Чаму навучыла жыццё на пенсіі – высвятляў наш карэспандэнт
16:00 / 30.07.2025
Лідзія Данчанка, горад Астравец, працоўны стаж 30 гадоў, работу пакінула ў 62 гады:
– Пасля выхаду на пенсію працавала яшчэ 8 гадоў. Пакуль старэйшая сястра не сказала: «Кідай! Не паўтарай маіх памылак. Пажыві для сябе». Калі яе не стала, я выканала яе наказ.
На першым часе, месяцы з два, было непрывычна, некамфортна: усе некуды спяшаюцца, а мне не трэба… Але неўзабаве прызвычаілася. Цяпер жыву і радуюся! Калі прыязджаю на дачу, то не кідаюся, як раней, не падымаючы галавы, садзіць-палоць-капаць: хутчэй-хутчэй, бо заўтра ж на работу! Цяпер магу сабе дазволіць пасядзець на арэлях з кубкам кавы, паслухаць, як шчабечуць птушкі. Ці прайсціся па кветніку, палюбавацца прыгажосцю.
Папросіць душа – схаджу ў царкву. Захочацца паплаваць – іду ў басейн. Паклічуць у вандроўку ці на канцэрт – іду і еду. Няма настрою справамі займацца – пагляджу тэлевізар ці проста паляжу. І мяне не мучыць сумленне, што раблю нешта не так. Лічу, што за сваё жыццё я ўсім усе даўгі аддала, цяпер магу пажыць для сябе.
Галоўнае, чаму я навучылася на пенсіі, – любіць сябе. Некалі ж трэба пачынаць!
Віктар Аксютчык, горад Астравец, працоўны стаж 53 гады, на заслужаны адпачынак пайшоў у 68 гадоў:
– Вучыцца ў маім узросце бадай што пазнавата – усё, чаму хацеў і трэба было, навучыўся. Цяпер застаецца толькі карыстацца тымі ўменнямі і ведамі.
Хоць, зрэшты, нечаму ўсё ж пенсія навучыла… Да прыкладу, жыць не па чужым загадзе, а па сваім раскладзе. Сёння я сам сабе і камандзір, і начальнік штаба, і дзяжурны, і днявальны. Зранку спланаваў, што трэба зрабіць, – сам гэты план і выконваю. Сёння да абеду з’ездзіў на дачу, скасіў траву. Пасля абеду, калі дождж не перашкодзіць, прыбяру яе ў кампостную яму, дадам крухмал – на наступны год будзе перагной.
Летам работы хапае – то на дачы, то ў гаражы. А ўзімку больш чытаю. Узяўся за кнігі Васіля Яна. Прачытаў «Чынгісхан» і «Батый», на чарзе «Да апошняга мора». Чытаў даўно, у юнацтве, цяпер захацелася ўспомніць, аднавіць колішнія ўражанні. Калі працаваў, на гэта часу не ставала.
Рэгіна Дрэма, вёска Ліпкі, працоўны стаж 31 год, на пенсію выйшла ў 55 гадоў:
– Пенсія мяне з гараджанкі, жыхаркі Вільнюса, зрабіла сялянкай. Адбылося гэта, праўда, яшчэ да выхаду на заслужаны адпачынак, але даты, напэўна, прынцыповай ролі не адыгрываюць.
Я нарадзілася і да 18 гадоў пражыла ў Ліпках. А потым, як і многія ў той час, выехала ў Вільнюс. Выйшла замуж, нарадзіла дачку, вучылася, працавала… Муж памёр, жылося цяжка, але не скардзілася. А выпрацаваўшы патрэбны для пенсіі стаж, вярнулася ў бацькоўскую хату. Завяла карову, свіней, курэй. Нанова вучылася сялянскаму жыццю, бо за гэты час многае змянілася. І мне яно падабалася! Я ўвогуле чалавек актыўны. Хутка мяне абралі старастам вёскі.
Старалася, чым магла, дапамагаць аднавяскоўцам.
І ў перадпенсійным узросце знайшла сваё жаночае шчасце: з Рыгорам мы ўжо 30 гадоў разам.
Гаспадарку цяпер звяла, засталіся толькі куры ды іх верны ахоўнік сабака Барсік. Але ні аб чым не шкадую і ні на што не наракаю, хіба што на здароўе, Зрэшты, на яго скардзіцца – марная справа, лепшым яно ад гэтага не стане.
Надзея Субач, аграгарадок Варняны, працоўны стаж 48 гадоў, на заслужаны адпачынак пайшла ў 68 гадоў:
– Жыццё на пенсіі навучыла спакою. На рабоце ж увесь час нешта трэба, некуды спяшаешся, з-за нечага нервуешся. А цяпер усё ціха, размерана. Жывём з мужам дзеля сябе, займаемся сваімі справамі: ён – садам-вінаградам, я – домам ды агародам.
Шмат чытаю. Увогуле кнігі былі ў маім жыцці заўсёды. Якой бы занятай ні была, а перад сном хоць 10 старонак павінна перагарнуць. А цяпер не абмяжоўваю сябе ні часам, ні старонкамі, здараецца, што і да поўначы кнігу з рук не выпускаю. Шмат новых цікавых выданняў выходзіць. Але і тыя, што некалі ўразілі, люблю перачытаць, успомніць, параўнаць ранейшыя думкі і адчуванні з сённяшнімі. «Майстар і Маргарыту» Булгакава нядаўна аднавіла ў памяці, цяпер «Пятра І» чытаю. Нядаўна па падказцы знаёмай адкрыла для сябе Тамару Пяткевіч: вельмі ўразіла яе біяграфічная кніга «Жизнь – сапожок непарный». Шкада, што фонд у нашых бібліятэках не вельмі багаты, цікавых навінак мала. Колішняя вучаніца выручае, кнігі прывозіць. Унукі электронныя дапамагаюць скачваць. Яны таксама шмат чытаюць.
Часта ездзім у Мінск. Люблю пагуляць у батанічным садзе, Дзеці час ад часу бяруць нам білеты на цікавыя імпрэзы – пабывалі на канцэртах Алегравай, Кіркорава, Меладзе, іншых зорак.
Не скажу, што жыццё на пенсіі сумнае ці нецікавае. Яно – спакойнае.
Фото Юрия Горида