«Чароўная кветка» распускаецца на астравецкай сцэне

12:00 / 13.10.2025

Прыгажосць выратуе свет – казаў Фёдар Дастаеўскі і не памыліўся. Бо калі бачыш тое, што радуе вока і выклікае прыемнае адчуванне ў душы, усё навокал становіцца такім жа светлым і пазітыўным. Менавіта такія эмоцыі ўзніклі і пры праглядзе дзіцячай калекцыі адзення “Чароўная кветка”, якую стварылі таленавітыя педагогі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.


Хоць калекцыя новая, пакуль не раскручаная і бачыла свет толькі адзін раз – падчас жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, яна заслугоўвае, каб пра яе ведалі. Таму слова ідэйнаму натхняльніку і аднаму са стваральнікаў – педагогу дадатковай адукацыі цэнтра творчасці Вераніцы Кумішчы:

– Гэта другая калекцыя адзення, у стварэнні якой я ўдзельнічала. Першы вопыт быў у 2021 годзе, калі педагог Алена Чарняўская пашыла сукенкі, я іх распісала – і наша калекцыя “Эка Kids” была адзначана Дыпломам ІІ ступені на міжнародным фестывалі мастацтваў “Вёска FEST – 2021”.




У гэты раз мы таксама працавалі ў творчым тандэме з Аленай Іванаўнай. Я вярнулася на работу з адпачынку па доглядзе дзіцяці, таму хацелася прыдумаць штосьці новае і арыгінальнае. Падгледзела ў інтэрнэце ўпрыгожанні з сінельнага дроту – мы з дзецьмі таксама выкарыстоўваем яго на гуртку экадызайна. Паспрабавала зрабіць з яго какошнік а-ля кветкі-незабудкі – спадабалася і мне, і юнай мадэлі. Але аднаго галаўнога ўбору для вобразу было мала: так з’явіліся сумачка, завушніцы, пярсцёнкі і іншыя аксэсуары, выкананыя ў агульным кветкавым стылі. Убачыўшы, з якім захапленнем дзяўчынкі разглядаюць іх, вырашыла стварыць некалькі розных па афармленні набораў. Ідэі з’яўляліся спантанна: кожную юную мадэль атаясамлівала з пэўнай кветкай: адна – незабудка, другая – цюльпан, трэцяя – сланечнік, чацвёртая – васілёк, пятая – рамонак. Убачыўшы завершаныя аксэсуары, Алена Чарняўская прапанавала пашыць пад іх сукенкі і ўпрыгожыць іх такімі ж кветкамі. Мы ўзяліся за справу – у выніку “нарадзілася” калекцыя. А пасля таго, як з юнымі мадэлямі папрацавала харэограф Наталля Янкоўская – атрымалася прыгожае дэфіле. Трэба бачыць, з якім захапленнем і гордасцю дзяўчынкі хадзілі па сцэне. Спадзяюся, наш нумар прыйшоўся даспадобы гледачам.

Педагог адзначыла, што ў будучым яны хацелі б паўдзельнічаць у адпаведных конкурсах дызайнерскіх касцюмаў, а таксама будуць рады прадэманстраваць нумар на розных раённых мерапрыемствах. Гэта дазволіць удасканаліць дэфіле, і, магчыма, задумацца над стварэннем новага дызайна.

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Алёна Ганулич, из архива ЦТДиМ