Астраўчане на форуме да Дня народнага адзінства: душой адчувалі яднанне

10:30 / 18.09.2025


Прадстаўнікі розных пакаленняў, працоўных калектываў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў сабраліся на мітынг-канцэрт у  Палацы спорту ў Мінску, каб разам адзначыць адно з найважнейшых для краіны святаў – Дзень народнага адзінства.

Некаторыя з іх падзяліліся ўражаннямі ад гэтага маштабнага мерапрыемства.

Наталля Баніцэвіч, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”:

– Вельмі важна і далей жыць згуртаванымі, захоўваць суверэнітэт дзяржавы, любіць Радзіму і паважаць традыцыі. Мабыць, агучу агульнае пажаданне ўсіх астравецкіх жанчын: мы хочам і надалей адчуваць свабоду, спакой і абароненасць! Каб адзінства народа служыла надзейным залогам стабільнасці і развіцця нашай любімай Беларусі.

Кожны момант рэспубліканскага мерапрыемства падкрэсліў, што сіла Беларусі менавіта ў гэтым – адзінстве і ўзаемаразуменні грамадзян.

Аксана Савіцкая, намеснік старшыні Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:

– На мерапрыемстве рэспубліканскага ўзроўню я не першы раз. Калі прапанавалі пабываць на свяце да Дня народнага адзінства ў Мінску, адразу згадзілася. Разумела, што маштаб яго будзе грандыёзны. Уражанні проста перапаўняюць. Я ў захапленні адчувалася адзінства тых, хто быў на сцэне, з тымі, хто сядзеў у зале. Тут былі розныя пакаленні: моладзь, прадстаўнікі сярэдняга і старэйшага ўзросту. І ўсіх нас, увесь народ, які, упэўнена, сачыў за дзействам па тэлевізары, аб’ядналі гэты дзень і гэтае свята. Шыкоўныя нумары. А якія ўдзельнікі форуму! Увогуле цікава было паслухаць прадстаўнікоў розных палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў. Моладзі, упэўнена, пачуць іх было цікава і карысна. Думаю, у грамадскім аб’яднанні “Белая Русь”, дзякуючы ў тым ліку такім мерапрыемствам, яе стане яшчэ больш.


Надзея Ненартовіч, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Астравецкага ПМС:

– У Дні народнага адзінства рэспубліканскага маштабу ўдзельнічаю ўпершыню. Колькі тут сабралася людзей, якія любяць сваю краіну, паважаюць яе гісторыю! А колькі моладзі! Менавіта яе трэба арганізоўваць на такія мерапрыемствы, каб дапамагчы ёй зразумець, што наша Радзіма, – прыгожая, чыстая, мірная, мы павінны яе берагчы.

Упэўнена, што патрыятызм трэба прывіваць дзецям з самага нараджэння. Гэта аснова далейшага суверэннага існавання нашай краіны. Выконваць гімн, трымаючы руку на сэрцы неверагодная ідэя, якая працінала да глыбіні душы! Спявалі ўсе – гучна, з гонарам, старанна.. І сапраўды, “мы – беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі”.


Ігар Шалудзін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

– Дзень народнага адзінства нагадвае нам пра важнасць жыць у згодзе і згуртаванасці, падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць Рэспублікі Беларусь.

Адзінства – гэта не проста слова, гэта аснова дабрабыту нашай дзяржавы, стабільнасці і ключ да новых дасягненняў.



Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович