Што ж прылада такая – свяцец?

14:00 / 04.09.2025

Дзявятае заданне конкурсу, як мы і прагназавалі, аказалася не вельмі простым. Былі і недакладныя, і нават памылковыя адказы. Тым не менш, асноўны касцяк удзельнікаў конкурсу справіўся з заданнем і правільна адказаў, што на здымку – свяцец (светніца, свяціла, свяцільнік): прыстасаванне для ўтрымлівання лучыны, якой у даўнія часы асвятлялі сялянскія хаты (але выкарыстоўвалі яго не ў якасці начніка, як адказалі некаторыя нашы канкурсанты: нашы продкі ніколі не пакідалі агонь запаленым на ноч. Гэтаксама не з’яўляўся свяцец ні лямпай, ні прататыпам сучаснага таршэра). 

Мяне вельмі парадаваў адказ Ірыны Яновіч, якая напісала: 

«Заданне аказалася вельмі складаным: ніхто ў нашай сям’і не ўспомніў такога прыстасавання. Давялося схадзіць на чай і за дапамогай да мясцовых старажылаў, якія нам усё расказалі…» 

Як жа цудоўна, што з’явілася нагода папіць чаю і пагаварыць са старымі людзьмі пра іх колішняе жыццё!

А Таццяна Бразевіч паведаміла, што на гарышчы дзедавай хаты знайшлі падобнае прыставанне і яшчэ шмат чаго цікавага. (На тым гарышчы, здаецца, можна музей адкрываць! Можа, і ў якасці заданняў для наступных этапаў конкурсу Таццяна магла б нешта нам прапанаваць? Але ж у такім выпадку ёй давя­дзецца прапусціць адзін этап… Словам, хай вырашае сама).

Леанарда Якель расказвае: 

«Яшчэ малой была, але памятаю, як у нашай хаце на хутары вечарамі запальвалі лучыну.  Праўда, такой прылады для яе ўтрымання ў нас не было, бо жылі мы вельмі бедна. Лучыну ўтыкалі ў шчыліну паміж цаглінамі печкі ці ў сцяну. Знізу ставілі ці саган з вадзічкай, ці вядро, каб іскры падалі і тушыліся. У нас не заўсёды гэта рабілі, бо падлога была земляная, – не загарыцца. Пазней ужо газу можна было купіць, але лямпы сваёй  не мелі, то з бутэлькі самі зрабілі газнічку. Я кніжкі вельмі любіла, то цягну з сабой газнічку на печ, там чытаю. Мама сварыцца, каб газы шмат не паліла, бо за яе грошы плаціць трэба. А ўжо як крыху разжыліся і сапраўдную газавую лямпу купілі – колькі радасці было! Мама не давала нам да яе нават датыкнуцца, каб, крый божа, шкло не пабілі, сама запальвала. І так тады светла і хораша было ў хаце!» 

І Генрых Лукашэвіч памятае такую дзедаўскую прыладу са свайго дзя­цінства.

Пётр Станевіч расказаў, што бачыў яе ў кіно.

Рэгіна Дрэма пажалілася, што з-за гэтага задання бяда магла б здарыцца: «Параіла Ніна Аляксееўна логіку ўключыць… Я ўключала-ўключала – ледзь кароткае замыканне не здарылася, пакуль зразумела, што гэта».

Вікторыя Пляўга адказала коратка, ёміста і дакладна: 

«Гэта свяцец – прылада для асвятлення, якой карысталіся да з’яўлення свечак і газавых лямпаў. Ён уяўляў сабой металічны заціск на ножцы, які ўстаўлялі ў сцяну, падлогу ці ў спецыяльную падстаўку. У заціск умацоўвалі тонкую драўляную шчапу – лучыну. Яе падпальвалі, яна гарэла і асвятляла хату. Знізу ставілі ёмістасць з вадой, каб туды сыпаўся попел і падалі вугельчыкі – сродак супрацьпажарнай бяспекі. Такі спосаб асвятлення быў нязручны: лучына хутка згарала, дыміла, яе трэба было ўвесь час мяняць. Але свяцец быў самым даступным сродкам асвятлення ў сялянскай хаце, бо дрэва для лучыны заўсёды было пад рукой, а сама прылада – простая, зрабіць яе было нескладана».

