыязджаў. За што выбрала Валодзю? Не ведаю, напэўна лёс… ці каханне. (Сумна ўсміхаецца.) Мы пражылі разам 33 гады, ён быў добрым мужам і цудоўным бацькам. Здаецца, быццам учора ўсё было: жыццё прайшло, бы імгненне. Але я ўдзячна Усявышняму, што накіраваў менавіта па гэтым шляху, і ні аб чым не шкадую.
У Ніны Іванаўны – двое дзяцей і пяць унукаў, пра якіх яна расказвае з асаблівай пяшчотай. Дарэчы, акрамя прафесійных святаў, хутка яна адзначыць яшчэ адну ўрачыстасць – 25 кастрычніка ў жанчыны чарговы юбілей.
У канцы сустрэчы прашу суразмоўцу працягнуць фразу: фармацэўт гэта… Жанчына крыху задумваецца і адказвае: “Гэта чалавек, які лечыць людзей справай і словам, клапоціцца пра іх і любіць сваю работу. Я лічу, фармацэўт – гучыць горда!”