Дзе лепш жыць – у горадзе ці ў вёсцы, разважаюць жыхары Астравеччыны

16:00 / 27.07.2025
Адны сумна ўздыхаюць: добра там, дзе нас няма. Другія радасна ўсміхаюцца: добра там, дзе мы ёсць. Трэція шукаюць залатую сярэдзіну… А дзе лепш жыць – у горадзе ці ў вёсцы? З гэтым пытаннем наш карэспандэнт звярнуўся да жыхароў Астравеччыны.

Андрэй Міхно, нарадзіўся і вырас у Варнянах, жыве ў пасёлку Гудагай, жыў у Маскве і іншых гарадах:

– І ў вёсцы, і ў горадзе ёсць плюсы і мінусы. У горадзе больш магчымасцей для развіцця дзяцей – розныя гурткі, секцыі. У вёсцы спакайней, але работы болей, яна ніколі не заканчваецца. У гарадскіх жыхароў больш вольнага часу, але яны скардзяцца, што ў кватэры цесна, шумна…

Хоць, як па мне, то няважна, дзе жыць, галоўнае – з кім. Нездарма кажуць: калі ў сям’і мір ды лад, то гэта самы лепшы скарб.

Аляксей Мікалаевіч (прозвішча назваць адмовіўся), усё жыццё пражыў у вёсцы, на схіле гадоў дачка забрала ў Астравец (без фота): 

– У вёсцы тым добра, хто сілу мае. А як старасць пры­ходзіць, то ніякай магчымасці няма самому спраўляцца. Паліва прывезці, траву пакасіць, плот падладзіць – усё некага прасіць трэба. А прыходзіць час, што і печку выпаліць ці вады са студні выкруціць сілы не стае. А ў горадзе кран адкруціў – і пацякла, хочаш – гарачая, хочаш – халодная. Тэлевізар паглядзеў, газету пачытаў, на вуліцу выйшаў, на сонцы пагрэўся… Ніякіх табе турбот, ніякіх клопатаў.

Што ў той свінні: наеўся – і логава… 

Ірына Герасім, усё жыццё пражыла ў вёсцы Ізабеліне:

– У вёсцы, вядома ж, лепш! Калі старасць падступіла ды хваробы наваліліся, дзеці не раз прапаўноўвалі прадаць хату і купіць кватэру ў горадзе. А я ім кажу, што ў горадзе памру. Што там рабіць? А тут то градку, хоць не могучы, прапалю, то кветачку панюхаю, то ягадку сарву… Не, у вёсцы ў сто разоў лепей! 

Я ніколі і не жыла ў горадзе. У Ізабелінах нарадзілася, за тутэйшага хлопца замуж пайшла і ўсё жыццё пражыла. Тут і паміраць буду!

А дзеці, хоць і раяць мне ў горад перабірацца, самі вёску любяць. Двое ў Бялькішках жывуць, а меншы ў Лідзе кватэру мае, але і дом у вёсцы таксама: і курэй там трымае, і коз, і авечак. 

Вольга Яхімовіч, нарадзілася і вырасла ў Кемелішках, жыве ў Астраўцы, мае дачу:

– Вядома, у вёсцы лепш! Пры ўмове, што ёсць машына. Жыць у гарадской кватэры на пятым паверсе – пакута: кожны рух, гук, стук, твой ці суседскі – усе ўсё чуюць і бачаць.

Была б магчымасць, я б на дачы і жыла. Там доб­ра, утульна. На работу прыехаць – не праблема, у вялікіх гарадах людзі даўжэй дабіраюцца. Сістэма інтэрнэт-гандлю цяпер настолькі развітая, што любы тавар можна заказаць і яго дахаты прывязуць хоць у горад, хоць у вёску. Калі ёсць нейкія гарадскія клопаты, то можна ахвяраваць адзін дзень і ўсё вырашыць.

Я б з задавальненнем жыла ў вёсцы. Але для гэтага патрэбна, каб у сям’і было як мінімум дзве машыны… 

Леанід Жакун, жыхар аграгарадка  Гервяты, усё жыццё пражыў у вёсцы: 

– Хто дзе прывыкне, як прыстасуецца, таму там і лепш. Усюды свае асаблівасці. У вёсцы, вядома, цяжэй, трэба шмат працаваць. Але я ўсё роўна ў горадзе не змог бы жыць. Не з маім характарам! Мне трэба рухацца, нешта рабіць. Во, унукі прыехалі: арэлі ім зрабіў, басейн паставіў. Цяпер дырэктарам аквапарка мяне празываюць. Жонка нешта ў інтэрнэце выглядзіць: зрабі! А я што? Слухаюся…

Вядома, у вёсцы цяжка. А ўсё роўна добра! 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива героев