Якія падзеі 2010-2019 гадоў на Астравеччыне набылі статус гістарычных

11:00 / 23.08.2025

Сёлета, у год 85-годдзя Астравецкага раёна, мы разам з чытачамі ўспамінаем падзеі, якія праз нейкі час назвалі гістарычнымі; даты, якія сталі знамянальнымі; людзей, імёны якіх варты таго, каб быць упісанымі ў кнігу славы нашага краю. Перагарнём разам старонкі «Астравецкай праўды» за 2010-2019 гады.

Раённыя СМІ

Пачнём з таго, што гэтых старонак у раённай газеце стала нашмат больш: суботнія нумары выходзілі на 16-ці, час ад часу – на 24-х, а ў сераду – на 8-мі палосах. З 2013 года «Астравецкая праў­да» ў суботу стала выходзіць у ко­леры. Нягледзячы на змяншэнне колькасці жыхароў раёна, што­­год павялічваўся тыраж газеты: у 2013-м годзе ён дасягнуў рэкорднага паказчыка ў 6 тысяч экзэмпляраў.

Але не газетай адзінай… «Астравецкая праўда» актыўна заяўляла пра сябе ў інтэрнэце і несла чытачам навіны ўсімі магчымымі сродкамі. Больш сучасным, зручным для чытачоў і мабільным стаў сайт, які перарос у паўнавартаснае СМІ. Газета актыўна развівала свае суполкі ў сацыяльных сетках – да слова сказаць, адну з сямі «Залатых Літар» Астравецкая праўда» атрымала менавіта за работу ў сацыяльных сетках. 

А ў снежні 2016 года Міні­стэрства інфар­мацыі Рэспублікі Бе­ларусь зарэгіст­равала тэлепраграму «ТВА. ТВой Астравец», якая таксама стала адным з падраздзяленняў рэдакцыі «Аст­равецкай праўды». 

Такім чынам, раённая газета ператварылася ў канвергентнае СМІ, якое спалучала ў сабе некалькі розных напрамкаў, дапаўняючы адно другім.

Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што ў такім накірунку рухаліся ўсе раённыя газеты краіны. І ўсё ж «Астравецкая праўда» ў гэтым паступальным руху істотна абганяла сваіх калег. Тое дзесяцігоддзе было найбольш плённым у нашай дзей­насці: штогод калектыў рэдак­цыі і яе журналісты стана­віліся пераможцамі і пры­зё­рамі прэстыжных абласных, рэспубліканскіх і нават міжна­родных конкурсаў, а рэдакцый­ная скарбонка папаўнялася важ­кімі ўзнагародамі. 

Гістарычныя падзеі

Трэба сказаць, што нашым прафесійным поспехам у мно­гім садзейнічалі абста­віны: ін­фар­мацыйных нагод, каб пра­явіць свой талент, у жур­на­лістаў было больш чым дастаткова. 

31 сакавіка 2012 года пад руб­рыкай «Га­лоўная навіна» ў «АП» з’явілася доўга­чаканая інфармацыя: «Астравец стане горадам». Паведамлялася, што Савет Міністраў даў згоду Гродзенскаму абласному Савету дэпутатаў на аднясенне гарадскога пасёлка Астравец да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання.

Пачалася новая старонка ў жыцці старажытнага паселішча, якое ніколі раней на гэты статус не прэтэндавала. А ў красавіку 2013 года гараджанамі сталі і жыхары некаторых прыгарадных вёсак: Кавалі, Бабанішкі, Бялькішкі, Слабодка, Груздоўшчызна, Каменка ўвайшлі ў склад райцэнтра.

Прычына набыцця Астраўцом новага статусу агульнавядо­мая: будаўніцтва на яго тэры­торыі атамнай станцыі. 15 верасня 2011 года выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб размяшчэнні і праектаванні атамнай электрастанцыі ў Рэс­публіцы Беларусь», які вызна­чыў месцам будаўніцтва АЭС Аст­равецкі раён. 

