Конкурс “Дзедаўская прылада”: для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі мялку
14:00 / 22.08.2025
Пётр Станевіч сказаў, што здагадацца было няцяжка, бо на заднім фоне таго ж здымка былі і іншыя прыстасаванні, якія дапамагалі нашым продкам ператвараць расліну перш у «бялюсенькі кужалёк», пра які спяваюць у песні пра Вулляніцу, а затым – у тканіну: калаўрот, ці самапрадка і ткацкі станок. А яшчэ Пётр успомніў мультфільм са свайго дзяцінства, у якім герой захацеў сабе новыя штонікі, і бусел дзюбай мяў лён, каб зрабіць з яго валакно, саткаць палатно і пашыць малому абнову – харошы, відаць, быў мульцік, пазнавальны.
Да слова: не ўсе сушылі лён у лазнях, бо не ва ўсіх яны былі. Леанарда Якель успамінае, што яе маці рабіла гэта ў чэраве рускай печы – таксама асаблівая тэхналогія: печ выпаліць, жар выграбсці, пачакаць, пакуль астыне да патрэбнай тэмпературы, разаслаць у печы…
Знайшлася мялка і на гарышчы бацькоўскай хаты мужа Аляксандры Працуты. Нашчадкі паспрабавалі яе ў справе і прыйшлі да высновы, што работа на ім патрабуе немалых фізічных намаганняў (Аляксандра нават даслала відэа з таго гарышча, і хоць яно не самай лепшай якасці, працэс работы няхітрага прыстасавання зразумелы).
А Наталля Блахіна бачыла льномялку ў музеі «Дарога лёну» Падольскай школы.
На першы погляд, прынцып работы мялкі вельмі просты: падымаюць рукаятку – біла, у шчыліну кладуць пучок лёну, з сілай апускаюць біла. Сцябліны ламаюцца, кастрыца абсыпаецца, валакно вызваляецца ад абалонкі. Зноў падымаюць рукаятку, перасоўваюць лён, апускаюць біла… І так да бясконцасці, пакуль не застанецца мяккае шаўкавістае валакно. З якога потым яшчэ трэба выбіць і вычасаць рэшткі кастры, а затым ужо ці то прасці – на гэта ішлі доўгія валакністыя пасмы, ці выкарыстоўваць як цепла- і гідраізаляцыйны матэрыял – для гэтага падыходзіла пакля (і тое, і другое захавалася ў доме Таццяны Бразевіч, пра што сведчаць дасланыя ёй здымкі). «Мні лён дольш – валакна будзе больш», – прыгадала прыказку Таццяна. А Ірына Яновіч успомніла народную прыкмету: мяць лён павінны былі дзяўчаты з распушчанымі валасамі, каб валакно было доўгім і мяккім.
Дарэчы, лён мялі найчасцей у кастрычніку, калі ўжо заканчваліся асноўныя палявыя работы, адсюль і пайшла назва другога асенняга месяца. Леанарда Якель успамінае, што кастрыца тая была вельмі калючая і непаслухмяным дзецям пагражалі: «Будзеш сваволіць – кастры за шыварат насыплем». О, гэта было страшней, чым дубцом па мяккім месцы.
Валакно трэба было падрыхтаваць да Піліпаўкі, калі яго пачыналі прасці. А пасля Каляд ставілі кросны і ткалі палотны, ручнікі, дываны – усё, што патрэбна было ў гаспадарцы. Работу гэтую трэба было закончыць да Вялікадня, да пачатку новага сельскагаспадарчага года. Усё прадумвалі нашы продкі!
Лён быў стратэгічнай сыравінай у паўночна-заходніх рэгіёнах. Наталля Шумарава піша, што англічане, пабываўшы ў Расіі, асабліва ацанілі запасы карабельнага лесу і льняных канатаў – у многім з іх дапамогай і быў пабудаваны знакаміты англійскі флот.
У Беларусі лён быў і застаецца не толькі стратэгічнай сыравінай, але і сімвалам краіны. Самыя папулярныя беларускія сувеніры – разнастайныя льняныя вырабы. У дамах многіх беларусаў, у тым ліку і ў сям’і Наталлі Блахіной, да гэтага часу беражліва захоўваюцца вытканыя бабуляй і вышытыя матуляй ручнікі і дываны.
У гэтым этапе конкурсу найбольшую колькасць балаў – 8 – атрымлівае Аляксандра Працута. Спытаеце, за што так шмат? Патлумачу. Два балы – за тое, што пазнала прыладу і расказала, як яна працуе. Дадала схему прыстасавання – яшчэ бал. Даслала два фотаздымкі льномялкі і работы на ёй, адзін – з інтэрнэту, другі – з дзедаўскага гарышча: плюс адзін. Яшчэ бал – за відэа: не паленавалася залезці на тое гарышча і праверыць, як працуе прылада. Успаміны бабулі і цёткі, якія памятаюць цяжкую работу на мялках. Некалькі (пяць, калі быць дакладным) цытат з літаратурных твораў Горкага, Булгакава, Яршова і навукова-папулярных прац; 9 прыказак і столькі ж загадак (дарэчы, а вы ведалі, што «Рот да вушэй, хоць завязкі прышый» – гэта не пра шырокую усмешку, а пра тую ж мялку?) Аляксандры Працуце дапамагае шукаць адказы на заданні конкурсу ўся яе шматлікая і дружная сям’я – і гэта радуе больш за ўсё.
Пяць балаў запісала на свой рахунак Таццяна Бразевіч, па 4 – Наталля Блахіна, Ірына Яновіч, Леанарда Якель, па 3 – Іаланта Валуевіч, Наталля Шумарава, Пётр Станевіч, Рэгіна Дрэма, Генрых Лукашэвіч. Адзін бал – у Аляксандра Лаўрыновіча.