Дзедаўская прылада: ручны прас (валак, рубель, качолка, пральнік)
10:00 / 08.08.2025
Ручны прас
Пасля пяці тураў можна ўжо зрабіць сякія-такія высновы. Радуе, што конкурс, як кажуць, зайшоў. Некаторыя ўдзельнікі адсейваюцца, з’яўляюцца новыя. Але асноўны касцяк трымаецца цвёрда!Яго можна ўмоўна падзяліць на тры часткі. Адна – людзі старэйшага пакалення: Леанарда Якель, Генрых Лукашэвіч, Міраслава Якіменка, Іаланта Валуевіч, Рэгіна Дрэма. Яны ведаюць прылады па ўласным ці бацькоўска-дзедаўскім вопыце (родных таксама далучаюць да разгадвання нашых фотазагадак – такая сямейнасць толькі радуе).
А трэцяя – Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч, Наталля Блахіна, Ірына Яновіч – стараюцца сумяшчаць адно і другое.
І немагчыма сказаць, хто больш «матери-истории ценен». Дзякуючы «тэарэтыкам» мы даведваемся шмат новых гістарычных звестак пра тую ці іншую прыладу, «практыкі» ж дзеляцца спосабамі яе выкарыстання і гісторыямі з жыцця, якія не менш каштоўныя. Так што дзякуй усім!
І будзем працягваць…
Ручны прас, што на здымку, у розных мясцінах называлі па-рознаму. На Астравеччыне, як вынікае з адказаў мясцовых «практыкаў», найчасцей – валак: бялізну, якую з дапамогай яго прасавалі, трэба было «валачыць». Хоць канкурсанты прыгадалі мноства іншых назваў: рубель, кракадзіл (так звычайна называлі верхнюю, рабрыстую частку ручнога праса), качолка, каталка (гэта ўжо пра ніжнюю, круглую), рабрак, пральнік.
Працэс прасавання быў, на першы погляд, просты: ручнікі, бялізну, адзенне акуратна, без складак намотвалі на валак, зверху ўдаралі і пракручвалі рубелем ці кракадзілам – валкавалі. Але простая справа гэтая была зусім не лёгкая. Каб атрымаць належны эфект, трэба было добра прыціснуць і тады «валакці». Ды і працаваць належала, сагнуўшыся – як правіла, валкавалі бялізну на шырокай лаве.
Не без здзіўлення даведалася з допісу Таццяны Бразевіч, што з дапамогай валака не толькі прасавалі, але і мылі бялізну. Таццяне расказвала бабуля, якая ў маладосці жыла ў Шульніках, што добра адціснутыя посцілкі ды ручнікі намотвалі на качолку і качалі рубелем – ад гэтага яны станавілася не толькі мяккімі, але і бялюткімі.
Ручны прас выкарыстоўвалі ў нашай мясцовасці ажно да 70-х, а то і 80-х гадоў. Пётр Станкевіч успамінае: калі мянялі слупы, то вёска на некалькі дзён засталася без электрычнасці і маці, каб выправіць дзяцей у школу акуратнымі, прасавала ім адзенне менавіта так.
Але ёсць у гэтай дзедаўскай прылады і іншыя практычныя функцыі, пра якія расказалі канкурсанты. Качолкай раскатвалі цеста і таўклі бульбу. А яшчэ, як жартам нагадалі Іаланта Валуевіч і Рэгіна Дрэма, валакам разгневаныя жонкі часам гналі дамоў праштрафіўшыхся мужоў. Генрых Лукашэвіч расказаў, як яго бацька рэзаў тытунь на гладкім баку рубеля.
А яшчэ некаторыя канкурсанты – Наталля Шумарава, Наталля Блахіна, Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч – паведамілі, што рубель выкарыстоўваюць… у якасці музычнага інструмента: у Расіі да гэтага часу засталіся фальклорныя калектывы, дзе ўмельцы іграюць на ўдасканаленай мадыфікацыі гэтай дзедаўскай прылады. Міраслава Якіменка ўспомніла, што і сама ў дзяцінстве любiла даваць канцэрты не толькі сваім сяброўкам, але і лялькам ды авечкам – усім, хто пагаджаўся быць слухачом і гледачом будучай артысткі. І «акампаніравала» сабе дзяўчынка на рабрыстым рубелі, які выступаў у якасці то гармоніка, то гітары. Праўда, неўзабаве бабуля «музычнае суправаджэнне» прыпыніла, сказала: «Хочаш, дык спявай, а валак не чапай – ён для работы, а не для гуляў».
Многія канкурсанты дапоўнілі свае адказы фотаздымкамі, і не толькі «пазычанымі» ў інтэрнэце: Генрых Лукашэвіч, Аляксандра Працута, Ірына Яновіч знайшлі старадаўнюю дзедаўскую прыладу ў сваіх хатніх музеях ці ў бабулі на гарышчы і зрабілі фота.
Прыгадалі і прыказкі-прымаўкі – лепш за ўсё характарызуе сённяшнюю дзедаўскую прыладу выказванне «Не мыццём, дык катаннем». А Аляксандра Працута прывяла некалькі цытат з твораў, дзе рубель выкарыстоўваецца зусім не для жартаўлівых жончыных «паганялак», а для пабояў і нават калецтва – бр-р-р...
Словам, на гэты раз пастараліся ўсе! На 6 балаў журы ацаніла працу Таццяны Бразевіч і Аляксандры Працуты. Па 5 атрымліваюць дзве Наталлі – Блахіна і Шумарава. Па 4 балы паклалі ў сваю скарбонку Рэгіна Дрэма, Генрых Лукашэвіч, Міраслава Якіменка, Ірына Яновіч і Леанарда Якель; па 3 – Іаланта Валуевіч і Ларыса Гаваноўская; па 2 – Пётр Станкевіч, Наталля Барташ, Мацвей Сакалоўскі, Вікторыя Пляўга; па адным – Анастасія Свірка і Юлія Казляк.