Ко дню работников газовой промышленности: Ромуальд Войтехович – гордость Островецкого района

10:00 / 07.09.2025

Усяго 5 хвілін на выезд з базы даецца аварыйнай брыгадзе газавікоў, у якой працуюць сапраўдныя прафесіяналы. А інакш і быць не можа, таму што ад іх хуткасці і правільных дзеянняў залежыць бяспека жыхароў раёна.

Сярод такіх – слесар аварыйна-аднаўляльных работ Астравецкага раёна газазабеспячэння ВУ «Смаргоньгаз» Рамуальд Вайцяховіч, партрэт якога занесены на раённую Дошку гонару.

Пацікавіўся – узялі

Рамуальд Часлававіч памятае не толькі год, але і дзень, калі прыйшоў пра­цаваць у райгаз, як тады называлася арганізацыя, – 8 лютага 2011 года. Даведаўся, што патрабуюцца рабочыя, і ўладкаваўся слесарам. І хоць адукацыя Вайцяховіча ні якім бокам не была звя­зана з паліўнай сферай, у райгазе ён прыжыўся. 

Ды чаму б і не, паціскае плячыма мужчына: работа спадабалася, да таго ж сам – хлопец мясцовы, добра ведаў у горадзе кожны дом і закуток. Пачынаў слесарам па абходзе: аглядаў вонкавыя, наземныя газапровады, правяраў іх на ўцечку газа.

– Што будзе складана працаваць, не маючы спецыяльнай адукацыі, не баяўся – галоўнае, каб было цікава, – зазначае мужчына. – Так і атрымалася: з задавальненнем пазнаваў неш­та новае, вучыўся.

Напрацаваць вопыт

Майстэрству новаспеча­на­га райгазаўца спачатку ву­чы­лі больш вопытныя калегі. Паказвалі, тлумачылі спе­цы­фі­ку: самастойна па ўсіх гэтых ГРП (газарэгулятар­ны пункт) і ШРП (шкафны рэгу­лятар­ны пункт) паспрабуй разбярыся. 

Як выявіць і выправіць уцечку газа на ўводах, працаваць з падземным газапровадам, абслужыць кацёл ці калонку, наладзіць абсталяванне – шмат чаго даведаўся Рамуальд Часлававіч. А што не расказалі-паказалі – вывучыў.

Як толькі Вайцяховіч блі­жэй пазнаёміўся з работай, яго накіравалі ў газінстытут у Гродна. Практыка, экзаме­ны – атрымаў патрэбную ква­ліфікацыю. Праз 3-4 гады перайшоў слесарам па аб­слу­­гоўванні газавы­кары­стоў­ваю­чага абсталявання – кат­лоў, пліт, лічыльнікаў. А з 2016 года ён слесар аварыйнай службы.

«Пачуць уцечку можна «на нюх» – і я не жартую, – дзеліцца невялікім сакрэтам майстэрства слесар. – Але ў нас для гэтага ёсць спецыяльныя апараты. Напрыклад, «Лазар-міні» дазваляе, не заходзячы ў памяшканне, праверыць канцэнтрацыю газа, прычым «бярэ» з 30-ці метраў. Цяпер мы працуем з навейшым абсталяваннем».

З абходчыка да аварыйшчыка

Спадзяюся, не пакрыўджу іншых газавікоў, аднак упэў­не­на, што ў аварыйнай службе працуюць самыя вопытныя і надзейныя. Бо гэта работа – свайго роду абагульненне ўсяго таго, што ты даведаўся і вывучыў у «абходчыках» і слесарам па рамонце. Ава­рый­ка займаецца ўсім – ад вы­праўлення непаладак і ўцечак у дамах да пра­ду­хілення аварыйных сітуа­цый раённага маштабу. 

Укласціся ў 5 хвілін, каб выехаць з базы, за 35 хвілін дабрацца да абанента па раёне – за гады працы гэтыя тэрміны даўно перасталі быць для мужчыны нечым незвычайным. Як і праверка ведаў кожны год, а кожных тры – вучоба.

Камандная работа

Самы важны інструмент, які заў­сёды ў руках слесара ава­рый­кі – газа­аналізатар, які дапамае знайсці ўцечку. Прычым, удакладняе Рамуальд, прыборы існуюць розныя: асобна на звадкаваны газ, на прыродны і змешанага «тыпу» – у залежнасці ад устаноўленага катла. 

Экіпаж аварыйнай машыны – вадзіцель і слесар. На сур’ёзныя аварыйныя заяўкі разам з брыгадай выязджае майстар. 

Некаторыя абаненты ціка­вяцца, што за камеры на форме аварыйшчыкаў. А гэта абавязковае патрабаванне, якое, да слова, дапамагае потым адсачыць, наколькі правільна яны выканалі сваю работу. 

– Працую даўно, таму доб­рую палову абанентаў не толькі горада, але і раёна ведаю: якія могуць быць у іх праб­лемы і як іх вырашыць.

Пяць пытанняў аб галоўным

– У які час сутак вам больш падабаецца працаваць?

– Днём больш выездаў, ноччу толькі аварыйныя сітуацыі здараюцца. І часцей зімой, калі моцна халадае. Але па вялікім рахунку – без розніцы: спаць усё роўна не маем права (Смяецца.) 

– Чым займаецеся на базе? 

– Чытаем, вучым тэорыю – сёння, каб быць прафе­сія­налам, гэта неабходна. Ды і экзамен потым здаваць…

– Ахарактарызуйце сваю работу.

– Вельмі адказная. І ў той жа час цікавая. Мне падабаецца пазнаваць новае, удасканальваць веды. З абанентамі шмат даводзіцца стасавацца.

– Што, на ваш погляд, важней для спецыяліста – тэорыя ці практыка?

– Тэорыя – гэта добра, але практыка лепш. Толькі так можна зафіксаваць веды, аттачыць майстэрства. І гэта пастаянны працэс: вучыцца-практыкавацца. Газавае абсталяванне абнаўляецца, удасканальваецца – адставаць нельга.

– Што змянілася за час вашай работы?

– Камп’ютарызацыя прыйшла – і многае пайшло па-іншаму. Новыя тэхналогіі, безумоўна, аблегчылі работу. Да прыкладу, аварыйныя заяўкі і дакументацыя ў планшэтах. Але ручную працу слесара яны не заменяць. А наконт абанентаў… Многія правялі прыродны газ – такіх спажыўцоў стала больш. Некаторыя ж пераходзяць на электрычнае ацяпленне – і выбываюць са спіса нашых кліентаў. 

Адправіцца за 70 кіла­метраў у далёкую вёску на выпраўленне непа­далак з газам ці з дзя­сятак разоў вы­ехаць на выклік у горадзе – Рамуальд Вайцяховіч прывык да такога распарадку працоўнай змены. Ён, як сапраўдны спецыяліст сваёй справы, едзе туды, дзе патрэбна дапамога. Бо ведае: ад яго прафесіяналізму, хуткасці, правільнасці дзеянняў залежыць беспека лю­дзей. Галоўнае – паспець і выправіць «паломку». 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович