Итоги работы животноводства за 1-е полугодие рассмотрели на семинаре под руководством Сергея Медзвецкаса
Адзін з самых “хлебных” накірункаў у сельскай гаспадарцы – малочная вытворчасць, якая прыносіць да 75-80% прыбытку. Разам з тым, разлічваць на высокія паказчыкі могуць толькі тыя прадпрыемствы, якія пастаянна развіваюць гэтую галіну і выконваюць тэхналогію. Як з гэтымі задачамі спраўляюцца раённыя аграрыі, дзе і ў чым ёсць недапрацоўкі па выніках першага паўгоддзя, чым можа пахваліцца самы сучасны малочна-таварны комплекс у Сакалойцях – гэтыя і іншыя пытанні разгледзелі на выяздным семінары пад кіраўніцтвам старшыні Астравецкага райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса.
З улікам спецыфікі жывёлагадоўчай галіны падобная форма работы мне падаецца ўніверсальнай. На выязных семінарах не толькі падводзяцца прамежкавыя вынікі ў сельгасвытворчасці, але і ўздымаюцца тыповыя праблемы для агульнага абмеркавання, вызначаюцца шляхі для іх выпраўлення. А яшчэ – гэта добрая нагода для кіраўнікоў гаспадарак і галоўных спецыялістаў заатэхнічнага і ветэрынарнага профілю паглядзець, як наладжана работа на жывёлагадоўчых аб’ектах у калег.
– За першае паўгоддзе валавы надой малака дасягнуў 42,5 тысяч тон, з якіх рэалізавалі – 39,3 тысячы тон. Узнікаюць пэўныя пытанні па таварнасці малака ў асобных сельгаспрадпрыемствах, – напачатку семінара адзначыў Сяргей Мядзвецкас. – Сярэднесутачная прывага жывёлы склала 721 грам. Мы плюсуем, тым не менш нам ёсць да чаго імкнуцца, і на гэта абавязкова трэба звяртаць увагу. Разам з тым у мяне ўзнікаюць пэўныя пытанні па рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі. Сумесна з кіраўнікамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў сёння абмяркуем кожны такі факт.
На гэты раз пляцоўкай для правядзення працоўнай нарады невыпадкова абралі КСУП “Гервяты” – гэтая гаспадарка за апошні час зрабіла значны рывок у будаўніцтве, рэканструкцыі і добраўпарадкаванні жывёлагадоўчых аб’ектаў.
Першым пунктам у маршруце ўдзельнікаў семінара значыўся самы новы ў раёне малочна-таварны комплекс “Сакалойці”, які, згодна з задумай кіраўніцтва гаспадаркі, стане самым вялікім і маштабным жывёлагадоўчым аб’ектам на Астравеччыне.
З яго адкрыццём зачыніліся невялікія фермы “Малюта” і “Сакалойці”. Але эканамічны эфект ад такога рашэння цалкам апраўданы і доўга сябе не прымусіў чакаць. Калі з 2-х лінейных МТФ за дзень здавалі максімум 7 тон малака, то з новага комплексу – 16, і гэта далёка не мяжа.
На пачатак жніўня на МТК “Сакалойці” ўтрымліваецца 670 дойных кароў, 11 нецеляў і 140 цялят, але ў перспектыве – нарошчванне пагалоўя.
Удзельнікі семінара агледзелі даільную залу (такога тыпу яна адна ў раёне), якая разлічана на адначасовае даення 24-х галоў. Усталяваная тут сістэма гідразмыву павышае вытворчасць працы аператараў машыннага даення, эканомячы час на ручную “водную ачыстку”.
Для гноевыдалення на комплексе выкарыстоўваюць дэльтаскрыперы, вельмі выручаюць і “лагуны” – спецыяльныя сховішчы для часовага захоўвання сцёкаў.
Хутка ўвядуць у эксплуатацыю самаходны раздатчык кармоў, у бліжэйшых планах – завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторыі і даасфальтаваць дарогу да комплекса.
З красавіка КСУП “Гервяты” (дарэчы, як і КСУП “Гудагай”) асвоілі новы прагрэсіўны метад: сцельнасць каровы яны вызначаюць па малаку. Як адзначылі спецыялісты, самы важны аспект у такой дыягностыцы, каб у пробе было менавіта малако той каровы, якую даследуюць. Праз 3 месяцы рэктальным спосабам кожную рагулю правяраюць яшчэ рэктальна: у 90-91 працэнтах выпадкаў вынік пацвярджаецца.
Нядаўна ў гаспадарцы набылі ўльтрагукавы сканер для высвятлення, чаму карова не сцельная. У залежнасці ад вынікаў праверкі індывідуальна для жывёліны падбіраецца канкрэтная схема для стымуляцыі. Дзякуючы апарату атрымліваецца ўстанавіць канкрэтную прычыну – як правіла, гэта паталогія яечнікаў, якую не выявіш без сканеру.
З выступлення дырэктара КСУП “Гервяты” Ігара Жданава:
“На будаўніцтва МТК “Сакалойці” і абуладкаванне патрэбнай інфраструктуры затрачана каля 21 мільёна беларускіх рублёў, з якіх 15 млн – крэдыт, 2 – лізініг, 2 – бюджэтныя сродкі на вонкавыя сеткі, 2 – уласныя грошы.
