Чым Астравец адрозніваецца ад іншых гарадоў – высвятляў рэпарцёр
12:00 / 23.08.2025
Чым Астравец адрозніваецца ад іншых гарадоў і вызначаецца ў шэрагу сабе падобных? Чым мы можам ганарыцца, а што, магчыма, патрабуе ўдасканальвання? Пра гэта карэспандэнт «АП» спытаў у жыхароў горада і раёна, старажылаў і навасёлаў, маладых і не вельмі.
Генрых Лукашэвіч, пенсіянер, жыхар аграгарадка Варняны:
Вядома, ён моцна змяніўся за апошнія 15 гадоў, як пачалі будаваць атамную станцыю. Дзякуючы гэтаму ў многіх з’явілася добрая работа. А яшчэ людзі сталі ўстанаўліваць электракатлы ў сваіх дамах. І я правёў электраацяпленне, мінулую зіму ўжо грэўся.
Бальніца наша самая лепшая, гэта ўсе ведаюць.
Але не ўсё лепшае з’явілася ў Астраўцы разам з АЭС, нешта існавала і раней. Да прыкладу, у нас пякуць самы лепшы хлеб: вельмі люблю нашу «цаглінку». А ўжо як прывязуць свежы цёплы батон, то можна ў адзін прысест увесь умалаціць, асабліва з сырадоем.
А яшчэ ў нас найлепшая раённая газета. Такіх конкурсаў, як «Дзедаўская прылада», ніхто не праводзіць! Адпачываў нядаўна ў санаторыі, паказваў новым знаёмым – усе дзіваваліся.
А вось свайго санаторыя нам не хапае… Такія маляўнічыя мясціны на Астравеччыне, і будынкі свабодныя ёсць – чаму б не адкрыць якую лячэбна-прафілактычную ўстанову?
Наталля Шумарава, кіраўнік групы вытворча-тэхнічнага аддзела Беларускай АЭС, нарадзілася ў Варонежскай вобласці, жыла ў многіх гарадах Беларусі і Расіі:
А гэтая знакавая падзея надала яго развіццю новы імпульс. Радуе, што ў сувязі з будаўніцтвам станцыі ў горад прыехала шмат цікавых маладых людзей з розных гарадоў і краін.
Сёння Астравец, бясспрэчна, – гэта горад для жыцця. Тут чыста, ціха, спакойна, утульна, можна, не баючыся, адпусціць дзяцей на вуліцу ці прайсціся вечарам самому.
І разам з тым тут шмат магчымасцей для ўсебаковага развіцця. Нашай спартыўнай інфраструктуры могуць пазайздросціць і жыхары буйных гарадоў: два басейны, стадыён, некалькі спартыўных залаў, лядовая пляцоўка. Што называецца, для любога ўзросту і ступені падрыхтоўкі.
Аляксандра Букель, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, практычна ўсё жыццё пражыла на Астравеччыне:
Яшчэ адной адметнасцю Астраўца лічу тое, што наш горад вельмі зялёны. Жывучы тут, гэтага не заўважаеш, а калі прыязджаюць сябры з Брэста ці Магілёва, то дзівуюцца: вы нібы ў лесе жывяце! Радуе мноства кветак на вуліцах, нядаўна расквеціўся наш мост – прыгожа.
Для астравецкіх веласіпедыстаў і пешаходаў цяпер проста рай – столькі добраўпарадкаваных спецыяльных дарожак абуладкавана. Хоць тое, як працуе наш грамадскі транспарт, – для мяне па-ранейшаму вялікая таямніца.
Яшчэ адна адметнасць – астравецкія ўстановы адукацыі і пазашкольнай работы. Мне здаецца, што такога матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння няма ні ў адным горадзе. Для развіцця дзяцей створаны ўсе ўмовы.
Алег Клюшын, майстар электрацэха БелАЭС, у Астравец пераехаў з Камянца Брэсцкай вобласці:
А ў астатнім Астравец у многім падобны на Камянец, дзе я раней жыў, нават назвы гэтых двух гарадоў сугучныя. Падабенства яшчэ і ў тым, што абодва знаходзяцца практычна на мяжы з суседнімі дзяржавамі. І нават мая службовая кватэра ў Астраўцы на першым паверсе вуглавога пад’езда дакладна дубліруе тую, што засталася ў Камянцы. Таму адаптаваўся на новым месцы жыхарства хутка і лёгка. Але футбольныя матчы «Астраўца» і камянецкай «Нівы» наведваю з дваякім пачуццём: «хварэю» за адных і другіх, найбольш – за тую каманду, для якой перамога важней для становішча ў турнірнай табліцы. Хоць, канешне, брэсцкі футбол з яго неверагоднымі балельшчыкамі і супольнасцю фанатаў у 7-8 тысяч чалавек, здаецца, не здольны пераўзысці не толькі ў Астраўцы, а ўвогуле ў краіне.
Адметнасцю Астраўца лічу развіццё медыцыны і спартыўнай інфраструктуры – у гэтых накірунках наш горад (вось бачыце – ужо НАШ!) у рэспубліканскім топе.
Ніна Філіставічэне, настаўніца англійскай мовы, нарадзілася ва Украіне, вырасла ў Гервятах, жыла ў Астраўцы і ў Мінску, цяпер – у Вільнюсе:
Хоць цяпер ён адрозніваецца нават ад таго горада, у якім я ў свой час жыла: стаў больш маладым, сучасным. Зніклі маргінальныя асобы, якія раней сядзелі на лавачках і пілі піва ці што мацнейшае: усе працуюць, займаюцца спортам – магчымасцей для гэтага ў горадзе дастаткова. Шкада, што ў мой час гэтага не было…
У кожны свой прыезд адзначаю, што Астравец цяпер вельмі прыгожы, патанае ў кветках. Азеляняльнікі ці хто гэтым займаецца, бачна, стараюцца, не дарэмна зарплату атрымліваюць.
Адметнасцю Астраўца, на мой погляд, з’яўляецца стаўленне яго жыхароў да гістарычнай памяці. Заўсёды гляджу ў інтэрнэце, як праходзяць тут мітынгі ў Дзень Перамогі, іншыя святы і бачу, што робіцца ўсё не дзеля галачкі, а шчыра, ад душы. Для мяне тэма вайны вельмі блізкая: адзін мой дзед, артылерыст, дайшоў да Берліна, прыкрываў агнём салдат, якія ўздымалі сцяг на рэйхстагу, другі вызваляў Прыбалтыку, у Эстоніі быў цяжка паранены, застаўся без нагі. Прыемна ўсведамляць, што памяць пра герояў вайны захоўваюць не толькі ў сем’ях, але і ў грамадстве.
Зрэшты, я неаб’ектыўная. Як па мне, дык у Астраўцы ўсё самае лепшае. Тут нават сонца па-іншаму свеціць!