(Гэта сапраўды так: прыладу на здымку спецыяльна для музея зрабілі сённяшнія ўмельцы, якія памяталі яе са свайго дзяцінства).

Як заўсёды, самыя разгорнутыя і падрабязныя адказы даслалі Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч. Дзякуючы ім, мы даведаліся (і дзелімся гэтымі звесткамі з чытачамі!), што ў канцы 18-га стагоддзя васковыя і сальныя свечкі на Русі абкладаліся пошлінай, а лучына – не, таму і выкарыстоўвалі яе для асвятлення. Прычым не толькі ў бедных сялянскіх дамах, а і ў заможных сядзібах: пра тое сведчаць карціны і творы пісьменнікаў 18-19 стагоддзяў.
Не без здзіўлення даведалася, што стандартная лучына даўжынёй у 40 сантыметраў гарыць прыкладна 120 хвілін: гэта ж колькі разоў за вечар яе трэба было памяняць! Зрэшты, былі і доўгія, да 80 сантыметраў. А некаторыя святцы, каб асвятліць большую частку пакоя, рабілі так, каб у іх адначасова маглі гарэць некалькі лучын. 

Самі святцы таксама былі рознымі: ставіліся на падлогу – тады іх рабілі больш высокімі; на стол – тады ніжэйшымі; насценнымі; падвяснымі – прататып сучасных жырандоляў. Былі і пераносныя. Хоць Таццяна Бразевіч расказала, што яе прабабуля, каб асвяціць сабе дарогу, насіла запаленую лучыну ў зубах – смелая была жанчына. 

Кавалі, якія займаліся вырабам жалезных трымальнікаў лучын, таксама праяўлялі фантазію: упрыгожвалі іх мастацкай коўкай, узорамі. 

Свяцец з лучынай быў нязменным атрыбутам зімовых вечаровых пася­дзелак. Дзяўчаты ці жанчыны збіраліся ў адным доме: пралі, шылі, вышывалі, пры тым спявалі, расказвалі розныя цікавыя гісторыі. А няяркае святло ад лучыны стварала атмасферу таямнічасці. 

Да агеньчыка адносіліся з павагай. Запальваючы яго, прыгаворвалі: «Святы агеньчык, дайся нам!» І тушыць лучыну трэба было пачціва: задуваць вуснамі, нагар здымаць пальцамі… Крый божа кінуць агонь на зямлю ці затаптаць: гэта лічылася вялікім грахом, за які агонь, узлаваўшыся, мог спаліць дом. 

Чаго мы толькі ні даведаліся з адказаў на гэтае заданне конкурсу! І цытаты з твораў рускіх і замежных пісьменнікаў прачыталі, і карціны пабачылі, і загадкі адгадвалі («Пастаўлю – стаіць, пакладу – ляжыць, свет трымае»), і народныя прыкметы, звязаныя з лучынай, успомнілі: Ірына Яновіч недзе прачытала і нам расказала, што яна трашчыць і іскры пускае да няшчасця.

Словам, я ў чарговы раз з захапленнем дзякую ўсім нашым канкурсантам! 

А балы сёння размеркаваліся такім чынам:  па 7 атрымліваюць Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч, па 4 – Ірына Яновіч, Леанарда Якель і Вікторыя Пляўга, па 3 – Генрых Лукашэвіч і Рэгіна Дрэма, 2 – Пётр Станевіч. Наталля Блахіна на гэты раз, на жаль, дала няправільны адказ.

Спадзяёмся, што ў наступным заданні, якое, мне здаецца, не вельмі складанае, адказаў будзе больш – і ўсе без выключэння правільныя!

Текст: Нина Рыбик