Узведзены 2 кароўнікі, малочна-даільны блок, будынак для ўтрымання сухастойных кароў, прафілакторый, памяшканне для захоўвання канцэнтратаў.
Заначу, што тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў не былі ўключаны ў праект – на будаўніцтва 6-ці траншэй затрацілі каля 2-х мільёнаў рублёў
Працягваецца другая чарга будаўніцтва: узводзім 3-ці кароўнік, дзе размесцяцца 397 кароў і 600 цялушак аднаўлення. Дзякуючы гэтаму “Сакалойці” стануць комплексам закрытага цыклу на 1 200 дойных галоў.”
Парада ад Ігара Жданава
“Перш чым будаваць новы комплекс, задумайцеся пра павелічэнне пагалоўя і шчыльна пачынайце працаваць над гэтым загадзя”.
“Рымдзюны”
На гэтым комплексе азнаёміліся з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, адборам кармоў і новым прафілакторыем.
Вядома, што добрая малочна карова пачынаецца з цялушкі, таму самым маленькім жыхарам комплексу тут асаблівая ўвага і клопат. Звыш 140 галовамі апякуюцца 2 цялятніцы, на ўзбраенні яны маюць увесь неабходны інвентар і абсталяванне.
Да слова, пры нарматыве 1,7% невытворчае выбыццё жывёлы па комплексе за першае паўгоддзе 2025-га складае 0,6%.
Парады ад Ігара Жданава
* Пры камплектаванні прафілакторыя такога тыпу, як тут, трэба дакладна выконваць правіла “пуста-занята”. Гэта значыць – цалкам вызаваляць секцыі, а не асаобныя месцы, дэзынфіцыраваць і апрацоўваць іх, а толькі потым запаўняць цялятамі.
* Для выемкі кармоў з траншэі лепш падыходзяць сянажныя “адкусвальнікі”: сіласныя горш спраўляюцца з гэтай фукцыяй.
СКАЗАНА
Сяргей Мядзвецкас, старшыня Астравецкага райвыканкама
Пра будаўніцтва комплексаў
“Што тычыцца маштабавання аграрнага бізнесу, то кожны ў сілу сваіх магчымасцей з года ў год павінен будавацца. Хто гэтага не робіць, той не развіваецца. Узвадзіць той жа клюшнік ці павеці – гэта трэба рабіць, як бы ні было б складана.”
Пра канцэнтрацыю вытворчасці
“Наша галоўная задача – аптымізацыя ўмоў працы. У апошнія гады вымалёўваецца тэндэнцыя, што колькасць занятых у жывёлагадоўлі працаўнікоў не павялічваецца, а, нааварот, змяншаецца.
Толькі будаўніцтва новых малочна-таварных комплексаў дазволіць нам знізіць затраты па многіх пазіцыях, рацыяльна выкарыстоўваць людскі рэсурс, сканцэнтраваць у адным месцы максімальную колькасць жывёлы, у тым ліку забяспечыць эпізатычную бяспеку.”
Пра кадры
“Калі мы будзем разглядаць жывёлагадоўлю праз прызму аграрнага бізнесу, усё павінна атрымацца. Пабудавалі комплекс, паставілі прадуктыўную жывёлу, сбалансавана яе кормім – атрымліваем і рэалізоўваем малако, адпаведна – гасім крэдыты, а значыць – развіваемся. Але гэта магчыма толькі дзякучы граматным спецыялістам і талковым працаўнікам”.
“У кожным асобным выпадку трэба глядзець, якую карысць прыносіць малады спецыяліст гаспадарцы. Талковыя кадры варта ўсяляк падтрымліваць”.
Пра кармы
“Ніякай размовы не можа весціся пра надоі, калі няма кармоў, у першую чаргу – якасных. Часта акцэнт робіцца на аб’ёмах сенажа ці сіласа, але самае галоўнае – колькасць бялку, якія яны ўтрымліваюць. Перадумова для гэтага – акуратныя траншэі, тэмпы нарыхтоўкі, правільная выемка кармоў.”.
Пра захаванасць
“Адзін з самых галоўных накірункаў, які патрабуе асаблівай увагі, – недапушчэнне невытворчага выбыцця жывёлы.”
НЕКАТОРЫЯ З ПАСТАЎЛЕНЫХ ЗАДАЧ
- На ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах забяспечыць прахадны рэжым, у тым ліку арганізаваць на высокім узроўні фукцыяванне ўязных дэзба’ераў для захавання стабільнай эпізадычнай сітуацыі. Да слова, як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама –начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і хачавання Іван Карніла, у вобласці і ў раёне аб’яўлены конкурс-агляд на лепшую арганізацыю работы дэзбар’ераў на жывёлагадоўчым аб’екце.
- На кожным МТК пракласці спецыяльныя сцяжыны для зручнага перасоўвання цялятніц па тэрыторыі з малочным таксі, электрацялежкамі і іншым абсталяваннем.
- Працягваць работу па абуладкаванні так званых “малочных кухань” і стварэнні годных умоў працы на аб’ектах для работнікаў жывёлагадоўлі.