Ганна Ткачук на сцэне і ў жыцці
13:00 / 12.10.2025
З моманту, калі ўпершыню пачула выступленне Ганны Ткачук, хацела пазнаёміцца з ёй бліжэй і расказаць пра яе нашым чытачам. І вось напярэдадні Дня работнікаў культуры такі час настаў.
Адкуль узялася?
Першае пытанне, якое ўзнікла, калі ўпершыню пачула Ганну Ткачук: адкуль яна ўзялася? З яго і пачала інтэрв’ю.– Вам з якога часу пачынаць расказваць? – смяецца Ганна. – Да Астраўца 20 гадоў жыла, вучылася і працавала ў Мінску. А дзяцінства прайшло ў Новалукомлі. У ваш горад прыехала ў 2019 годзе за мужам.
…Ані лёсам было наканавана спяваць. У яе – гены. Тата, бабулі, дзядулі – усе ігралі на музычных інструментах і любілі песню. І сама яна спяваць пачала, здаецца, раней, чым гаварыць. Сама таго не помніць, але мама расказвала, як малая Анечка трымала скакалку, як мікрафон, і заяўляла: «Я – Ала Бугачова!» – так яна называла Пугачову.
Школу скончыла з залатым медалём. І хоць многія раілі выбраць больш салідную, «грашовую» спецыяльнасць, падала дакументы ва ўніверсітэт культуры. Сярод абітурыентаў было толькі дзве школьніцы, астатнія – пасля музычных каледжаў. Спачатку збіралася паступаць на эстраднае аддзяленне, а потым нехта параіў: «Падавайся на любое іншае, потым перавядзешся». У той год упершыню адкрываўся набор на народныя сольныя спевы – туды і падала дакументы, хоць да таго народныя песні ніколі не спявала.
– Я вельмі ўдзячна свайму выкладчыку, – гаворыць Ганна Сяргееўна. – Менавіта яна навучыла мяне спяваць народным голасам. І мне гэта так спадабалася, што пераводзіцца на эстраднае аддзяленне расхацелася.
Атрымаўшы дыплом, стала працаваць у лінгвістычным універсітэце.
– Не, не выкладчыкам, – усмешкай адказвае на маё нявыказанае пытанне Ганна. – Кіраўніком вакальнай студыі «Фольк-мадэрн». Стаўкі такой ва ўстанове адукацыі не было, але калі мы да сустрэчы з пасламі замежных дзяржаў зрабілі нумар, цэнтрам якога стала «Купалінка» ў сучаснай апрацоўцы, якую я спявала акапэльна, рэктар сказала: «Нам патрэбна гэтая дзяўчына!» Увялі стаўку з пазабюджэтнай дзейнасці.
– У нас быў вельмі зладжаны калектыў, – з цеплынёй успамінае Ганна Сяргееўна. – Канцэрты праходзілі на высокім узроўні. Выконвалі песні на розных мовах – італьянскай, кітайскай, французскай: мова музыкі даступная для ўсіх. А для замежных гасцей, вядома ж, паказвалі беларускую каларыстыку.
А калі муж стаў працаваць на Беларускай АЭС, Ганна, як дзекабрыстка, змяніла сталіцу на правінцыю.
– Рэктар вельмі не хацела мяне адпускаць. На развітанне сказала: «Калі раптам што не атрымаецца, – вяртайся, прымем».
На шчасце, усё атрымалася!
Світанне «Світанка»
Напачатку Ганну Ткачук узялі на работу дырэктарам Цэнтра культуры і народнай творчасці. Але працавала яна там нядоўга: праз 10 месяцаў нарадзіла сына.– Калі выходзіла з дэкрэтнага адпачынку, то зразумела, што не змагу працаваць дырэктарам, – расказвае Ганна Сяргееўна. – Гэтая пасада займае вельмі шмат часу: вялікая адказнасць, камандзіроўкі. У мяне малыш толькі пайшоў у дзіцячы садок, а гэта адаптацыя, хваробы... Бабуль-дзядуль, якія маглі б дапамагчы, побач не было. Словам, я вырашыла звольніцца. Ды тагачасны загадчык сектара культуры Вольга Баяровіч прапанавала альтэрнатыўны варыянт: пасаду кіраўніка народнага ансамбля народнай песні «Світанак». Усё б нічога, калі не лічыць, што ансамблю, якога на той момант практычна не існавала, праз два месяцы трэба было абараняць званне народнага. Адмаўлялася. Ды Вольга Віктараўна ўмее пераканаць. Сказала: «Я вам веру! Вы прафесіянал, у вас усё атрымаецца».