У красавіку 2012 года прай­шло першае пасяджэнне апера­тыў­нага штаба па будаў­ніцтве Беларускай АЭС. «Ключ на старт!» – паведамляла «АП» у нумары за 28 красавіка. А 30 мая выйшаў першы выпуск сумеснага праек­та «Астравецкай праўды» і Ніжагародскай інжынірынгавай кампаніі «Атамбудэкспарт» «Белорусская атомная». У ім быў змешчаны рэпартаж аб старце распрацоўкі катлавана першага энергаблока Беларускай АЭС – фактычна гэта азначала пачатак будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

9 жніўня 2012 года адбылася рабочая паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксанд­ра Лукашэнкі ў Астравецкі раён, асноўнай мэтай якой было знаёмства з ходам работ на ўзвядзенні аб’ектаў Беларускай АЭС. Падчас візіту адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам. Пра гэты візіт «Астравецкая праўда» расказвала ў нума­ры за 12 жніўня. Восенню 2015 года кіраўнік дзяржавы зноў наведаў Астравецкі раён і пра­інспектаваў ход будаўніцтва АЭС.

І іншыя знакавыя падзеі ў жыц­ці Астравеччыны былі так ці інакш звязаны з будаўніцтвам АЭС.

За пяць гадоў, з 2013-га па 2018-мы, на тэрыторыі раёна ўзвялі некалькі аб’ектаў, прызначаных для аховы Дзяр­жаўнай мяжы і атамнай станцыі. У лютым 2015 года створана пагранічная застава «Астравецкая», у снежні 2016 года – застава «Маладзечанская», у сакавіку 2017-га раённая газета расказвала пра адкрыццё вайсковай часці ўнутраных войск №7434, а ў снежні 2018 года заступіў на баявое дзяжурства па ахове АЭС і паветраных рубяжоў краіны 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк.

У 2012 годзе ў Астраўца з’явіў­ся яшчэ адзін пабрацім: да польскага Лідзбарка Вармінскага далучыўся горад Сасновы Бор Ленінградскай вобласці.

Гістарычныя падзеі

1 жніўня 2013 года ў Астраўцы распачаўся рух гарадскіх аўто­бу­саў. Не ўсё гладка з гэтым пілот­ным праектам, застаюцца пы­танні і сёння, але першы, самы важны, крок зрабілі менавіта тады.

У 2014-м у мікрараёне №1 ад­крыліся першыя аб’екты сацыяльнай сферы: магазін «Пачасту­нак» і кафэ «Вясна» (сёння ў гэтым будынку знаходзіцца кафэ «Жара»). А ў студзені 2015-га ў новым мікрараёне ўрачыста адчынілі дзверы гімназія і дзіцячы садок, абедзве пад сімва­лічным нумарам 1. 


У тое дзесяцігоддзе ўвогуле адкрывалася шмат устаноў, даў­но існуючыя пераходзілі ў новапабудаваныя офісы. Так, у маі 2015 года «АП» расказвала пра наваселле прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Астравецкім раёне, у чэрвені таго ж года – пра першы гандлёвы цэнтр «Талер», дзе прапісаліся магазіны прыватных прадпрымальнікаў. А ў 2016 годзе насупраць яго вырас яшчэ адзін буйны аб’ект прыватнага бізнесу: гасцініца Sun Hotel на 50 месцаў. У снежні 2016 года ў новы будынак пераехала адміністрацыя лясгаса. 

У 2017 годзе шмат наваселляў адбылося ў другім мікра­раёне горада. У сакавіку там з’явілася паштовае аддзяленне «Аст­равец 2»; у красавіку ў новы пры­гожы будынак па вулі­цы Карат­кевіча пераехала дзі­ця­чая біб­лія­тэка; у жніўні там ура­чыс­та адкрылі яслі-сад №3.

У ліпені 2018 года прыняў выхаванцаў яслі-сад №4 – «раёнка» паведамляла, што гэта трэці садок, пабудаваны ў Астраўцы за мінулыя чатыры гады. 

Шмат падарункаў атрымаў горад да свайго 550-годдзя ў жніўні 2018-га. На цэнтральнай плошчы з’явіўся ўказальнік адлегласцей да гарадоў-пабрацімаў; на адным з дамоў па вуліцы Валадарскага – мурал з выявай герба Астраўца работы Дзяніса Ходаса; на востраве кахання – скульптура кумжы работы Аляксандра Шомава. А галоўнае – да юбілею горада адкрыўся першы ў яго гісторыі фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. 

Сапраўдным падарункам для аматараў спорту і здаровага ладу жыцця стала адкрыццё напрыканцы 2018 года ў Астраўцы лёгкаатлетычнага стадыёна. А для ўсіх гараджан, якія наракалі на недахопы гандлёвага абслугоўвання, – першага ў Гродзенскай вобласці магазіна гандлёвай сеткі «Санта». 

У 2019-м у горадзе былі адкрыты сярэдняя школа №3, дзіцячы садок №5. Усе гэтыя і многія іншыя буйныя сацыяльныя аб’екты былі пабудаваны ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай інвестыцыйнай праграмы. 