– Дзяўчаты мае амаль усе з раёна, работнікі культуры. Ганна Уласік і Таццяна Ярмак прыязджаюць з Альхоўкі. Надзея Вайцяховіч і яе дачка Маша – з Міхалішак. Спяваюць у нас Вольга Валэйка, Ірына Часнойць, Насця Госса, акампаніруе Аляксандр Комар.
Сённяшні «Світанак», не ў крыўду сказаць колішнім яго ўдзельнікам, зусім іншы ансамбль – па сваім узроўні, рэпертуары, майстэрстве. І Ганна Сяргееўна, якая некалі амаль пад прымусам стала яго кіраўніком, любіць сваё новае дзіцятка. І думае пра яго будучыню.
– Хацелася б новыя касцюмы! Нядаўна нам для вулічных выступленняў заказалі футры, стылізаваныя пад народныя хусткі. На кірмашы мы іх абнавілі. Спадабалася: цёпла і прыгожа. І для сцэны хацелася б займець годныя абноўкі. Бо артыстаў жа, як і ўвогуле людзей, сустракаюць найперш па адзёжцы. Хочацца мець харэографа, каб аздабляць песні танцавальнымі разводкамі. Многага хочацца, – дзеліцца марамі.
І прызнаецца:
– Для мяне кіраўніцтва ансамблем – справа новая, я гэтаму не вучылася. Але я яе вельмі люблю! Хоць усё раблю інстынктыўна. Але дапамагаюць усе. У нас вельмі цёплая, таварыская атмасфера ў калектыве. Няма таго, што я сказала – і мы робім. Трэба ж, каб усім на душу лягло. Бывае, песня прыгожая, меладычная – а не ідзе! Мала ж выканаць яе тэхнічна правільна, трэба, каб душу закранула. Сёння задай задачу штучнаму інтэлекту – і ён усё зробіць прыгожа і дасканала. Але душу не чапляе! Менавіта таму, пераканана, штучны інтэлект ніколі не заменіць чалавека.
Ад «Бугачовай» да Ткачук
– У Астраўцы я стала больш спяваць, – прызнаецца Ганна Ткачук і тлумачыць, чаму. – Голас – гэта не мая асабістая заслуга. Гэта Божы дар. І трэба ім дзяліцца з людзьмі. Выходзіш на сцэну, каб аддаць гледачам сваю энергетыку – і атрымаць узамен энергетыку залы. Калі адбываецца такі ўзаемны абмен, то гэта найвялікшая асалода!З кожнай песняй Ганна шмат працуе.
– Бедныя мае суседзі! – смяецца яна. – Здараецца, што перад канцэртам гадзінамі «ганяю» адну і тую ж песню, шукаючы правільную інтанацыю.
Але адпрацоўвае яна не толькі вакал. Прадумвае: якая яе гераіня? Пра што яна думае, што адчувае? Да кожнай песні падбірае касцюм, завушніцы, абутак, прычоску, макіяж.
Перад выхадам на сцэну, калі ўжо надзела касцюм, ні з кім не размаўляе: настройваецца на выступленне. Ніколі не садзіцца, нават калі трэба чакаць некалькі гадзін. Адзінае, што дазваляе сабе – зняць туфлі.
– Якім бы ні быў канцэрт, заўсёды хвалююся. Напэўна, як і ўсе. Калі артыст перастаў хвалявацца перад канцэртам, то яму, лічу, трэба сыходзіць са сцэны. Кожную песню праз сябе прапускаеш. Яе ж не праспяваць – пражыць трэба. Добра, што ёсць тэхнікі, якія дазваляюць сабрацца перад выхадам. Нас вучылі ва ўніверсітэце: пацерці далоні, расправіць плечы, удыхнуць-выдыхнуць…
А яшчэ Ганна Ткачук стала ўдзельнічаць у вакальных конкурсах. І практычна з кожнага вяртаецца з дыпломам пераможцы ці прызёра.
Асаблівым у яе творчай біяграфіі стаў трэці міжнародны фестываль культурна-гістарычнай спадчыны «Дружба народаў – адзінства Расіі», які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. На ім было прадстаўлена 36 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, 900 удзельнікаў у розных намінацыях: вакал, харэаграфія, інструментальная музыка, паэзія, тэатральнае мастацтва. Ганна Ткачук адзіная прадстаўляла Беларусь.
– Я вельмі ўдзячна Вользе Віктараўне Баяровіч і Ангеліне Чаславаўне Навасельскай: да конкурсу мне пашылі шыкоўны касцюм – у такім не сорамна выйсці на любую сцэну.
Але не касцюм заняў першае месца на гэтым маштабным фестывалі, а Ганна Ткачук, якая акапэльна выканала беларускую песню – і скарыла сэрцы журы і гледачоў.
– Перамога мяне, вядома, вельмі парадавала, – прызнаецца спявачка. – А яшчэ больш – адносіны да беларусаў і Беларусі. Каму б ні сказаў, адкуль прыехаў, першая рэакцыя – радасная ўсмешка. Кожны стараўся сказаць нешта добрае пра нашу краіну: якая ў нас смачная каўбаса, цудоўная касметыка, якія шчырыя і добрасардэчныя людзі… Вельмі прыемна ўсведамляць, што і ты – часцінка свайго народа.
Сям’я і песня поруч крочаць
Яе часта пытаюць: чаму з такім голасам і талентам яна да гэтага часу не на вялікай сцэне?– Я ў Астравец не за кар’ерай прыехала, а за мужам, – адказвае Ганна Ткачук і тлумачыць: – Вялікая сцэна – гэта жыццё па кантракце. Дома цябе няма. А ў мяне заўсёды на першым месцы была сям’я. Мне важна бачыць, як растуць мае дзеці. Насці ўжо 15, у яе пераходны ўзрост. Мацвею – 5. Ім патрэбна мама. А мне – яны.
І пры гэтым Ганна прызнаецца, што быць толькі жонкай і маці не змагла б.
– Мне нельга без песні. Дома я зачахну… Я вельмі ўдзячна сваім блізкім, што яны гэта разумеюць і падтрымліваюць мяне.
На ўжо згаданы фестываль у Санкт-Пецярбург з Ганнай паехаў муж. Максім спецыяльна ўзяў адпачынак, дзеці засталіся з бабуляй і дзядулем – малыш упершыню цэлых 10 дзён быў без мамы і пры тым паводзіў сябе, як дарослы, напэўна, разумеючы адказнасць моманту.
– Я вельмі ўдзячна ім усім за падтрымку, – гаворыць Ганна. – Асабліва мужу. Без яго мне нават фізічна было б цяжка: касцюм вялізны, цяжкі… Не кажучы ўжо пра маральны бок справы. Я кожную хвіліну адчувала яго клопат і ўвагу. І яму было карысна: раней ён бачыў толькі знешні, глянцавы бок маёй працы, а тут пазнаёміўся з закуліссем.
Песня ў іх доме гучыць заўсёды. Ганна спявае ў ванне і на кухні, калі ёй весела і калі хочацца плакаць. Сын у маленстве засынаў пад «Пагавары са мною, мама». Хоць увогуле калыханкі для яго мама спявала «на заказ».
А ўжо калі выязджаюць на дачу – прыдбалі нядаўна хатку ў вёсцы, дзе наўкол толькі поле і лес – то яе слухачамі становіцца ўсё наваколле.
Рабі тое, што любіш – і любі тое, што робіш – такі рэцэпт шчасця Ганны Ткачук. Варты пераймання, трэба сказаць…
Фота з архіва Ганны ТКАЧУК.