Не «атамкай» адзінай...

Хоць справядлівасці дзеля трэба сказаць, што не ўсе пазітыўныя змены адбываліся толькі дзякуючы будаўніцтву атамнай станцыі. У гэтае дзеся­цігоддзе ў Астравецкім раёне адбываліся і іншыя значныя падзеі, не звязаныя з «атамкай».

Так, у 2010 годзе быў створаны раённы краязнаўчы музей, а ў вёсцы Барані ў роднай хаце святара і паэта Казіміра Сваяка ўрачыста адкрылі яго філіял з экспазіцыяй, прысвечанай слыннаму земляку. У тым жа годзе выйшла кніга выбраных твораў Казіміра Сваяка.

У 2012 годзе адбылася рэарга­нізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. У выні­ку засталося чатыры СВК, якія пазней былі пераўтвораны ў КСУПы, і адзін саўгас.

А ў 2013 годзе ў раёне прайшла апты­мізацыя сельскіх Саветаў, межы якіх супалі з сельгаспрадпрыемствамі. 

У апошнія дні 2015 года ў Астраўцы адкрыўся першы і пакуль што адзіны дзіцячы дом сямейнага тыпу.

У снежні 2014-га да 200-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча ў Астраўцы на вуліцы, названай у яго гонар, адкрылі памятны знак работы Аляксандра Шома­ва, прысвечаны знакамітаму земляку. А ў наступным годзе ў Астраўцы з’явілася яшчэ адна работа гэтага скульптара: помнік воінам-інтэрнацыяналістам. 

Адбываліся знакавыя падзеі і ў культурным жыцці раёна. У студзені 2013-га прайшоў прэм’ер­ны паказ спектакля «Ка­ляд­ны вечар», які ўпер­шыню ў гісторыі астравецкага народнага тэатра быў пастаўлены па п’есе мясцовага аўтара. Ад­мет­нымі з’явамі стаў выхад у лютым 2014 года зборніка апо­­вес­цяў і апавяданняў Ніны Ры­бік «Скрыжаванні», рукапіс якой перамог у першым абласным літа­­ратурным конкурсе імя Алаі­зы Пашкевіч (Цёткі), а ў 2018-м – кнігі ветэрана педагагіч­най пра­цы Ларысы Мартынавай «Ис­то­рия Островецкой средней школы №1». 

Перамогі і пераможцы

Той час быў багатым на пера­могі і ўзна­гароды – як калек­тыўныя, так і аса­бістыя. 

Лепшыя людзі раёна атрымалі дзяржаў­ныя ўзнагароды. Медалём «За працоўныя заслугі» адзначылі працу паштальёна Варнян­скага аддзялення сувязі Тарэсы Керны і галоў­нага ўрача Астравецкай цэнт­­ральнай раённай бальніцы Валян­ціна Тачонага (2014 год), дырэктара КСУП «Гуда­гай» Эдуарда Садоўскага (2017 год). 

Урач Аляксандр Шоўкун у 2013 годзе стаў пера­можцам рэспуб­ліканскага конкурсу пра­фесійнага майстэрства па тэра­пеўтычнай ста­ма­талогіі.

Выкладчыкі англійскай мовы гімназіі №1 Алена Севасцьян і беларускай мовы і літаратуры Падольскай СШ Тамара Качкан сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года». 

Супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Свіла ў 2015 годзе стаў чэмпіёнам свету па пажарна-выратавальным спорце. 

Аляксандр Ляховіч у 2016 го­дзе прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жа­нэй­­ра. Ён не стаў пераможцам ці прызёрам, але назаўсёды застанецца ў гісторыі спорту першым з ураджэнцаў Астравеччыны, які ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях. 

Абляпіха свежазамарожаная вытворчасці фермерскай гас­падаркі «Світанак-Л» перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Прадукт года» – «Астравецкая праўда» паведамляла аб гэтым 25 чэрвеня 2019 года. 

У тым жа 2019 годзе гісторыка-краязнаўчы музей Гудагайскай сярэдняй школы «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае» атрымаў званне народнага. 

Сёння мы ўзгадалі толькі найбольш значныя даты, падзеі, перамогі, якія адбыліся ў перыяд з 2010 па 2019 год, якія прэтэндуюць на званне гістарычных – іх было нашмат больш. 
І насамрэч – нам ёсць чым ганарыцца!
Текст: Нина Рыбик